Чацвер, 03 Лістапад 2016

Як віцяблянін з сувязямі забраў у шматдзетнай маці машыну, фірму і катэдж за 250 000 $

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Глухманчук, Ірына Белкіна і яе сын Максім Аляксандар Глухманчук, Ірына Белкіна і яе сын Максім

Як атрымалася, што сёньня жанчына і трое яе дзяцей, двое зь якіх грудныя, а адзін сур'ёзна хворы, прапісаныя на 367,5 м², але ня могуць ані трапіць пад уласны дах, ані аформіць крэдыт, каб пабудаваць новы?

Поўная чаша: загарадны дом каля хвойніку, які сёньня ацэньваецца ў 250 000 $, уласны чайны бізнэс, асьпірантура па кардыялёгіі, некалькі аўтамабіляў, надзейны муж – так пачыналася гісторыя 43-гадовай шматдзетнай маці Ірыны Белкінай зь Віцебску. Вострасюжэтны працяг аповеду, які яна даслала ў рэдакцыю Gorod212.by, мог бы заняць адну-другую старонку энцыкляпэдыі крыміналу. Бо ў ім човен каханьня разьбіваецца ня толькі аб побыт, але і 11-гадовае старанна сплянаванае махлярства пад эгідай даволі вядомых людзей. Больш за 6 гадоў у судовым парадку віцяблянцы даводзіцца змагацца за сваю маёмасьць і атрымліваць толькі фармальныя адпіскі. Былы каханак і яго сваякі адмаўляюцца аддаваць некалі аформлены на іх катэдж у вёсцы Баронікі.

Ірына Белкіна пазнаёмілася з Аляксандрам Глухманчуком яшчэ ў школьныя гады. Першую і шчырую прапанову рукі і сэрца мужчына зрабіў сваёй даме яшчэ ў юнацтве, а паўторную і карысьлівую – праз шмат гадоў. За час расстаньня абое пасьпелі абзавесьціся сем'ямі. Лёс зьвёў іх ізноў, калі ад Ірыны, ардынатара мэдычнага ўнівэрсытэту, сышоў першы муж, а бабуля, якая выхавала яе, знаходзілася пры сьмерці. Тады Аляксандар Глухманчук, лябарант катэдры нэўралёгіі ВДМУ, як вельмі дарэчы прапанаваў падтрымку засмучанай жанчыне. За год да міленіюму яны пачалі сумеснае жыцьцё: вялі агульную гаспадарку і выяжджалі на адпачынак за мяжу. Лятэнтнага альфонса зусім не бянтэжыў маленькі Максім. Сын Ірыны перанёс не адну апэрацыю і вымагаў адмысловага догляду. Хлопчык аж дагэтуль пакутуе на рэцыдывавальныя алергічныя захворваньні бронхалёгачнай сыстэмы, прыроджаную паталёгію органаў мачавылучэньня і парушэньні сардэчнага рытму.

Жанчына прадала 2-х пакаёвую кватэру, у якой яны жылі, і 3-х пакаёвую, якая дасталася ў спадчыну ад маці. На атрыманыя грошы купіла прыватны дом у экалягічна чыстым раёне і стварыла для дзіцяці ўмовы, рэкамэндаваныя лекарамі. Каб пазьбегнуць магчымай канфіскацыі маёмасьці, катэдж за 30 000 $ грамадзянскі муж Аляксандар Глухманчук пераканаў аформіць на сябе і яго сваяцкую сям'ю Баранкоў (дзядзьку і яго жонку). На той момант на Ірыну была заведзеная крымінальная справа за кантрабанду, сфабрыкаваная каханым сужытнікам. Яна была закрытая за адсутнасьцю складу злачынства толькі праз паўтара году.

«З матэрыялаў крымінальнай справы становіцца відавочным, што Саша схаваў пад абшыўкай багажніка майго аўтамабіля радыёдэталі, якія зьмяшчаюць каштоўныя мэталы, а пасьля паведаміў супрацоўнікам КДБ, дзе іх варта шукаць. Ён ведаў, што мне трэба будзе перасякаць беларуска-летувіскую мяжу. Аднак пракуратура неабгрунтавана адмовілася ўлічваць гэтыя факты. Натуральна, што тады я лічыла Глухманчука сваёй сям'ёй і задаволілася вуснай дамоўленасьцю пра будучае пераафармленьне набытай нерухомасьці на мяне. Аднойчы ў доме знайшла дыктафон з запісамі, дзе былы спрабаваў задаваць мне правакацыйныя пытаньні. Як бачыце, захоп маёй уласнасьці быў сплянаваны, і да цяперашняй вайны ён рыхтаваўся сур'ёзна. Усё гэта было зроблена пры актыўным ўдзеле яго маці Валянціны Пятроўны», – камэнтуе Ірына.

