Пятніца, 14 Жнівень 2026

Пасля звароту праваабаронцы і публікацый незалежных СМІ знік сайт, праз які беларусаў набіралі ў расійскую армію

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сайт «Защитник.БЕЛ» быў створаны для пошуку грамадзян Беларусі, гатовых заключыць кантракт з расійскай арміяй і ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Дакладна невядома, што адбылося з рэсурсам. Яго маглі заблакаваць, адключыць уладальнікі альбо ён перастаў працаваць з іншай прычыны. Але паслядоўнасць падзей дазваляе меркаваць, што гэты інтэрнэт-рэсурс знік не проста так.

Што за інтэрнэт-рэсурс «Защитник.БЕЛ»

11 жніўня Тэлеграм-канал MAYDAY TEAM апублікаваў інфармацыю пра тое, што ў Беларусі ў адкрытую вярбуюць людзей на вайну з Украінай праз сайт “Военная служба по контракту “Защитник. БЕЛ”.

Паводле звестак, сабраных праваабаронцам Алегам Мацкевічам, дамен защитник.бел быў зарэгістраваны яшчэ 30 красавіка 2026 года. Не пазней за 7 мая сайт ужо выкарыстоўваўся для распаўсюду сярод грамадзян Беларусі інфармацыі пра кантрактную службу ў расійскай арміі.

Рэсурс прапаноўваў патэнцыйнаму кандыдату практычна поўны набор паслуг: праверку дакументаў, арганізацыю паездкі ў Маскву, набыццё білетаў, сустрэчу, суправаджэнне да месца афармлення, праходжанне вайскова-ўрачэбнай камісіі і заключэнне кантракту. На сайце таксама збіраліся імя, беларускі нумар тэлефона і даныя для сувязі праз месэнджары.

Аператарам быў пазначаны расійскі індывідуальны прадпрымальнік Данііл Радыёнаў. Яго рэквізіты супадалі са звесткамі, апублікаванымі на сайце «Братский Синдикат» — праекце, які пазіцыянуе сябе як вайскова-кадравае агенцтва па падборы кандыдатаў для службы па кантракце ў расійскай арміі.

Пры гэтым рэсурс быў відавочна арыентаваны на Беларусь: выкарыстоўваў нацыянальную даменную зону .БЕЛ, звяртаўся да грамадзян Беларусі і размяшчаў выявы з беларускай дзяржаўнай сімволікай.

«Мінімум тры месяцы» такі рэсурс працаваў публічна.

Алег Мацкевіч лічыць, што гаворка магла ісці пра незаконную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

«Сайт  публічна выкарыстоўваўся для распаўсюджвання сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь інфармацыі аб заключэнні кантрактаў на службу ва Узброеных сілах РФ і суправаджэнні адпаведнага афармлення. Такім чынам, на працягу як мінімум трох месяцаў мабілізацыйны рэсурс суседняй краіны ажыццяўляў непрыхаваную незаконную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. І толькі пасля таго, як на яго звярнулі ўвагу незалежныя СМІ і праваабаронцы, спыніў працу.

Відавочна, што прыпыненне дзейнасці гэтага рэсурсу не абышлося без прамога ўмяшання дзяржаўных органаў. Таксама відавочна, што самі па сабе дзяржаўныя органы абсалютна не матываваныя і не зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь і беларусы не ўцягваліся ў вайну. Гэта ганебны факт. Ён разыходзіцца з афіцыйнай рыторыкай аб нежаданні ўдзельнічаць у вайне, аб высілках па захаванні мірнага неба над краінай», —  лічыць праваабаронца.

Гэтая ацэнка патрабуе важнай агаворкі: сам факт знікнення сайта яшчэ не даказвае, што яго заблакавалі беларускія дзяржаўныя органы. Пакуль невядома, хто менавіта спыніў працу рэсурсу і з якой прычыны.

