На пачатку чэрвеня сайт «Віцебская вясна» распавёў гісторыю, як цягам ужо двух гадоў грамадзяне імкнуцца змусіць гарадзкія ўлады перанесьці ў іншае месца пляцоўку для выгулу сабакаў. Пляцоўка пабудаваная з парушэньнем санэпідэміялягічных нормаў і нават, як даведаліся актывісты, не знаходзіцца на балянсе ЖРЭТ Першамайскага раёну.
З боку ўлады на сустрэчы прысутнічалі некалькі чыноўнікаў, але большасьць зь іх грамадзкім актывістам так і не прадставіліся. Кіраваў сустрэчай намесьнік старшыні аблвыканкаму Ўладзімер Белавус. Прысутнічаў і галоўны санітарны лекар Віцебскай вобласьці Ўладзімер Сінкевіч.
Грамадзкіх актывістаў зьдзівіла акалічнасьць: калі намесьнік старшыні аблвыканкаму запытаў чыноўнікаў пра санітарныя нормы арганізацыі і ўтрыманьня пляцовак для выгулу сабакаў, ніхто ня здолеў іх агучыць. Калі ж актывістка Ірына Захарава паспрабавала зрабіць гэта замест прадстаўнікоў улады, Уладзімер Белавус перапыніў яе і паведаміў, што хацеў бы пачуць пра нормы менавіта з вуснаў службовых асобаў.
На сустрэчы актывісты ўжо каторы раз выказалі ўладам сваё катэгарычнае патрабаваньне закрыць пляцоўку, не пагадзіўшыся на прапанову спадара Белавуса пакінуць усё як ёсьць, але навесьці належны парадак на месцы выгулу і стала яго падтрымліваць. Пасьля закрыцьця сабачай пляцоўкі грамадзяне прапанавалі абсталяваць тут паўнавартасную дзіцячую пляцоўку.
Кажа Ірына Захарава:
– На сёньняшнім прыёме мы агучылі свае прэтэнзіі адносна знаходжаньня агульнагарадзкой пляцоўкі для выгулу сабакаў у нашым двары. Мы выказалі свае прэтэнзіі наконт блізкага разьмяшчэньня гэтай пляцоўкі да школы і жылога шматпавярховіка. Ня ведаем, якое канкрэтна прымуць рашэньне ўлады, але чакаем нейкіх зрухаў на нашу карысьць.
Нам нічога канкрэтна не паабяцалі, сказалі, што будуць вырашаць пасьля дасканалага вывучэньня праблемы. Ніхто нашых прэтэнзіяў аспрэчыць ня здолеў, бо мы абапіраліся на дзейную заканадаўчую базу. А паводле заканадаўства, адкрыцьцё і функцыянаваньне пляцоўкі ў нашым двары – цалкам незаконнае. Адкрылася яна без якога-небудзь узгадненьня з жыхарамі прылеглых да яе дамоў і, самае галоўнае, адлегласьць ад дому да пляцоўкі меншая за сорак мэтраў, як таго патрабуе закон.
Ці будзе нейкі плён ад сустрэчы, пакажа час. Але розгалас узнятая праблема атрымала шырокі. Надоечы нават афіцыйнае тэлебачаньне зьняла невялікі сюжэт пра гэта для перадачы «Времечко».
С. Горкі