Чацвер, 26 Сакавік 2026

«Сын за бацьку не адказвае?»: Што рабіць, калі фота вашага дзіцяці праз чужы крадзеж разаслалі па ўсіх школьных чатах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сістэма татальнага відэаназірання, якую нам прэзентуюць як гарантыю бяспекі, на справе ўсё часцей абарочваецца супраць звычайных грамадзян. Гісторыя мінчанкі, чыё сямейнае фота (разам з 4-гадовым дзіцем) разаслалі па настаўніцкіх чатах для апазнання мужа, які здзейсніў дробны крадзеж, — гэта трывожны сігнал для кожнага з нас. «Віцебская Вясна» разбіралася, чаму суды апраўдваюць такія «лічбавыя аблавы» і як абараніць сваё права на прыватнае жыццё, калі дзяржава лічыць яго другасным.

Хроніка аднаго «зліву»

Усё пачалося з банальнага інцыдэнту: мужчына здзейсніў дробны крадзеж у краме на 145 рублёў. Камеры зафіксавалі ўсё: і тавар пад курткай, і жонку з маленькім сынам, якія ішлі побач.

Каб знайсці парушальніка, міліцыя канфіскавала запісы і накіравала стоп-кадры ва ўпраўленне адукацыі. Праз кароткі час фота ўжо «гуляла» па Viber-чатах настаўнікаў і выхавацеляў усяго раёна. Жанчына даведалася пра гэта ад калег па працы і выхавацеляў дзіцячага сада, куды ходзіць яе сын. Спроба дамагчыся справядлівасці ў судзе правалілася: Феміда прызнала дзеянні РУУС правамернымі. Суд не задаволіў пазоў  жанчыны наконт кампенсацыі маральнай шкоды  у сувязі з парушэннем  Закона “Аб абароне персанальных дадзеных”.

Юрыдычная пастка: чаму міліцыі «можна ўсё»?

Прававое поле ў Беларусі сёння сканструявана так, што любая спроба абараніць прыватнасць натыкаецца на жалезабетонныя аргументы дзяржорганаў:

  • Абавязак «капаць да канца»: Згодна са арт. 2.10 ПІКаАП, орган, які вядзе працэс, абавязаны прымаць «усе меры» для даследавання абставінаў. Паказаць фота настаўніку — гэта «мера», і закон не ўдакладняе, ці дапушчальна пры гэтым выстаўляць на паказ твар дзіцяці.
  • Ідэнтыфікацыя праз блізкіх: Ссылаючыся на арт. 25 Закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь”, міліцыя фактычна легалізуе выкарыстанне твараў сваякоў як «зачэпак» для пошуку парушальніка.
  • Ігнараванне згоды: Закон аб абароне персанальных даных (арт. 6) дазваляе апрацоўваць вашу біяметрыю без дазволу, калі гэта патрэбна для «выканання паўнамоцтваў».
  • Улада сістэмы: Праца камер рэгулюецца Палажэннем № 841, якое наўпрост дае зялёнае святло на выкарыстанне відэа для пошуку асоб, ператвараючы любога мінака ў аб'ект назірання.

Што кажуць праваабаронцы?

Сітуацыя выглядае законнай толькі фармальна. Па сутнасці — гэта грубае парушэнне правоў чалавека.

Каментуе Аляксандр, праваабаронца з 20 гадовым стажам:

«Мы бачым поўнае ігнараванне прынцыпу прапарцыянальнасці. Адміністрацыйная справа аб дробным крадзяжы не павінна станавіцца падставай для публічнай ганьбы ўсёй сям'і. Рассылаць фота дзіцяці — гэта не пошук злачынцы, гэта сацыяльная стыгматызацыя, наступствы якой могуць пераследаваць малога доўгія гады».

Вікторыя Машэй, юрыстка:

«Тут ёсць тонкі момант адказнасці. Міліцыя перакладае віну на выканаўцаў. Важна разумець: калі канкрэтная "Мар'я Іванаўна" выклала службовы ліст у бацькоўскі чат — гэта яе асабістая адказнасць за разгалашэнне. Пазоў аб абароне гонару і годнасці трэба падаць менавіта на такіх "ініцыятыўных" распаўсюднікаў».

Праваабарончы чэк-ліст: як не стаць ахвярай падобнай рассылкі?

Калі вы знайшлі сябе ці сваіх дзяцей у «педагагічных арыенціроўках», дзейнічайце па пунктах:

  1. Фіксацыя і скарга: Зрабіце скрыншоты чата і пішыце ў Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных. Акцэнтуйце ўвагу на тым, што рассылка фота дзіцяці была лішняй мерай для расследавання дробнага правапарушэння.
  2. Патрабаванне аб выдаленні: Пасля таго як асоба парушальніка ўстаноўлена, вы маеце законнае права патрабаваць знішчэння вашых даных з усіх неслужбовых перапісак.
  3. Персанальны пазоў: Памятайце, што міліцыя часта прыкрываецца законам, а вось настаўнік ці дырэктар, які «зліў» даныя ў Viber, — не. Шукайце канкрэтных вінаватых ва ўцечцы.
  4. Зніжэнне рызык: На жаль, самы дзейны спосаб пазбегнуць рассылкі ў цяперашніх рэаліях — гэта яўка парушальніка ў органы да таго, як яго твар трапіць у «сетку».

 

Патрэбна дапамога?

Не дазваляйце сістэме беспакарана ўмешвацца ў ваша жыццё. Калі вы сутыкнуліся з самавольствам ці ціскам, звяртайцеся па кансультацыю да праваабаронцаў:

Юлія Пятрова