Нядзеля, 07 Май 2017

Надпіс на грэбені зь «віцебскіх Курапатаў» можа дапамагчы вызначыць, каму ён належаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У выпадку вызначэньня прозьвішча канкрэтнага чалавека, можна было б дэталізаваць час пахаваньня і паставіць канчатковую кропку ў спрэчках прыхільнікаў двух супрацьлеглых поглядаў. Як вядома, чыноўнікі схіляюцца да вэрсіі, што ў лесе пад Хайсамі ляжаць ахвяры фашыстаў, а грамадзкія актывісты перакананыя, што людзі, пахаваныя тут, былі забітыя за часамі сталінскіх рэпрэсіяў.

На жаль, справа ўскладняецца тым, што плястмасавы грабеньчык адламаны якраз пасярэдзіне жаночага прозьвішча, выдрапанага на ім. Вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну шукаюць у раскопе адламаную частку, але надзеяў на тое, што яна будзе знойдзена, няшмат. Тая частка надпісу, якая захавалася, кажа пра тое, што ўладальніцай грабеньчыка была «Оля Дан…»

Знайсьці другую палавінку знаходкі спадзяецца ня толькі археоляг 52-га пошукавага батальёну Вадзім Тамілін. У ідэнтыфікацыі прозьвішча зацікаўлены і супрацоўнік Акадэміі навук археоляг Алег Іоў, які працуе разам з вайскоўцамі і мусіць зрабіць свае высновы пасьля завяршэньня эксгумацыі парэшткаў.

А пакуль, нягледзячы на тое, што паднятыя з раскопаў рэчы датуюцца толькі даваенным пэрыядам, высновы археолягі робяць розныя. Так, Вадзім Тамілін кажа пра імавернасьць прыналежнасьці пахаваньняў да ваеннага часу, і ў якасьці доказу прыводзіць знойдзены фрагмэнт нямецкага бота. Паведаміць больш падрабязнасьцяў археоляг пошукавага батальёну адмовіўся. А вось расповед Алега Іова быў шчырым і дэталёвым.

Супрацоўнік Акадэміі навук адзначае, што хайсоўскія пахаваньні падобныя да пахаваньняў у Курапатах:

– Бачна, што рабіліся яны па адной і той жа інструкцыі: ямы той жа самай глыбіні, памераў, той самы спосаб расстрэлаў, набор рэчаў той самы. Але ёсьць і адрозьненьні: тут я ня бачыў рэчаў 1938-1940 гадоў. Манэты датуюцца 1928-1931 гадамі, апошняя – 1936 годам, усе гільзы – 30-х гадоў. У Курапатах былі гільзы 39-га і 40-га году, тут няма. Таму паўстае пытаньне: «Калі забойствы адносіць да 42-га году, як некаторыя лічаць, то чаму няма ніводнай рэчы гэтага пэрыяду? Няўжо людзі не хадзілі ў краму з 1939-га па 1942-гі?»

Яшчэ можна сказаць, што гэты аб’ект быў непастаянны, расстрэлы рабіліся эпізадычна. Тут не было калючага дроту, аб’ект не ахоўваўся. Ну і, вядома, у адрозьненьне ад Курапатаў тут не забівалі замежных грамадзянаў. Галёшы трапляюцца піцерскія, маскоўскія, але яны прадаваліся і ў БССР. Знойдзеныя зубныя шчоткі вырабляліся на віцебскай фабрыцы імя Куйбышава, якая працавала з 1936 году да пачатку вайны, то бок ляжыць тут мясцовае насельніцтва.

Колькасьць ахвяраў у яміне 20-30 чалавек, хаця дакладна вызначыць цяжка, бо колькасьць сьцегнавых костак – адна, а колькасьць чарапоў – зусім іншая. Іх значна менш. Відаць, чарапы забралі вандалы. Хаця я не разумею несувымернасьці выдаткаваных чорнымі капальнікамі высілкаў зь мізэрнасьцю атрыманых прыбыткаў. Але, мабыць, гэта настолькі засела ў іхных мазгох, ці яны прапітыя. Не каштуе знойдзенае такіх высілкаў. Гэта ж такая праца!

