Нядзеля, 19 Люты 2017

Жанчыны-апазыцыянэркі аб’ядноўваюцца для адстойваньня сваіх сацыяльных інтарэсаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жаночая суполка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі - Грамада (БСДП) абмеркавала, якія захады яны могуць рабіць супольна дзеля вырашэньня агульных праблем жанчын: беспрацоўе, нізкія заробкі і г.д. У сустрэчы ў Наваполацку ўдзельнічалі сябры партыі зь Віцебскай вобласьці і запрошаныя прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў Полацкага рэгіёну.

У сходзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі трох рэгіёнаў: Наваполацку, Воршы і Дрысы.

Складалі плян дзеяньняў

Удзельнікі сходу склалі плян захадаў на найбліжэйшую пэрспэктыву. Адна з ідэяў - стварэньне ў рэгіёнах жаночых клюбаў як базы для зносін жанчын, якія праяўляюць актыўнасьць і хацелі б больш ведаць пра тое, што адбываецца ў краіне.

Прадстаўнікі прафсаюзаў пра дыскрымінацыю жанчын

Прадстаўнікі незалежных і свабодных прафсаюзаў распавялі падчас сустрэчы аб праблеме дыскрымінацыі работніц у працоўнай дзейнасьці ў рэгіёне. Так, намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах казаў пра дыскрымінацыю жанчын падчас уладкаваньня на працоўныя месцы са шкоднымі ўмовамі працы. Пад выглядам клопату пра здароўе жанчын ім адмаўляюць у працаўладкаваньні па спэцыяльнасьцях са шкоднымі ўмовамі працы. Напрыклад, у ААТ «Полацак-Шкловалакно» жанчын не бяруць працаваць апэратарамі вытворчасьці бесьперапыннага шкловалакна.

Сацыял-дэмакраты - за актыўнасьць жанчын

У Віцебскай вобласьці жанчыны - сацыял-дэмакраты раней абралі прадстаўнікоў рэгіёнаў, якія на месцах будуць абмяркоўваць і кантраляваць сацыяльныя праблемы жанчын.

Каардынатар жаночай суполкі БСДП у Наваполацку Тацяна Трафімава распавяла пра прычыны актыўнасьці жанчын:

- Ідэі гендэрнай роўнасьці і супрацоўніцтва палоў, іх згоды і ўзаемаразуменьня набывае сёньня плянэтарнае значэньне, становяцца умовай сусьветнага разьвіцьця. Таму БСДП спрыяе праяве жанчынамі палітычнай і сацыяльна-эканамічнай грамадзкай актыўнасьці ў рэгіёнах.

Аляксандар Марозаў