Пятніца, 16 Люты 2018

У вёсцы водаправод не працуе тры гады, але праблема турбуе толькі вяскоўцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вёска Тапорына Віцебскага раёну – прыклад тыповага населенага пункту сучаснай Беларусі, дзе пасьля развалу сельгаспрадпрыемства эканамічнае жыцьцё цалкам спынілася, а працаздольнае насельніцтва зьехала ў пошуках заробку. Як цяпер выжываюць вяскоўцы, што засталіся, даведаўся наш карэспандэнт.

Не зважаючы на тое, што саўгас «Заронава», да якога некалі належала Тапорына, быў квітнеючай гаспадаркай, а бычкоў з тапорынскай фэрмы вазілі на выставу ў Маскву, працэс развалу калгасна-саўгаснай сыстэмы не абмінуў і гэтую вёску. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, пры дырэктару саўгасу Валеру Берманту ў Тапорына гадавалі цялят, была свая конефэрма, а навакольныя палі буялі засеяным збожжам. Працы хапала ўсім.

Цяпер пра колішні дабрабыт нагадваюць бадай што напаўразбураная фэрма, іржавая воданапорная вежа і пяць калёнак уздоўж заасфальтаванай вясковай вуліцы, зь якіх вада не цячэ ўжо тры гады. І якраз адсутнасьць цывілізаванага водазабесьпячэньня сягоньня застаецца самым актуальным пытаньнем для вяскоўцаў. Бо два грамадзкія калодзежы ў вёсцы, дзе пераважную большасьць жыхароў складаюць пэнсіянэры, не вырашаюць пытаньня з вадой.

Іна Ціханенка жыве ў доме васьмідзесяцігадовай маці. Звольнілася з працы, каб даглядаць  старую. Ніякай сацыяльнай дапамогі яна не атрымлівае, жыць даводзіцца за матчыну пэнсію. І калі раней дзяржава аплачвала догляд асобаў, якія дасягнулі васьмідзесяцігадовага ўзросту, то цяпер такі клопат цалкам перакладзены на плечы сваякоў.

Вось што распавяла спадарыня Іна пра сваё жыцьцё ў вёсцы:

– Найвялікшая праблема для нас – гэта адсутнасьць водаправоду. Раней было пяць калёнак на вёску, але тры гады таму згарэў электрарухавік, і водазабесьпячэньне спынілася. У сельскім савеце прапанавалі жыхарам скласьціся і купіць новы рухавік, але адкуль у людзей грошы? Жывуць на невялікія пэнсіі. На ўсю вёску цяпер два грамадзкія калодзежы, у адным зь якіх вада ня лепшай якасьці. І калі маёй маці да калёнкі ад весьнічак было тры мэтры , то калодзеж наводшыбе вёскі. Дайсьці да яго старой ужо не па сілах, а з калёнкі хаця б тры літры яна пры патрэбе магла прынесьці.

Багацейшыя здолелі выкапаць прыватныя студні, але яны зачыненыя, і карыстацца імі не выпадае.

Сваіх дэпутатаў мы ў вёсцы ня бачылі, і веры ім няма. Ніхто зь іх ніколі не падыйшоў, не пацікавіўся, як жывуць людзі. Хадзілі толькі тады, калі іх трэба было выбіраць.

Магазына ў вёсцы няма, але два разы на тыдзень прыяжджае аўтакрама.

Хвалюе вяскоўцаў і яшчэ адна праблема: непакоіць, што зрабілі з нашым бярозавым гаем, зь якога мы карміліся. Цяпер у лес немагчыма ўвайсьці, такі бардак. Прыватнікі, вывозячы дрэвы, парэзалі зямлю коламі. Выразалі ўсё, а гальлё пакідалі. У добрых гаспадароў на месцы вырубкі новы лес садзяць, а ў нас усё засьмечанае, улетку ўсё зарасьце і туды носу не пакажаш. Такі лес быў, можна было ў красоўках хадзіць, грыбы зьбіралі, а цяпер там ногі зломіш. Да таго ж баршчавік прыйшоў ужо ў вёску, але нікому справы няма. Змагаемся самі, як можам.

Юры Дарожкін, муж Іны, мае кватэру ў Заронаве, але цяпер жыве ў цешчы і працуе ў Расеі. Далучаючыся да размовы, мужчына кажа:

– Вось бачыце гэтую загваздку ад калёнкі, я яе адмыслова выцягнуў, каб не здалі на мэталялом. Спадзяваўся на тое, што некалі спатрэбіцца. Я зараз працую ў Маскве, месяц там, некалькі дзён тут. Трэба неяк выжываць, бо тут ніякай працы няма. У мяне правы трактарыста і кіроўцы першае клясы. Усё жыцьцё, можна сказаць, адпрацаваў у саўгасе. Развал пайшоў – нікому не патрэбны. У адну арганізацыю прыйшоў, у другую. Не бяруць.

– Трактарысты патрэбныя? – пытаюся.

– Так, трактарысты патрэбныя. А колькі Вам год?

– Пяцьдзесят сем, – адказваю.

– Вось, калі б Вам было хаця б пяцьдзесят пяць, узялі б.

Саўгас «Заронаўскі» быў, наймацнейшы. Тут у нас, у Тапорыне, была фэрма, бычкоў гадавалі. У Маскве на ВДНГ першыя месцы займалі. Развалілі. Конефэрма была ў вёсцы, шэсьцьдзесят коней утрымлівалі. А цяпер заняпад ня толькі тут, але і ў Пестуніцы, і ў Варашылах, і ў Суйкаве… Раней у горад ніхто ня торгаўся. Тут працы хапала. Цяпер няма. Моладзь уся ў Віцебску.

З былой фэрмы увесь мэталь выразалі.

Калі мясцовым дэпутатам выкажаш нейкія прэтэнзіі, першым ворагам станеш. Таму веры ім няма.

У нашым лесе прыватнікі напаскудзілі, але ўлады ўвагі на тое не зьвяртаюць. А вось калі б я палку нейкую высек, то аштрафавалі б па поўнай. Аддалі б тое гальлё, што прыватнікі панакідалі, людзям на дровы. І парадак быў бы, і людзям добра. За нашай лазьняй расьце лаза, а на дровы высечы не дазваляюць. Ці такі падыход можна назваць гаспадарскім?

Юры Дарожкін разам з жонкай зрабіў для журналістаў экскурсію па вёсцы. Распавёў пра колішні дабрабыт. Асабліва шкадаваў пра зьнішчаную фэрму, якую яшчэ можна было выкарыстоўваць па прызначэньні. Вёска прыгожая, дамы дагледжаныя. Улетку бацькоўскія хаты наведваюць шмат гараджанаў. Ёсьць тут і аграсядзіба, але, як кажуць вяскоўцы, гаспадар яе прадае, бо няма цывілізаванага водазабесьпячэньня.

Сустрэча з прадстаўнікамі СМІ стала для вяскоўцаў апошняй надзеяй на тое, што ўлады нарэшце іх пачуюць, хаця надзеяў на тое ў іх мала. Перад прыездам журналістаў Іне Ціханенцы патэлефанавалі з сельскага савету і папярэдзілі, каб як меней казалі, бо ўсё адно гэта не дапаможа.

С. Горкі