Пятніца, 29 Лістапад 2019

«Віцебск – радзіма Леніна?» У абласной бібліятэцы прайшла сустрэча з Яраславам Раманчуком

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Яраслаў Раманчук у Віцебску Яраслаў Раманчук у Віцебску

У Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна 28-га лістапада прайшла сустрэча з вядомым эканамістам, аналітыкам і кіраўніком цэнтру Мізэса Яраславам Раманчуком. Тэма выступленьня – «Канкурэнтаздольнасьць у сучасным сьвеце: чалавек, бізнэс, краіна». Заля была цалкам запоўненая.

На пачатку Яраслаў Раманчук падзяліўся вясёлай гісторыяй. Незадоўга да прыезду ў Віцебск ён быў у Вашынгтоне, дзе распавёў тамтэйшым слухачам, што неўзабаве паедзе ў Віцебску і выступіць у бібліятэцы імя Леніна, якая знаходзіцца на вуліцы Леніна…

«Дык, значыцца, Ленін родам зь Віцебску?..» – запытвалі шакаваныя амэрыканцы.

Напэўна, выступоўца ня ведаў, што закрануў балючую для многіх віцяблян тэму і што пытаньне перайменаваньня бібліятэкі ўздымалася гараджанамі неаднойчы – на жаль, безвынікова: гарадзкія ўлады мяняць «Леніна» ня хочуць...

Дарэчы, тэма савецкіх сымбаляў уздымалася на сустрэчы ня раз. Эканаміст расказаў, што ў двары школы, куды ходзіць яго сын-першаклясьнік, дагэтуль стаіць помнік Дзяржынскаму.

На думку Раманчука, пакуль наша краіна не пазбавіцца савецкіх сымбаляў і ня створыць свае, якімі можна будзе ганарыцца – наша эканоміка не выкараскаецца з крызісу і застанецца неканкурэнтаздольнай на сусьветным рынку. Трэба ствараць пазытыўны і прывабны брэнд ня толькі для тавару ці паслугі, але і для асобных рэгіёнаў, гарадоў і ўсёй краіны, мяркуе аналітык.

Што да эканомікі, дык за дзьве гадзіны выступу Яраслаў Раманчук ахапіў вялікае кола пытаньняў. Казаў і пра глябальныя фінансавыя крызісы, і пра заплянаваныя мясцовымі ўладамі падвышэньні падаткаў на зямлю і нерухомасьць.

Закрануў і тэму пэнсій. Паводле прагнозаў выступоўцы, беларускі пэнсійны фонд  у найбліжэйшай будучыні збанкрутуе – ужо цяпер з выплатай пэнсій у дзяржавы вялікія праблемы. Больш за тое, як сьведчаць апытаньні бізнэсоўцаў, адной з самых вялікіх праблемаў для іх зьяўляецца сплата ўнёскаў ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Апроч таго, многія прадпрыемствы зачыняюцца, а значыцца, скарачаецца колькасьць занятых у эканоміцы людзей, адпаведна – скарачаюцца падатковыя паступленьні. Уладам давядзецца неяк вырашаць гэтую праблему.

Сустрэча была арганізаваная пры падтрымцы грамадзкай арганізацыі «Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці».

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.