Асноўная дзея разгарнулася каля сымбалічнай магілы, дзе сьвятар адслужыў паніхіду. У сваім слове ён зьвярнуў увагу прысутных на тое, што ва ўсіх гэтых акалічнасьцях найгалаўнейшае – “Хто гэтыя людзі, за якіх мы молімся? Чаму яны тут апынуліся? Мы хацелі б прачытаць спіс імёнаў ахвяраў, як гэта ў царкве прынята. Ёсць імя – за яго моляцца. Гэта – такая вялікая ласка. Хацелася б, каб гэтыя ахвяры і злачынцы былі названыя. Пра гэта мы молімся і просім Госпада”.
“Чым далей чалавек адыходзіць ад Бога, тым менш у яго праўды і сьвятла. І ўсё, што мы тут бачым, гэта ёсць вынік таго, што чалавек становіцца далёкім ад Бога. Чым мы далей ад Бога, тым у нас менш праўды, тым нас лягчэй падмануць. Усё гэта рабілася з свавольства, калі чалавек ставіў сябе вышэй Божых законаў. Пастаўленыя тут крыжы – гэта ня проста знакі, якія павінны стаяць на магілах. Гэта насамрэч прылада, на якой загінуў Бог-Чалавек дзеля нас усіх. Дзеля чаго? Каб мы змаглі жыць безь Яго? Не! Чалавек ня можа жыць бяз Бога”.
Сябра КХП-БНФ Пятро Сарапеня зазначыў, што ў 30-х гадох хваля рэпрэсіяў пракацілася па ўсёй Беларусі. Ён прыгадаў сваю сустрэчу з былым кіраўніком сельскагаспадарчай камуны зь вёскі Дворышча Шумілінскага раёну. Той распавядаў: “ Неяк у вёску прыехаў упаўнаважаны і павёў мясцовы актыў па хатах вяскоўцаў, што адмовіліся ісці ў камуну. Аднаму беднаму селяніну, што жыў бабылём, начальнік з раёну прапанаваў за ўступленне ў камуну карову. Але той адказаў, што ўступіць у яе толькі тады, “калі сонца пачне ўзыходзіць на захадзе, а заходзіць на ўсходзе”. 10 чалавек забралі тады зь вёскі, зь якіх гадоў праз 7 вярнуліся толькі двое. Той селянін не вярнуўся таксама. Мо’ некаторыя зь іх і ляжаць тут? Ва ўсёй гэтай справе ўражвае тое, што “сёньняшнія ўлады не прыкладаюць ніякіх намаганьняў для высьвятленьня гістарычнай праўды і ня робяць нічога, каб людзі пра яе ведалі”.