Спадарыня Тацьцяна лістуецца зь Міхаілам Жамчужным, аднак ня ўсе лісты да яе даходзяць: «У апошнім допісе ад Міхаіла так ён гаворыць: „Няхай не засмучае, што лісты прыходзяць рэдка, бо іх забірае адміністрацыя. Я пра гэта расьпісваюся ў актах“. Аднак адкрыты ліст да прэзыдэнта праз „Народную волю“ 17.02.2015 усё-ткі ўдалося адправіць, на 10 аркушах».
Паводле ранейшай інфармацыі, суд над актывістам «Пляцформы» павінен быў распачацца яшчэ ў студзені. Аднак цяпер, калі генэральны пракурор працягнуў тэрмін сьледзтва да 19 красавіка, з улікам часу на вывучэньне справы, пісаньне скаргаў у выпадку нязгоды і рэагаваньне пракуратуры, судовага працэсу трэба чакаць не раней як напрыканцы траўня або нават на пачатку чэрвеня.
Былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, вынаходнік, аўтар шэрагу навуковых прац, кандыдат тэхнічных навук Міхаіл Жамчужны, які раней адседзеў пяць гадоў паводле эканамічнага артыкулу, быў арыштаваны ў жніўні 2014 году, неўзабаве пасьля працэсу над дырэктарам «Пляцформы» Андрэем Бандарэнкам. Яго ўтрымліваюць у Віцебскім СІЗА-2 і вінавацяць паводле некалькіх вельмі сур’ёзных артыкулаў КК Беларусі – арт.376 (ч.1, ч.2), арт.375 (ч.1), арт.431 (ч.1, ч.2). Гэта наўмыснае выдаваньне службовых сакрэтаў, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, а таксама даваньне хабару.
У 2012 годзе Міхаіл Жамчужны, выйшаўшы на волю пасьля першага тэрміну, пачаў актыўна аказваць дапамогу актывістам «Пляцформы», пагадзіўся стаць заснавальнікам арганізацыі «Платформ інавэйшан» – нашчадка закрытай уладамі «Пляцформы». Актывісты групы «За волю» мяркуюць, што Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага беларускія ўлады перасьледуюць з палітычных прычынаў.