Адмова пракуратуры Віцебскай вобласьці ад 23.10.2014 ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да Глухманчука А.А.

«У 2007 годзе мы афіцыйна аформілі шлюб. Як-ніяк з гэтага моманту я стала ўзьнімаць пытаньні наконт сваіх маёмасных правоў, але адказаў не знаходзіла. У гэты час былы муж чакаў з майго боку канчатковага ўкладаньня сродкаў у добраўпарадкаваньне дому. Не адчуваючы аддачы і хоць нейкай дапамогі, праз тры гады я падала на развод. Зьвярнуцца ў суд Віцебскага раёну з просьбай прызнаць несапраўднай дамову куплі-продажу мяне змусіў пазоў Глухманчука і Баранкоў на маё зь дзіцем высяленьне. Саша патэлефанаваў мне за два дні да прызначанага чарговага паседжаньня і заявіў, што рашэньне ўжо прынятае на яго карысьць на ўзроўні абласнога суду. Ведаеце, так і адбылося. Раённы, абласны суды мне адмовілі. Паводле шаблёну прыйшоў адказ зь Вярхоўнага суду пра недастатковую колькасьці доказаў. Падобна да того, што гэтакае ляяльнае да яго стаўленьне з боку названых структур абумоўленае тым, што яго хросным бацькам зьяўляецца былы бурмістар гораду Федарчук М.А., які неаднаразова вырашаў яго праблемы на маіх вачох. Па абарону ад карупцыйнай ўлады я зьвярнулася да рэдактара аддзелу журналісцкіх расьсьледаваньняў і крымінальнай хронікі газэты «Рэспублiка» Леаніда Юнчыка, у органы апекі і папячыцельства, а таксама ва Ўпраўленьне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму. Дзякуючы іх абароне мы з сынам засталася прапісаныя ў Бароніках, але бяз права ўласнасьці. Тады Глухманчук паспрабаваў выселіць нас хаця б на правох кватарантаў у яго 2-х пакаёвую кватэру ў спальным раёне. Але было атрымана заключэньне пра немагчымасьць перасяленьня дзіцяці ў сувязі з ушчамленьнем жыльлёвых правоў, магчымым пагаршэньнем здароўя і псыхічнага статусу», – распавядае Ірына.

Аб разглядзе скаргі Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь ад 11.08.2014 на рашэньне суду Віцебскага раёну адмовіць у пазове да Глухманчука А.А., Баранок І.А., Баранок М.П., ​​Гендэля В.Е. аб прызнаньні несапраўднай у частцы дамовы куплі-продажу зямельнага ўчастку і разьмешчанага на ім жылога дому, прызнаньні права ўласнасьці на домаўладаньне (Белкінай І.В.) па адрасе г. Віцебск, вул. Аксакаўская, 17

Вытрымкі з пратаколу папярэдняга судовага паседжаньня ад 7 ліпеня 2010 году сьведчаць, што мужчына ня толькі прыпісвае сабе куплю дому і нядбала ставіцца да Ірыны, але і адмаўляе іх грамадзянскі пэрыяд, неаднаразовыя паездкі да мора, апякунства:

«Федарчук сапраўды мой хросны бацька, але гэта было за савецкай уладай. Цяпер ён пэнсіянэр і ў мае справы ня ўмешваецца.

Я сустракаўся на той момант ня толькі зь ёй, але і зь іншымі жанчынамі. Але жыць я зь ёй ня жыў, і ніякай гаспадаркі ў нас не было. Я тады не зьбіраўся зь ёй рэгістраваць шлюб.

Я сапраўды езьдзіў зь Белкінай адзін раз у Летуву да куплі дому. Гэта была дзелавая паездка. Я яе вазіў туды проста як кіроўца».

