Чацвер, 12 Студзень 2017

Былыя начальнік і галоўны інжынэр Віцебскага аддзяленьня БЧ абвінавачваюцца ў карупцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Крымінальныя справы распачатыя ў дачыненьні да былых начальніка і галоўнага інжынэра УП «Віцебскае аддзяленьне Беларускай чыгункі», якія абвінавачваюцца ва ўчыненьні шэрагу карупцыйных злачынстваў.

Падчас сьледзтва выяўлена, што службовыя асобы зь лістапада 2012 году да сьнежня 2013 году выдалі загад, які прадпісваў Віцебскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаваньняў перадаць гаражы для аўтамашын на балянс санаторыя «Чыгуначнік» у в. Малыя Лётцы Віцебскага раёну. Затым арганізавалі рэканструкцыю гэтых гаражоў пад дом адпачынку падвышанай камфортнасьці і лазьневы комплекс без узгадненьня з заснавальнікам.

Праектна-каштарысная і дазвольная дакумэнтацыя на вытворчасьць будаўніча-мантажных работ будынку аўтагаражоў адсутнічала, паведамляе сайт Сьледчага камітэту.

У выніку незаконнага пераабсталяваньня было выдаткавана блізу 780 000 рублёў прадпрыемства, што пагоршыла фінансавы стан.

Акрамя таго, сьледчыя высьветлілі, што ў кватэры і гаражы 54-гадовага дырэктара прадпрыемства ў Віцебску быў арганізаваны рамонт з прыцягненьнем рабочых, транспарту, спэцыяльнай тэхнікі і маёмасьці УП «Віцебскае аддзяленьне Беларускай чыгункі» без заключэньня дамовы і аплаты выкананых работ. У выніку прадпрыемству нанесеная шкода на агульную суму больш за 10 000 рублёў. Фіктыўныя дамовы былі складзеныя пазьней.

Падчас сьледзтва выяўлены таксама факт крадзяжу ў красавіку 2014 году пасудамыйнай машыны, якая была набытая прадпрыемствам нібыта для патрэб рэканструяванага санаторыя-прафілякторыя, хоць праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй гэта не прадугледжвалася.

Сьледчымі прад'яўленае абвінавачваньне мужчынам паводле часткі 3 артыкулу 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з асабістай зацікаўленасьці, што пацягнула цяжкія наступствы), часткі 2 артыкулу 210 (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьнены групай асоб паводле папярэдняй змовы), часткі 2 артыкулу 424 (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), часткі 1 артыкулу 427 (складаньне і выдача заведама непраўдзівых дакумэнтаў, учыненыя зь іншай асабістай зацікаўленасьці) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

З мэтай кампэнсацыі шкоды, прычыненай злачынствамі, сьледчыя наклалі арышт на маёмасьць абвінавачаных на агульную суму больш за 373 000 рублёў, у тым ліку на грашовыя сродкі, 3 аўтамабілі, 2 кватэры і іншую маёмасьць.

charter97.org