Гісторыю сям’і Рамана Гладкіх распавяла праграма “Настоящее время. Балтия”.
У Беларусі мужчына працаваў інжэнерам- энэргетыкам на Лукомскай ДРЭС. У 2020 годзе ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюза на прадпрыемстве, адмовіўся ставіць свой подпіс у падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, падтрымаў агульнанацыянальны страйк, удзельнічаў у акцыях пратэсту. З працы мужчыну звольнілі.
Сям’я вырашыла пераехаць у Літву - туды раней ужо з’язджалі іхныя землякі. 5 год жылі ў Клайпедзе, абодва знайшлі працу. Наталля Гладкіх нават стала мясцовай знакамітасцю - яна пачала вырабляць кветкі з зефіру, і яе незвычайныя букеты займелі вялікую папулярнасць. У Беларусі яна працавала ў лабараторыі на малаказаводзе, а з 2013 па 2020 гг. стала хатнім кандытарам.
- Прыходзіць момант, калі выносіцца рашэнне, і рашэнне, на жаль, не на нашу карысць, - распавёў Раман.
За тое, каб не вяртацца ў Беларусь, сям’я змагалася праз суд. Першы працэс мужчына выйграў, але прайграў апеляцыю. З чым звязана тое, што ў Літве ён стаў непажаданай асобай, Раман Гладкіх не ведае.
Сям'і прапанавалі добраахвотна выехаць у трэцюю краіну. Аднак гэты варыянт немагчымы, бо ў Наталлі скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. На радзіме нічога добрага сям’ю Гладкіх не чакае: як удзельніку страйка, яму пагражае крымінальная справа. І літаральна днямі, 25 жніўня 2025 года суд Мінскага раёна прызнаў TikTok-акаўнт Рамана "экстрэмісцкай" інфармацыйнай прадукцыяй.
Павел Латыгін