Пятніца, 28 Люты 2014

Полацкіх дольшчыкаў спрабуюць «раскруціць» на 2 мільярды рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Долевае будаўніцтва пастаянна падносіць сюрпрызы. Падаўжэньне тэрмінаў будаўніцтва, неабгрунтаванае павелічэньне кошту, праблемы пры здачы жытла - як ні дзіўна, але гэта становіцца нормай, а ў выніку пакутуюць людзі, якія адважыліся пабудаваць сабе кватэру.

Усе гэтыя праблемы не абышлі бокам будаўніцтва 40-кватэрнага 10-павярховага дому № 610 па вуліцы Івана Дойліда у Полацку, якое распачалося ў верасьні 2012 году мясцовым УКБ. Дом абяцалі пабудаваць да 15 сакавіка 2013 году. Але пры канцы лютага дольшчыкаў паставілі перад фактам, што тэрміны будаўніцтва шматпавярхоўкі падаўжаюцца. У траўні будучыя жыхары даведваюцца, што ў доме будзе 9 сацыяльных кватэр, а пасьля здачы ў іх, як паведамляе УКБ у лістах, «утварылася запазычанасьць».

«Нам паведамілі дзьве навіны: у доме 9 сацыяльных кватэр, і дольшчыкам, магчыма, неабходна будзе даплаціць каля 18% ад кошту кватэр. Кватэры нам не перадаюць, і пра тое, якім чынам фінансуюцца сацыяльныя кватэры, ніякая інфармацыя дольшчыкам не даецца. У кастрычніку нам прапанавалі пад пагрозай скасаваньня дамоваў унесьці даплаты 45-80 млн. рублёў у 7-дзённы тэрмін. Разьлікаў і тлумачэньняў ня дадзена. Прычына падаражэньня дому, як пазначана ў лісьце УКБ - падаражэньне будматэрыялаў» , - распавяла дольшчыца.

Вытрымка зь ліста дольшчыцы ў рэдакцыю

Высьветлілася, што, згодна з указам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 396, які дэталёва рэглямэнтуе адносіны паміж дольшчыкам і забудоўшчыкам, такая прычына падаражэньня дома не зьяўляецца паважнай. Аднак нават у судзе УКБ адстойвае аплату квадратных мэтраў па актах выкананых работ.

 

Але яшчэ да суду людзям давялося прайсьці вялікую колькасьць інстанцыяў, дзе так і не змаглі вырашыць хвалюючае дольшчыкаў пытаньне: чаму ад іх патрабуюць даплаты, ды яшчэ і праз 3 месяцы пасьля здачы дому? Кошт дамовы з дольшчыкам першапачаткова законна завышаецца (прымяняецца прагнозны індэкс), таму ўлічвае ўсе эканамічныя рызыкі забудоўшчыка і зьяўляецца цаной не на пачатак будаўніцтва, а на канец.

Адказ АБЭЗ

Адказ пракуратуры на праверку АБЭЗ

Хітрыкі УКБ

У дамове з дольшчыкам УКБ апускае паняцьце «нарматыўнага тэрміну будаўніцтва» і спрабуе тлумачыць закон па-свойму: абвінавачвае дольшчыкаў у зрыве тэрмінаў здачы дому і патрабуе ад іх кампэнсацыю за падаражэньне будаўніцтва ў звышнарматыўны тэрмін. У той самы час дольшчыкі запэўніваюць, што ўсе выплаты зрабілі своечасова.

Таксама УКБ уключыў у дамову вызначэньне фактычнага кошту, маючы на ўвазе, што менавіта па такой цане будуць расплачвацца дольшчыкі.

«З намі не заключаліся дадатковыя пагадненьні аб павелічэньні кошту, значыць, як можа фактычны кошт быць на 18% вышэй за дамоўны? Ён больш за дамоўны быць ня можа. Інакш карціна такая, што УКБ у аднабаковым парадку прыняў рашэньне пра павелічэньне кошту будаўніцтва», - распавядае дольшчыца.

Высьветлілася: забудоўшчык сьцьвярджае, што нечакана для сябе падрадчык перавысіў каштарысны кошт будаўніцтва амаль на 2 млрд. рублёў.

«Як такое можа быць? Паводле закону найменшае перавышэньне каштарыснага кошту - гэта надзвычайнае здарэньне, і ў абавязковым парадку павінна быць праведзеная экспэртыза. Ніякай экспэртызы не рабілася. Гэта тым больш загадкава, улічваючы, што чвэрць кватэр дому - сацыяльнае жытло, якое фінансуецца дзяржавай», - працягвае дольшчыца.

Будучыя жыхары дому пачалі задавацца пытаньнем: чаго ж хоча забудоўшчык? На іх думку, варыянты могуць быць розныя, пачынаючы ад аплаты за кошт людзей сацыяльных кватэр і заканчваючы прысабечваньнем забудоўшчыкам даплат у якасьці дадатковага даходу.

«Усе разумеюць незаконнасьць, але работнікі УКБ адчуваюць сябе ўпэўнена: за імі дзяржава, а што за дольшчыкамі? Добры закон, які дэталёва спыняе любыя злоўжываньні забудоўшчыка. Што ж рабіць? - распавядае засмучаная дольшчыца. - Сытуацыя добра прадуманая УКБ, і ў большасьці выпадкаў «спэктакаль» праходзіць на «ўра»: бо праблема жытла стаіць вельмі востра, і людзі, зьняважана апусьціўшы галаву, ідуць на ўмовы УКБ».

На цяперашні момант 16 сем’яў пайшлі ў суд Полацку. Было ўжо некалькі слуханьняў. Прызначаная судовая экспэртыза па справе. Тлумачэньняў, на якой падставе УКБ патрабуе даплат, дольшчыкі так і не пачулі. Нашы юрысты паведамляюць, што дольшчыкі абсалютна маюць рацыю, але людзі ўсё адно баяцца, што рашэньне суду можа быць не на іх карысьць: судзяцца зь дзяржаўнай арганізацыяй і баяцца ўключэньня адміністрацыйнага моманту.

Крыніца: Real Estate Belarus