У сямейным коле. Крайнія справа – Ірына Белкіна, яе сын Максім і Аляксандар Глухманчук

Адпачынак на моры. Ірына Белкіна і Аляксандар Глухманчук

Адпачынак на моры. Ірына Белкіна, яе сын і сын Аляксандра Глухманчука ад першага шлюбу

Адпачынак на моры. Аляксандар Глухманчук і сын Ірыны Белкінай

«Што тычыцца сям'і Баранкоў, то яны ў спрэчным доме ніколі не пражывалі, камунальныя паслугі і падатак на зямлю не аплачвалі. На судзе давалі супярэчлівыя паказаньні, а ў большасьці адказаў абмяжоўваліся фразай «ня ведаю», «ня памятаю», – кажа Ірына. – Больш таго, яны публічна заявілі, калі я з Глухманчуком дамоўлюся, то прэтэндаваць на дом ня будуць. Мікалай Баранок сказаў, што ня меў патрэбы ў гэтым жытле, Ірына прасіла яе ў гэтую справу ня ўцягваць. Потым Баранкі памянялі паказаньні і прыйшлі да меркаваньня, што гэты дом іхны, і купілі яго яны».

Фрагмэнт з пратаколу папярэдняга судовага паседжаньня ад 07.10.2010

Ірына Белкіна: «Праверка падатковай інспэкцыі паказала, што ні мой былы муж, ні яго сваякі на момант пакупкі дому ня мелі сродкаў на яго набыцьцё. Кожны зь іх заплаціў нібыта па 10 000 $. Саша працаваў лябарантам абласнога шпіталя, Мікалай Баранок, які злоўжывае алькаголем і неаднаразова звольнены з пасады кіроўцы, жыў на ўтрыманьні Ірыны Баранок. Паводле паказаньняў прадаўца дому Гендэля, грошы яму плаціла толькі я, а напярэдадні суду Глухманчук прапаноўваў яму некаторую суму за фальшывае сьведчаньне.

Саша Глухманчук, даючы справаздачу пра свае даходы, падаў у ІМПЗ толькі копію расьпіскі айчыма пра пазыку беларускіх рублёў для набыцьця 1/3 дому. Мікалай Баранок па традыцыі ў сваіх тлумачэньнях блытаўся. Каб апраўдаць 2000 $, атрыманыя ад сястры за «падораны» ёй дом, на словах яму давялося пахаваць маці на два месяцы пазьней за рэальны тэрмін, а за 2500 $ зрабіць з роднае маці ліпавую работніцу саўгасу, якая запасіла даляры ў часы, калі іх не было ў продажы. Баранок Ірына Арнольдаўна, працуючы ў аддзеле маркетынгу ААТ «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў», спасылалася на годны заробак, але разьлікі паказалі неадпаведнасьці яе даходаў і выдаткаў.

Зноў жа, суд ня даў адпаведнай ацэнкі паказаньням суседкі Баранкоў па лецішчы і старшыні садоўніцкага каапэратыву «Чайка» Парахонька І.А. А яна пацьвердзіла, што за 10 гадоў гэтая сямейная пара ледзь дабудавала існуючы дом, не кажучы ўжо пра куплю яшчэ аднаго».

Адказ інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Першамайскім раёне г. Віцебску ад 10.05.2011 на запыт аб ходзе правядзеньня праверкі і выкананьня заканадаўства аб дэклараваньні даходаў і маёмасьці грамадзянамі: Глухманчуком А.А., Баранок І.А., Баранок М.П.

«Пры канцы верасьня бягучага году ў Віцебскі Сьледчы камітэт было накіраваная заява па наноў адкрытых абставінах згодна з разьдзелам 22 ГПК Рэспублікі Беларусь «Сродкі даказваньня». Прадметам даказваньня зьяўляецца перадача грошай па дамове, пацьверджаньні крыніцы наяўнасьці грашовых сродкаў, фінансавая безгрунтоўнасьць адказчыкаў на набыцьцё спрэчнай нерухомасьці. Гэтыя факты маюць істотнае значэньне для слушнага вырашэньня грамадзянскай справы. Чамусьці забыты дэкрэт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь аб мацярынстве і дзяцінстве, а правы Ірыны парушаюцца і нішчацца ўшчэнт», – падсумаваў мэдыятар, юрыст-кансультант 1 клясы Валер Ягоравіч Будкевіч.

Аляксандра Хадзюкова, gorod212.by
Фота з асабістага архіву Ірыны Белкінай