Пра зварот Станіслава Абразея да старшыні Вярхоўнага Суду апавяла маці Ўладзіслава Кавалёва. Любоў Кавалёва лічыць пратэрміноўку з адказам на наглядную скаргу ўжо далёка ня першым парушэньнем заканадаўства адказнымі службовымі асобамі:
«Наглядную скаргу накіроўваў адвакат Станіслаў Абразей, было гэта 27 верасьня 2012 году. Яму ж павінны былі і даслаць адказ, не пазьней як празь месяц, бо матэрыялы судовай справы для дадатковага вывучэньня запатрабаваныя не былі. Адказу адвакату няма дагэтуль. Я ня веру ў вінаватасьць сына, лічу судовае рашэньне неправасудным, сьмяротнае пакараньне — беспадстаўным, але са свайго боку не магу нічым паспрыяць у гэтай справе: у СІЗА КДБ тройчы зьнікалі даверанасьці, якія павінна было падпісаць кіраўніцтва гэтай установы, каб я таксама магла прадстаўляць інтарэсы Ўлада. Я мяркую, што даверанасьці зьнікалі не выпадкова, а каб абмежаваць мае намаганьні ў барацьбе за жыцьцё сына, а потым — за ягонае чэснае імя. Дарэчы, і даверанасьці — не адзінае, што патаемным чынам зьнікла ў СІЗА КДБ. Зьніклі і запісы Ўладзіслава, якія ён вёў падчас судовага працэсу. Мне так і не ўдалося высьветліць, дзе зараз тыя паперы, хто іх зьнішчыў або прысвоіў зь невядомымі мэтамі…»