Чацвер, 26 Верасень 2024

У некаторых раёнах Віцебшчыны нельга прайсці медагляд па месцы жыхарства

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прыкладам, жыхары пасёлка Багушэўск мусяць ездзіць да асобных спецыялістаў у Сянно, цэнтр раёна.  Да гэтага прывяла «аптымізацыя» медычных устаноў вобласці. Некаторыя з іх аб'ядналі, некаторыя перакваліфікавалі, але людзям ад гэтага толькі дадалося праблем.

Раней у Багушэўску функцыянавалі паліклініка, і бальніца, але ў 2018 годзе, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, установу закрылі. Зараз  будынак былой бальніцы ў Багушэўску выстаўлены на продаж. Па задумцы аптымізатараў медыцынскіх паслуг, патрэбы мясцовых жыхароў мае задавальняць   бальніца сястрынскага догляду з амбулаторыяй. І гэта істотна  пагоршыла якасць медычнага абслугоўвання ў пасёлку. Нават цалкам прайсці медагляд у Багушэўску цяпер немагчыма – на прыём  ЛОР-урача людзям даводзіцца выязджаць у Сянно.

Сітуацыі быў здзіўлены нават Камітэт Дзяржкантролю, які даследаваў гэтую праблему.  Але, нягледзячы на пытанні з боку КДК, канкрэтныя рашэнні па паляпшэнні сітуацыі пакуль не прапанаваны. Зрэшты, іх прапануюць самі мясцовыя жыхары, звяртаючыся да мясцовых уладаў. Прапановы ў людзей наступныя:

-аднавіць некаторыя віды паслуг, вярнуўшы ў комплексную амбулаторыю Багушэўска  хаця б базавых спецыялістаў.

- у якасці альтэрнатывы першай прапанове забяспечыць прыезд спецыялістаў у пасёлак, склаўшы графік для правядзення медаглядаў на месцы.

- рэарганізаваць сістэму медычнага абслугоўвання яшчэ раз – усё ж адкрыць невялікую паліклініку ў Багушэўску  з усім спектрам медыцынскіх паслуг, калі гэта эканамічна абгрунтавана.

У адпаведнасці з артыкулам 14 Закона Рэспублікі Беларусь аб ахове здароўя, для забеспячэння своечасовай медыцынскай дапамогі грамадзяне прымацоўваюцца да дзяржаўных устаноў аховы здароўя па месцы іх пражывання або знаходжання. Атрымліваецца, гэты закон у Багушэўску парушаецца.

Між тым, праблемы з праходжаннем медагляду маюць не толькі жыхары Багушэўска. У Паставах людзі таксама скардзяцца на тае, што не могуць абысці ўсіх спецыялістаў за абмежаваны час, вызначаны для медаглядаў. Бо працоўныя месцы неабходных лекараў знаходзяцца ў розных будынках.

Таццяна Мокрая