Чацвер, 19 Жнівень 2021

Улады прыступілі да ліквідацыі дабрачыннай установы «Прастора поспеху»

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

З 15 ліпеня 2021 года Наваполацкі гарадскі выканаўчы камітэт прыступіў да ліквідацыі дабрачыннай сацыяльна-інфармацыйнай установы «Прастора поспеху». Гэтае грамадскае аб'яднанне было зарэгістраванае ў якасці юрыдычнай асобы ў чэрвені 2016 года ў пасёлку Баравуха Полацкага раёну.

Прычына закрыцця ўстановы чыста фармальная: «неажыццяўленне камерцыйнай арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці цягам 24 месяцаў запар».

Установа «Прастора поспеху» – грамадская арганізацыя з некамерцыйнай скіраванасцю і займалася збольшага рэалізацыяй адукацыйных міні-праектаў для жанчын і моладзі.

Паводле інфармацыі, якая размешчаная на старонцы арганізацыі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», актывісты ўстановы займаліся не палітычнай дзейнасцю, а дапамагалі жанчынам навучацца практычным навыкам сацыяльнай камунікацыі і ўзаемадзеяння. Былі праведзеныя трэнінгі: «Я ў сям'і», «Дзеці і падлеткі: дазволіць або забараніць?», «Матывацыя да захавання здароўя». Яны былі накіраваныя на паляпшэнне камунікацыяў у семʼях, мінімізацыі канфліктаў і іх вырашэнню, а таксама прапагандавалі здаровы лад жыцця.

Трэнінг па арт-тэрапіі «Прамяністая жанчына» навучаў разбірацца ва ўнутраных праблемах і прымяняць атрыманы падчас навучання досвед у розных жыццёвых сітуацыях – як дома, так і на працы.

У выпадку закрыцця ўстановы «Прастора поспеху» ўлады на доўгі час пазбавяць жанчын Баравухі магчымасці вучыцца цывілізавана вырашаць сямейныя праблемы.

Фактычна чыноўнікі, якія вырашылі ліквідаваць установы «Прастора поспеху», парушылі права грамадзян на асацыяцыі. Такія дзеянні есць грубым парушэннем Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Але беларускія ўлады даўно адмовіліся ад сваіх міжнародных абавязкаў у сферы правоў чалавека.

Міхась Пісараў