Нядзеля, 25 Чэрвень 2017

Віцебскі абласны суд аднавіў сірату ў правох на сацыяльнае жытло

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аксана Юр'ева Аксана Юр'ева Фота: Вольга Шукайла, tut.by

Пра гісторыю Аксаны Юр'евай мэдыі распавялі у сакавіку 2016 году. У 23 гады дзяўчына страціла статус сіраты, не атрымала сацыяльнага жытла і неўзабаве павінна была стаць бамжом. Больш як год юрыст Ігар дапамагаў Аксане адстойваць у судох яе права на сацыяльнае жытло. Надоечы дзяўчына распавяла, што Аршанскі выканкам, згодна з рашэньнем суду, паставіў яе на ўлік маючых патрэбу.

Раней суд па аднаўленьні правоў Аксаны Юр'евай на сацыяльнае жытло праходзіў у Воршы, дзе яна атрымала статус сіраты. Паседжаньні па справе занялі больш за паўгода, але Аршанскі раённы суд адмовіў Аксане Юр'евай у задавальненьні пазоўнай заявы.

Юрыст Ігар (прасіў не называць прозьвішча і месца працы), які ўвесь гэты час бязвыплатна дапамагаў сіраце, палічыў тое рашэньне суду некарэктным: Аксана Юр'ева апынулася закладніцай сытуацыі, «калі яна ня ведала сваіх правоў, а тыя, хто ведаў, нічога не зрабілі». Выйшла так, што выканаўчыя камітэты ня вывучылі дасканала сытуацыю Аксаны, не ўказалі, дзе яна мусіла станавіцца на чаргу на сацыяльнае жытло. У выніку дзяўчына па дасягненьні 23 гадоў страціла статус сіраты, а дзяржава гэтак і ня вырашыла яе жыльлёвае пытаньне.

Дамагчыся справядлівасьці ўсё ж удалося. Аксана Юр'ева з дапамогай юрыста Ігара падала касацыйную скаргу ў Віцебскі абласны суд, які вынес станоўчае рашэньне.

Судовая калегія прыйшла да высновы, што месцам першапачатковага набыцьця статусу сіроты была Ворша (у Аршанскім выканкаме настойвалі на Талачыне). Акрамя гэтага, была пастаўленая і кропка ў пытаньні пра тое, чаму сірата ня стала на чаргу на сацыяльнае жытло да 23 гадоў – ніводная з установаў адукацыі, дзе вучылася і знаходзілася на апецы Аксана, пра гэта не падбала. За выключэньнем Пастаўскай школы-інтэрната, якая ў 2002 годзе зьвярталася ў Талачынскі райвыканкам, але там адмовілі, спаслаўшыся на тое, што Аксана ня ў іх атрымлівала статус сіраты. Далей ніякіх спробаў разабрацца не было.

Віцебскі абласны суд вынес рашэньне, згодна зь якім Аршанскі райвыканкам абавязаны паставіць Аксану Юр'еву на ўлік для паляпшэньня жыльлёвых умоваў у горадзе Воршы па асобным сьпісе ўліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Нядаўна Аксана атрымала афіцыйнае пацьверджаньне.

– Аршанскі райвыканкам паставіў на ўлік маючых патрэбу (з 2002 году, калі Аксана скончыла Пастаўскую школу-інтэрнат. – заўвага аўтара), у сьпісе 111-я, – распавядае Аксана. – Калі тэлефанавала ў райвыканкам, мяне папярэдзілі пра тое, каб не разьлічвала на хуткае вырашэньне жыльлёвага пытаньня – ні ў гэтым, ні ў наступным годзе. Але я і не разьлічвала на гэта. Галоўнае, што мяне паставілі на чаргу – зьявілася надзея на тое, што калі-небудзь у мяне будзе сваё жытло.

Тое, як скончылася гісторыя з Аксанай Юр'евай, шмат у чым залежала ня толькі ад яе самой, але і ад прафэсійнай дапамогі юрыста Ігара.

– Увесь працэс заняў цэлы год. Чаму я дапамагаў Аксане? Яе гісторыя – гэта як няштатная сытуацыя ў самалёце, калі выпадае кіслародная маска і ты павінен надзець яе спачатку сабе, а потым таму, хто побач. Лічыце, што я падзяліўся сваёй маскай, каб яна пачала дыхаць... Усё залежыць ад жаданьня дапамагчы, а не ад роду дзейнасьці. Калі б у людзей, якія нясуць за гэта адказнасьць, было жаданьне пачуць Аксану, у яе ўжо было б жытло.

Аксана Юр'ева дзякуе Ігару Аляксандравічу за юрыдычную і проста чалавечую падтрымку. Таксама выказвае падзяку ўсім неабыякавым людзям.

Алена Зуева, tut.by