Важна высветліць, хто меў дачыненне да дзейнасці сайта і ці былі факты  вярбоўкі

Юрыст Аляксандр, каментуючы сітуацыю, звяртае ўвагу на тое, што спыненне працы сайта яшчэ не азначае знікнення слядоў яго дзейнасці. Рэгістрацыйныя звесткі дамену, інфармацыя пра аператара, заяўкі, перапіска, кантактныя даныя і тэхнічная інфармацыя могуць дапамагчы ўстанавіць арганізатараў і зразумець, колькі людзей паспелі звярнуцца да рэкрутэраў.

Ключавым, паводле  ацэнкі юрыста, з’яўляецца пытанне пра тое, што адбывалася пасля падачы заяўкі. Калі пасярэднікі не проста размяшчалі інфармацыю, а збіралі дакументы, арганізоўвалі паездку, забяспечвалі праходжанне камісіі і суправаджалі чалавека да заключэння расійскага вайсковага кантракту, іх дзеянні патрабуюць асобнай прававой ацэнкі.

Юрысты-праваабаронцы падкрэсліваюць: апісаныя дзеянні могуць утрымліваць прыкметы злачынстваў, прадугледжаных арт. 132 КК РБ (Вярбоўка, навучанне, фінансаванне і выкарыстанне наймітаў) і ч. 2 арт. 361-3 КК РБ (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вербаванне альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу). Артыкул 132 прадугледжвае ад сямі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі, а ч. 2 арт. 361-3 — ад пяці да дзесяці гадоў.

Чым водгук на падобныя прапановы  пагражае звычайным грамадзянам?

-Крымінальны пераслед у Беларусі. Удзел грамадзяніна Беларусі без адпаведнага ўпаўнаважання ва ўзброеным фарміраванні або ваенных дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы можа мець крымінальныя наступствы паводле беларускага заканадаўства.

-Нябачная пастка на сайтах вакансій. Падобныя абвесткі пра «працу» могуць трапляць на беларускія рэсурсы пошуку працы і агрэгатары вакансій, у тым ліку праз абвесткі са старонніх сайтаў.

-Пагроза жыццю і ўцечка асабістай інфармацыі. Прыватныя рэкрутэры могуць атрымліваць грошы за сам факт падпісання кантракту і не несці адказнасці за далейшы лёс чалавека. Перадача ім пашпартных, кантактных і іншых дадзеных таксама стварае дадатковыя рызыкі.

Праваабаронца чакае рэакцыі ад Генпракуратуры

Праваабаронца Алег Мацкевіч звярнуўся ў пракуратуру, каб надзорнае ведамства занялася высвятленнем, хто стварыў рэсурс, хто ім кіраваў і колькі грамадзян Беларусі паспелі праз яго прыцягнуць да вайсковай службы ў суседняй дзяржаве. А таксама даць прававую ацэнку ўсёй сітуацыі паводле  канкрэтных фактаў і роляў кожнага ўдзельніка - хто прымаў заяўкі, каму перадаваліся персанальныя даныя, хто арганізоўваў паездкі, у якія падраздзяленні накіроўваліся кандыдаты. 

"У звароце прашу Генпракуратуру праверыць, хто і на якіх падставах арганізуе такую дзейнасць у дачыненні да грамадзян Беларусі, хто забяспечыў рэгістрацыю і функцыянаванне дамена, а таксама ці ўтрымліваюцца ў дзеяннях датычных асоб прыкметы правапарушэнняў або злачынстваў паводле беларускага заканадаўства", -паведаміў праваабаронца на сваёй старонцы ў Facebook.


Рэкамендацыі праваабаронцаў

  • Не паддавайцеся на фінансавыя абяцанні "заробіць на вайне". Ніякія выплаты не вартыя страты волі ці жыцця.

  • Правярайце вакансіі. Не пакідайце свае даныя на сумнеўных сайтах або агрэгатарах.

  • Папярэдзьце блізкіх. Растлумачце знаёмым, што падобныя прапановы «вайсковай працы» могуць мець сур’ёзныя прававыя і жыццёвыя наступствы.

  • Калі вы сутыкнуліся з такой прапановай, не адпраўляйце дакументы і персанальныя даныя, не падпісвайце незразумелыя дамовы і захоўвайце скрыншоты абвестак ды перапіскі.