Чацвер, 10 Верасень 2026

Памёр Генадзь Шэпелеў, грамадскі актывіст і шчыры беларус з Барані

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэтага чалавека добра ведалі на Аршаншчыне за яго беларускія справы. У 1990-я ён ладзіў у Оршы нацыянальныя імпрэзы - ад сустрэчаў з беларускімі пісьменнікамі да выступаў з народнымі песнямі, якія добра спяваў і любіў. Ён быў Ініцыятарам і кіраўніком Караткевіцкага сплаву па Дняпры ад Воршы да Рагачова,  5 верасня 1992 года на Крапівенскім полі, дзе ўшаноўвалі памяць ваяроў, палеглых падчас Аршанскай бітвы,   ён адным з першых прымаў прысягу на вернасць Беларусі. 

Генадзь Шэпелеў працаваў на чыгунцы, потым стаў прыватным прадпрымальнікам. На аршанскі "Марш недармаедаў" у 2017 годзе ен прыйшоў з бел-чырвона-белым сцягам. Гэта ж самы сцяг ён разгарнуў каля помніка Уладзіміру Караткевічу ў аршанскім парку на Дзень волі ў 2018 годзе.  Ен хацеў сфатаграфаваць гэта і выкласці здымак у сацсеткі, але быў затрыманы. Праз некалькі дзён яго асудзілі - аштрафавалі на 539 рублёў. Штраф памерам 22 тагачасныя  базавыя велічыні актывіст атрымаў паводле артыкула 23.34 КаАП за нібыта незаконную масавую акцыю. Хоць, паводле яго, нават сьведкам-міліцыянтам не было чаго сказаць, апрача таго, што фатаграфаваньне працягвалася 5 хвілін і што ў радыюсе 150 мэтраў ад помніка ў парку не было ніводнага мінака.

Сам сябе Генадзь Шэпелеў жартоўна называў "вартаўніком Крапівенскага поля". Жарт меў пэўныя падставы: за рэчкай Крапіўнай, літаральна насупраць поля славутай Аршанскай бітвы, у Генадзя было лецішча.   На ўгодкі Аршанскай бітвы, якая адбылася 8 верасня 1514 года, ён з'яўляўся на гэтым  полі практычна штогод. Шмат дапамагаў у арганізацыі бардаўскага фэста "Аршанская бітва", які праводзіўся тут з 1991 года. "5 верасня 1992 года на тым полі ён адным з першых прымаў прысягу на вернасць Беларусі. Басанож. І ў той форме, у якой служыў у савецкім дэсанце", - напісаў у Фэйсбуку ягоны сябар, бард Андрэй Мельнікаў, паведаміўшы пра смерць спадара Генадзя.

Нават тады, калі ўлады забаранілі публічна адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы  бардаўскім фэстам “Аршанская бітва”, ён  ставіў на Крапівенскім полі намёт і начаваў у ім, углядаючыся ў адвечныя зоры, якія памятаюць усё... Лічыў гэта сваім пачэсным абавязкам. "Мне не было ні сумна, ні страшна, я адчуваў, што раблю годны ўчынак у імя памяці продкаў. Ніхто мяне не трывожыў, і толькі 8-га верасня пад вечар на полі зявіліся нейкія прадстаўнікі сілавых структур. Але і яны не падыходзілі блізка — здаля сачылі за тым, што я тут раблю", - казаў Генадзь шэпелеў у адным з нтэрв'ю незалежным СМІ. 

На гэтым полі ен ночыў і сёлета 6 верасня. Праз некалькі дзён Генадзя Шэпелева не стала . Яму было 70. Віцебская вясна прыносіць свае спачуванні яго родным і блізкім, для якіх ён заўсёды быў надзейным сябрам і шчырым аднадумцам. 

Ларыса Маўчанава