Аварыя і лекаваньне
6 лістапада 2017 году Андрэй Відарэнка з жонкай на ўласнай машыне вяртаўся з кіеўскага аэрапорту Барыспаль у родны Віцебск. За чатырнаццаць кілямэтраў ад украінскай сталіцы трапіў у аўтакатастрофу: ягоны легкавік зьбіла грузавая машына. У выніку аварыі віцябчук атрымаў шматлікія цялесныя пашкоджаньні, пераломы і ў непрытомным стане быў дастаўлены ў шпіталь гораду Барыспалю. Там яму зрабілі першую апэрацыю.
Праз восем дзён пацярпелага прывезьлі ў Віцебскую абласную лякарню. Лекаваньне цягнулася тры месяцы, пасьля чаго чатыры месяцы доўжыўся курс рэабілітацыі. Агулам папраўка заняла сем месяцаў. Калі лісток непрацаздольнасьці закрылі, паўстала пытаньне аплаты бальнічных за ўвесь пэрыяд тэрапіі.
ФСАН запатрабаваў доказаў невінаватасьці пацярпелага у часе ДТЗ
Да хваробы бацька шматдзетнай сям'і (трое дзяцей) працаваў індывідуальным прадпрымальнікам. Ён рэгулярна сплачваў страхавыя ўнёскі ў ФСАН ды ўсе прадугледжаныя падаткі, таму й разлічваў на выплату па бюлетэнях у поўным аб'ёме.
Калі Андрэй Відарэнка зьвярнуўся да інспэктаркі ФСАН Кастрычніцкага раёну Віцебску, тая падлічыла, што яму павінны выплаціць 1,6 тыс. беларускіх рублёў, і запатрабавала дакумэнты, якія б праясьнялі абставіны, пры якіх грамадзянін атрымаў траўмы. Пацярпелы перадаў ёй схему дарожна-транспартнага здарэньня ды фотаздымкі разьмяшчэньня транспартных сродкаў пасьля аварыі, але гэтага аказалася замала.
Толькі празь месяц спадару Відарэнку патэлефанавала начальніца Кастрычніцкага аддзелу ФСАН і паведаміла, што яму ня могуць аплаціць бальнічны, паколькі ні СК Беларусі, ні іншыя афіцыйныя арганізацыі, у якія былі дасланыя запыты, ня маюць дакумэнтаў, якія б засьведчылі яго невінаватасьць падчас атрыманьня траўмаў.
Кажа пацярпелы:
– Я абурыўся, бо ФСАН ня мае і сьведчаньняў маёй вінаватасьці. Якім чынам я магу быць вінаватым, калі ўвесь быў пераламаны? У адказ чыноўніца працытавала мне дакумэнт, які тлумачыў, што дапамога па непрацаздольнасьці можа быць выплачаная толькі тады, калі траўма атрыманая ня ў выпадку злачыннага дзеяньня з майго боку. Я здзівіўся, бо што дае ім падставы думаць, што я замешаны ў нейкім злачынстве?
Нейкі час я пачакаў, а затым напісаў афіцыйную скаргу ў абласное аддзяленьне ФСАН. Адказ прыйшоў двухсэнсоўны, з шматлікімі адсылкамі да заканадаўчых актаў, на падставе якіх мне не аплачваецца бюлетэнь. Я праверыў усе спасылкі, пералічаныя чыноўнікамі, і пабачыў дзіўную рэч: у сваім адказе абласная структура ФСАН вытлумачыла афіцыйны закон, кіруючыся выключна сваім ўласным меркаваньнем.
Хаджэньне па габінэтах
Каб разьвязаць сытуацыю, Андрэй Відарэнка зьвярнуўся ў Камітэт дзяржкантролю па Віцебскай вобласьці, пасьля ў пракуратуру. Супрацоўнікі апошняй параілі яму накіраваць патрабаваньне аднавіць справядлівасьць у Рэспубліканскі ФСАН. Але вынікам працяглага ліставаньня сталі толькі адпіскі. Урэшце грамадзянін пайшоў да юрыстаў:
– Тыя кампэтэнтна патлумачылі мне, што згодна зь дзейным заканадаўствам дзяржаўным органам даецца ўсяго месяц на дасьледаваньне факту побытавай траўмы. Калі ж за гэты тэрмін яны нічога ня высьветляць, то будуць абавязаныя аплаціць мне бальнічны. І калі ж у далейшым высьветліцца, што траўма была атрыманая ў выпадку нейкага майго злачыннага дзеяньня, то толькі тады яны здолеюць запатрабаваць ад мяне вяртаньня атрыманых сродкаў. Але ў кожным разе яны былі абавязаныя своечасова надаць мне дапамогу.