Сёньня знайшлі гузік зь сярпом і молатам. Па інтэрнэце высьветлілі, што адарваўся ён ад плашча супрацоўніка НКУС, а мо адарваў нехта, схапіўшы таго нкусаўца загрудкі.

Па выніках назіраньняў Алег Іоў павінен будзе напісаць заключэньне для Акадэміі навук і для выканкаму, на просьбу якога ён сюды камандзіраваны. Але, як мяркуе археоляг, наўрад ці яго меркаваньне будзе мець нейкую вагу, бо як такіх раскопак тут няма. Тут проста дабіраюць тое, што ўжо павыварочвалі вандалы. Толькі ў межах адкрытай крымінальнай справы накшталт курапацкай можна было б казаць пра навуковую аб'ектыўнасьць.

Алег Іоў адразу адкінуў вэрсію пра тое, што ў лесе ля Хайсоў ляжаць савецкія грамадзяне з працоўнага лягеру, якіх акупацыйныя ўлады выкарыстоўвалі для рамонту шашы Віцебск – Гарадок. Лягер месьціўся недалёка, у вёскі Бараўляны, але які сэнс расстрэльваць тых, каго выкарыстоўваюць як працоўную сілу?

«Дый не расстрэльвалі гэтак немцы. Яны рабілі траншэю і знішчалі аўтаматным ці кулямётным агнём. Для іх было немэтазгодна капаць яміну ў два з паловай мэтры глыбінёй. Да таго ж наяўнасьць рэчаў асабістага карыстаньня гаворыць пра іншы почырк, падобны да курапацкага. Людзей забіралі наўпрост з дому і не казалі, што вязуць на расстрэл, таму людзі бралі з сабой мыла, конаўкі, зубныя і абутковыя шчоткі, савецкія грошы… У Курапатах мы знаходзілі нават бутэрброды з курыцай. Узялі, вывезьлі і расстралялі, яны нават у турме не былі. І калі гэта 1942 год, то адкуль ў іхных кішэнях духмянае мыла, і навошта ім савецкія манэты? І яшчэ такі момант: амаль усе цэлыя чарапы з уваходнай і выходнай адтулінай, адзінкі маюць адну адтуліну», – кажа археоляг Акадэміі навук.

Некалькі раней былі знойдзеныя два папяровыя артэфакты. Як мяркуецца, гэта паштовы ліст і гандлёвы чэк. Знаходкі ўжо перададзеныя для правядзеньня тэхніка-крыміналістычнай экспэртызы. Ліст можа ўтрымліваць прозьвішча, а чэк – дату.

С. Горкі

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар Ян Серада, 10 Май 2017 Дадаў Ян

