У сучасным сьвеце, асабліва ў часы эканамічнага крызысу і палітычнай нестабільнасьці, заўважна павялічваецца колькасьць людзей з псыхічнымі захворваньнямі і памежнымі станамі. У гэткіх умовах паўстае праблема цывілізаванага суіснаваньня паміж грамадзтвам, названай катэгорыяй грамадзянаў і дзяржаўнымі органамі ўлады, якія такія адносіны рэгулююць.
Як распавядаюць жыхары пад'езду, пра псыхічны стан сваёй суседкі яны даведаліся пасьля таго, як тая ўкусіла касірку ў краме. Далей – болей: накідвалася некалькі разоў на людзей, біла лямпачкі ў пад'ездзе, клала лайно людзям пад дзьверы, вылівала памыі, ня кажучы ўжо пра надпісы на сьценах, дзьвярох і ў ліфце. Адна з жанчынаў пад'езду пацярпела ад яе, атрымаўшы па твары зьвязкай ключоў на мэталёвым ланцужку і заліўшыся крывёю...
Гадоў 5-6 таму жыхары пад'езду пісалі калектыўныя заявы, і суседку два разы адпраўлялі на прымусовае лекаваньне. Але цяпер звароты грамадзянаў чамусьці ігнаруюцца.
Напрыканцы мінулага году некалькі жыхароў пад'езду ў сувязі са зьяўленьнем на сьценах паміж 8-м і 9-м паверхамі новых надпісаў зьневажальнага зьместу зьвярнуліся ў Першамайскі РАУС з заявай. Заяўнікі, абапіраючыся на ранейшы досьвед і з улікам мастацкіх здольнасьцяў хворай на «шызафрэнічнае захворваньне» сп-ні С., выказалі меркаваньне, што сьцены папсавала менавіта апошняя. Міліцыянты правялі праверку і адмовілі заяўнікам у распачынаньні крымінальнай справы ў сувязі з «адсутнасьцю складу злачынства, прадугледжанага арт. 341 (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці) КК РБ». Паабяцалі, праўда, вырашыць «пытаньне наконт прызначэньня прымусовага агляду С.».
І сапраўды, неўзабаве людзі пабачылі, як хворую жанчыну міліцыянты выводзяць кудысьці ў кайданках. Быў спадзеў, што яе адправілі на лекаваньне, але праз два дні яна вярнулася дадому.
Гаворыць жыхарка пад'езду сп-ня Ганна:
– Распавяду вам пра дзіўную акалічнасьць у гэтай гісторыі: пасьля аднаго з нашых зваротаў, яна падыходзіць да мяне з ксэракопіяй супольнай заявы і задае пытаньне: «Ты распісвалася?» Гэткае ж пытаньне было зададзена ўсім, хто падпісаўся.
Пагрозы на мой адрас яна выказвала не аднойчы. Маўляў, мы ведаем твае палітычныя погляды і адправім куды трэба – у нас у КДБ у Менску сваякі працуюць. Мы табе пакажам. Гэта пры тым, што ні ў якія апазыцыйныя рухі і партыі я не ўваходжу, хаця маю свае ўласныя перакананьні.
У нашым жыцьці і так ня шмат нагодаў для радасьці. А тут яшчэ даводзіцца бачыць брыдкаслоўе на сьценах. Ніхто не рэагуе, а прадстаўнікі ЖКГ замалёўваць гэтую брыдоту не зьбіраюцца. Відаць, чакаюць часу, калі мы самі будзем рабіць рамонт пад'езду.
Адносна таго, хто зрабіў гэтыя надпісы, у мяне сумневу няма. Неяк я пачула ад С. наступную фразу: «Ганна, табе не падаецца, што надышоў час зьяжджаць да дачкі ў Ізраіль?» Празь нейкі час на сьцяне зьявіўся надпіс, які адпавядаў зьместу яе заўвагі.
Распавядае сп-ня К.:
– Рэч у тым, што мы банальна палохаемся выйсьці на пляцоўку, бо яна можа ня толькі абразіць, але і абпляваць, замахнуцца. Калі яна падымаецца да сябе ўвечары, то вылучае ва ўсім пад'езьдзе сьвятло, і калі табе «пашчасьціць» вяртацца ў той самы час, то адчуваньне ня надта ўтульнае. І хаця мужчынаў яна палохаецца і ў асноўным праяўляе агрэсію да жанчынаў, аднойчы быў выпадак, калі яна ўдарыла дзядзьку Славу.
Кажа сп-ня А.:
– Досыць абсурднай падаецца і рэакцыя міліцыі на ейныя надпісы. Чамусьці міліцыянты хадзілі па суседзях і апытвалі, ці насамрэч мы – алькаголікі, як яна піша. Зайдзіце да нас у кватэру, паразмаўляйце з намі – і вы зразумееце, што тут жывуць прыстойныя людзі. Яна паліла ў пад'езьдзе, біла ўначы па стаяку, не даючы людзям спаць, зьбіла нават суседку, кідалася з ножыкам, а мы ня можам зь ёй нічога зрабіць. Гэта нейкае дзіва. Нехта зь міліцыі даў ёй сьпіс заяўнікаў на ейнае прымусовае лекаваньне, і яна хадзіла па кватэрах і пагражала. Ці не абсурд?
Даць параду грамадзянам мы папрасілі лекара-псыхіятра, праваабаронцу Ігара Пастнова:
– Трэба пісаць заяву да галоўнага лекара Віцебскага псыханэўралягічнага дыспансэру. З улікам псыхічнага стану хворай, згодна з заканадаўствам будуць зробленыя неабходныя захады. Галоўнае, каб не было перагібаў і прэтэнзіі заяўнікаў адпавядалі рэальнасьці. У кожным разе, трэба разьбірацца асобна, тут ня ўсё гэтак проста. Тым больш, што дакладна не вядома, хто рабіў надпісы, бо за руку яе не злавілі. Калі яна сапраўды была на мэдычным аглядзе, і зь ёй было гэтак дрэнна, то пратрымалі б яе ня два дні, а месяц-два. Ва ўсялякім выпадку, трэба рабіць намаганьні, быць пасьлядоўнымі і настойлівымі. Можна запісацца на прыём да галоўнага лекара ВПНД і даведацца пра вырашэньне сытуацыі зь першых вуснаў.
P.S. Ужо пасьля таго, як матэрыял быў падрыхтаваны да публікацыі, ад жыхароў пад'езду стала вядома, што сп-ню С. уначы пры садзейнічаньні міліцыі забрала хуткая дапамога. Людзі кажуць, што тая нібыта ўцякла з мэдычнай установы, дзе праходзіла лекаваньне. У сувязі з гэтым у грамадзянаў узьнікае пытаньне: «Чаму праваахоўныя органы і мэдыкі марудзілі два тыдні? Рэч у тым, што суседка хворай жанчыны тэлефанавала ў міліцыю адразу пасьля таго, як пабачыла сьвятло ў вокнах ейнай кватэры і прасіла разабрацца».
https://vitebskspring.org/news/satsyyalnyya-pravy/item/2157-yak-abaranitstsa-ad-neadekvatnykh-pavodzinau-psykhichna-khvorykh-susedzyau#sigProId4b5fbc028c
С. Горкі