Чацвер, 25 Люты 2016

Полацак: Спачатку людзей перасялілі, а пасьля прапанавалі вярнуцца назад у кватэры, якія сталі нягоднымі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Полацку сем'і пераехалі з жылога дому на час капітальнага рамонту, але будаўнікі на аб'екце так і не зьявіліся. І цяпер людзям прапануюць вярнуцца ў ранейшыя кватэры або заплаціць за работу са сваёй кішэні.

Ацяпленьне – пячное, вада – толькі халодная, выгоды і наогул на вуліцы. Гэта стандартнае начыньне ўсіх кватэр у гэтым доме. Пра такія ўмовы, жыхары спадзяваліся, забудуць назаўжды. На час доўгачаканага капітальнага рамонту іх нават перасялілі. Празь некалькі гадоў прапанавалі вярнуцца назад, дзе ўсё тыя ж счарнелыя сьцены і старыя падлогі.

Каб квадратныя мэтры зноў набылі тыпавыя спажывецкія якасьці, жыхары не перастаюць абабіваць парогі розных ведамстваў. У жыльлёва-камунальнай управе тлумачаць, пачалі з распрацоўкі праектна-каштарыснай дакумэнтацыі, затым шматлікія экспэртызы. На ўнясеньне зьменаў і дадаткаў спатрэбілася багата часу.

Без ацяпленьня дом прастаяў дзьве зімы. За гэты час кватэры зусім сталі непрыдатнымі для пражываньня. У якасьці альтэрнатывы гора-ўладальнікам прапанавалі прафінансаваць доўгачаканы рамонт самастойна – а гэта без малога 3 мільярды рублёў.

Досьвед капітальнага рамонту такіх самых дамоў у Полацку ўжо ёсьць. Праўда, сумы, запэўніваюць камунальнікі, вялікія. Кошт рэканструкцыі аднаго старога квадратнага мэтру абыходзіцца на 30% даражэй, ніж будаўніцтва новага жытла. Пры гэтым на правядзеньне капітальнага рамонту за кошт бюджэтных сродкаў законам вызначаны ліміт. Вось і выходзіць: на чатыры кватэры выдаткі калясальныя.

70-гадовы будынак аварыйным не прызналі, таму пра будаўніцтва новага дому не вядзецца. Аднавіць падлогі ў кватэрах камунальнікі абяцаюць задарма, праўда, распачаць гэтую работу змогуць толькі пасьля рамонту ўсіх печак, але ўжо за кошт жыхароў. У дадатак усім уладальнікам трэба будзе сваю жылплошчу прыватызаваць, а пакуль пражываньне ў падменным жытле ім працягнулі на год.

Алег Шапель, ont.by