Чыноўнікі ФСАН на тры месяцы пратэрмінавалі аплату бальнічнага, і ніхто зь іх не папрасіў прабачэньня ў пацярпелага за змарнаваны ім час, грошы, нэрвы. Тры месяцы яго сям'я была абмежаваная ў матэрыяльных сродках, але найгалоўнейшае: дзяржаўныя службоўцы парушылі правы грамадзяніна.
Каб давесьці сваю невінаватасьць, віцебчуку разам з жонкай давялося на дзесяць дзён паехаць у Кіеў і праз суд дамагацца доказу адсутнасьці яго віны. Пасьля звароту да ўкраінскага адваката справу ўдалося зрушыць зь мёртвага пункту. Праз тыдзень-паўтара пасьля таго, як сужэнцы вярнуліся ў Беларусь, той даслаў дакумэнт, які ўтрымліваў доказы адсутнасьці злачынных дзеяньняў з боку пацярпелага падчас атрыманьня траўмы.
Аднак на гэтым пацярпелы вырашыў не спыняцца
Свае правы Андрэй Відарэнка намераны адстойваць праз суд. Зьбіраецца запатрабаваць ён і маральную кампэнсацыю.
– Як мне растлумачылі юрысты, толькі праз суд я магу вярнуць змарнаваныя сродкі. Законы ў нашай краіне добрыя, але многіх, і мяне ў тым ліку, хвалюе, як яны выконваюцца на месцах. За той час, што я дамагаўся справядлівасьці, сустрэўся зь людзьмі, якія таксама пацярпелі ад самавольства чыноўнікаў. Я бачу, што гэта вялікая праблема для законапаслухмяных людзей, якіх насуперак заканадаўству вымушаюць даказваць сваю невінаватасьць. Для мяне гэта барацьба за справядлівасьць, гонар і годнасьць. Мяне, як грамадзяніна, як мужчыну, паставілі ў прыніжаны стан, калі я вымушаны выступаць у ролі нейкага просьбіта. І гэта пры тым, што я працаваў, рэгулярна аплачваў усе неабходныя падаткі, унёскі ды наогул зьяўляюся законапаслухмянай асобай, – кажа Андрэй Відарэнка.
Кампэтэнтны камэнтар
Валер Місьнікаў, былы выкладчык права, сябра РЭП, камэнтуючы сытуацыю з адмовай у аплаце пацярпеламу лістка часовай непрацаздольнасьці, назваў бюракратычны падыход «чынавенскай адсябецінай, самавольным вытлумачэньнем заканадаўства, бюракратычным зьдзекам з асобы»:
– Згодна з прававымі нормамі пацярпелы ня мусіць даказваць сваю невінаватасьць. Тым больш што ў гэтым выпадку праваахоўныя органы не абвінавачваюць грамадзяніна ў зьдзяйсьненьні злачынных ці супрацьпраўных учынкаў. Але чыноўнікі ўсё адно ідуць на сьвядомае парушэньне заканадаўства. Дадатковым сьведчаньнем ягонай невінаватасьці ёсьць і наданьне МРЭК групы інваліднасьці пацярпеламу і выплата па ёй дапамогі.
Зьвярніце таксама ўвагу на абсурднасьць сытуацыі: начальнік ФСАН адмаўляе не на падставе прынятага рашэньня органа, якім ён кіруе, а на падставе свайго суб'ектыўнага меркаваньня ці, хутчэй, сваіх домыслаў, якія ні на чым не грунтуюцца. Рэч тут у тым, што ў Беларусі дамінуе практыка, пры якой ФСАН, выканаўчая ўлада, наглядная ўлада, пракуратура, заканадаўчая ўлада, суды прымаюць агульнае рашэньне, зыходзячы з пасадавай мэтазгоднасьці, а не з адстойваньня правоў простага чалавека.
С. Горкі