    Учора ў Менску прайшоў парад а потым святочны фейверк у гонар перамогі над Нямеччынай у Другой сусьветнай вайне. Беларусь пацярпела больш за іншых савецкіх рэспублік, дзесяткі гарадоў былі знішчаны, сотні весак спалілі гітлераўцы разам з жыхарамі, нацысты здзяйснялі генацыд супраць габрэяў і іншых народаў Беларусі. Канчатковай мэтай НСДПА , партыі Гітлера было знішчэнне часткі карэннага насельніцтва Беларусі і засялення яе немцамі.Больш за 40 мільенаў чалавек загінула пад час гэтай вайны і большая частка з забітых-гэта мірныя жыхары , страты былі б значна меншыя і магчыма вайна скончылася б значна раней і са значна меншымі стратамі калі б не злачынная роля Камуністычнай партыі СССР і яе верхавода Сталіна. Мільены чалавек незаконна рэпрасавалі і расстралялі камуна-фашысты, ў іх ліку дзесяткі тысяч ваенаначальнікаў розных рангаў, фактычна Сталін і Кампарыя СССР гэтымі рэпрэсіямі далі зяленае святло Гітлеру на пачатак вайны ў 1941 годзе, хаця раней у 1939 годзе два фашысцкіх рэжымы падзялілі мір падпісаўшы Пакт Молатава- Рыбентропа.Потым сумесна напалі на Польшчу, разбілі яе і таксама рабілі сумесныя парады ў Брэсцкай крэпасці (Гудэрыян з Крывашэіным).Так што мэты ў двух драпежнікаў былі аднолькавыя, захоп тэррыторый і знішчэнне насельніцтва. Захопленых польскіх ваеннапалонных больш за 20 тысяч чалавек энкавэдэшнікі расстралялі і потым абвінавацілі ў гэтым немцаў,але фальсіфікацыя не прайшла, тры кіраўнікі Расіі - Гарбачоў, Ельцын і Пуцін прызналі злачынствы СССР супраць палякаў. Аналагічна дзейнічалі камуністы і ў Беларусі , расстралялі ў Курапатах каля 200000 тыс. чалавек і 50 год вінавацілі ў гэтым немцаў,потым толькі прызналіся,па гэтаму ж шляху ідуць зараз супрацоўнікі Віцебскага райвыканкама і Мазалаўскага сельскага выканкама. Ў 2014 годзе на падставе сведчанняў мясцовых жыхароў сябры Аргкамітэта па стварэнню грамадскай ініцыятывы ,,Хайсы" знайшлі жахлівае месца массавых забойстваў энкавэдэшнікамі грамадзян Беларусі ў Хайсах. Калі ў 2015 годзе там капаў парэшткі пашуковы батальен і выкапаў 172 чалавекі, ен таксама знайшоў 48 гільз і куль ад савецкай зброі-,,Кольт", ,,Наган", вінтоўкі Мосіна і нягледзячы на відавочныя факты, здавалася б што яшчэ трэба, ўлады не прызналі што гэта зрабілі нкусаўцы, кажуць звяртайцеся да КДБ няхай яны падцвердзяць дакумантамі што там расстрэльвалі, мы звярталіся тры разы да Віцебскага КДБ і адзін раз у Менск да рэспубліканскага але толку не дабіліся і тыя і другія кажуць нам пра расстрэлы ў Віцебску і Віцебскай вобласці нічога невядома, карацей уключылі дурня ну гэта і зразумела які бандыт прызнаецца што ен забойца.Вельмі прыкра што сучасныя ўлады падтрымліваюць тую злачынную палітыку Камуністычнай партыі і Савецкага кіраўніцтва якая была накіравана на массавыя рэпрэсіі , генацыд ,тэррор, супраць свайго народа.Вось і зараз калі ізноў ў Хайсах пашуковым батальенам знойдзены шматлікія парэшткі нявінных бальшавіцкіх ахвяр адвакаты Сталіна з ліку супрацоўнікаў Віцебскага райвыканкама робяць захады каб абяліць чорнага кабеля, массавікі -зацейнікі распавядаюць ізноў жа пра нейкіх міфічных немцаў якія ці-то насілі на сабе ці-то вазілі на тачках ваеннапалонных з УЧДОРА № 756 з Бараўлян, які знаходзіцца за 2 кілометры ад Хайсоў каб там іх расстраляць , глупая неразумная версія якая ніе падцверджана ні архіўнымі звесткамі, ні сведчаннямі грамадзян. Нават Інстытут Гісторыі Акадэміі навук Беларусі ў 2015 годзе даслаў Віцебскаму райвыканкаму на іх запыт , што ім нічога невядома ні пра якія расстрэлы немцамі ў Хайсах.Так што спадары харошыя баечнікі і казачнікі з Віцебскага райвыканкама перастаньце калі ласка як кажуць лахмаціць бабушку , зазірніце ўважліва ў архівы КДБ, пабачце колькі дзесяткаў гільз і куль ад Кольта, нагана, ТТ, знойдзена зараз пошукавікамі з 52-га батальена, азнаемцеся нарэшце са шматлікімі сведчаннямі мясцовых жыхароў, якія сведчаць што ў Хайсаў , менавіта на тым месцы аб якіх сведчаць беларускія грамадзяне, ў1937-39 годзе нкусаўцы расстрэльвалі мірных савецкіх людзей , скажыце нарэшце, што:,, На падставе відавочных фактаў можна зараз сказаць што гэта справа рук НКУС" і дайце загад Мазалаўскаму сельвыканкаму пахавацць сталінскія ахвяры па людску, па хрысціянскі на тым самым месцы ў брацкай магіле дзе іх напаткала жахлівая смерць у 1937-39 годзе ад крывавых рук наемных забойцаў з НКУС.

    Паскардзіцца