Адкрыла дыскусію дзеючая каардынатарка па Віцебскай вобласьці Лідзія Сагідуліна: “Адным з галоўных напрамкаў працы ГП ў 2012 годзе зьяўлялася праца з дэпутатамі ўсіх узроўняў. Мы прымусілі чыноўнікаў працаваць! У Полацку, Глыбокім, Віцебску, Воршы было пададзена больш за 50 зваротаў у ворганы ўлады. Традыцыйна вёўся збор подпісаў сярод грамадзян па праблемах, што іх хвалююць. У пэрыяд парлямэнцкіх выбараў у вобласьці было зарэгістравана 2 кандыдаты - Канстанцін Анташкевіч і Аляксандар Мікулін. Іх праца ў агітацыйны пэрыяд прымусіла кандыдатаў ад улады праводзіць, як і мы, пікеты, сустракацца з выбаршчыкамі. Грамадзянская дамова забясьпечыла юрыдычную падтрымку дзясяткам грамадзян. У Глыбокім, Віцебску, Воршы і Полацку адкрыліся офісы дэпутатаў Грамадзянскай дамовы. Спадзяемся, што «новая большасьць» падтрымае ідэі Грамадзянскай дамовы і дапаможа стаць шмат каму зь іх кандыдатамі на мясцовыя выбары”.
Да ўдзельнікаў сходу па скайпе зьвярнуўся намесьнік кіраўніка кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў. Ён вітаў прысутных актывістаў, падзякаваў за праведзеную на працягу 3-х гадоў працу. Паводле слоў Дзьмітрыева, сур’ёзным выпрабаваньнем для кампаніі «Гавары праўду» стануць будучыя выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў: “Мы павінны на маючых адбыцца выбарах адлюстроўваць і адстойваць меркаваньне большасьці нашых выбаршчыкаў, адпавядаць іх спадзяваньням, чаканьням і быць гатовымі адстойваць іх думку”.
Мікалай Петрушэнка, вітаючы дэлегатаў канфэрэнцыі ад імя грамадзянскай кампаніі «Наш дом», адзначыў, што ёсьць шмат пунктаў сумеснага прыкладаньня сіл і прапанаваў лепш каардынаваць сумесныя мерапрыемствы.
Мікалай Дзямідаў, актывіст «Гавары праўду», лідэр Аршанскай арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет»: “Ёсьць пра што пагаманіць, асабліва наконт офісу кандыдатаў Грамадзянскай Дамовы ў Воршы. Пытаньняў у горадзе шмат, а спраў вельмі мала. Ідзе рэарганізацыя мясцовых структур улады. Неабходны рамонт дзіцячага аддзяленьня шпіталя ў г. Барань. Працягваецца судовы працэс па факце парушэньняў у Воршы заканадаўства падчас парлямэнцкіх выбараў 2012 году. Актуальная праца зь цяжкімі падлеткамі (наркаманія і г.д.). Усё гэта павінна быць у цэнтры ўвагі офісу дэпутата Грамадзянскай дамовы”.
Дэпутат Грамадзянскай дамовы Аляксандар Мікулін, Віцебск: “Хачу прысутных павіншаваць з тым, што мы змаглі ў перадвыбарнай кампаніі 2012 паказаць усім, што мы ўяўляем рэальную палітычную сілу, падтрыманую людзьмі. Наш досьвед палітычнай барацьбы цяпер запатрабаваны, як ніколі. Толькі праца з насельніцтвам, якое жадае пераменаў у будучыні, прынясе нам перамогу”.
Дэпутат Грамадзянскай дамовы Канстанцін Анташкевіч, Ворша: “Па выніках кампаніі 2012 году праведзеная вялікая праца, закранутыя праблемы гораду. У цяперашні час бачым рэакцыю ўладаў. Пасьля нашага ўмяшаньня павялічылася колькасьць лекараў-тэрапэўтаў у паліклініках. Праведзеная наўпроставая лінія з дырэктарам АТП № 3 па праблемах гарадзкога пасажырскага аўтатранспарту. Улады вымушаныя былі прызнаць праблему сыходу працоўных кадраў з прадпрыемстваў гораду, пра што была артыкул у «Аршанскай газеце”. Цяпер чыноўнікі самі сталі зьвяртацца да грамадзкіх актывістаў з прапановамі аб аднаўленьні працы грамадзкіх офісаў па працы зь цяжкімі падлеткамі”.
Сяргей Вазьняк у сваім выступе спыніўся на асноўных задачах, якія ставіць перад сабой кампанія «Гавары праўду» на 2013 год: “Дэмакратычныя сілы робяць вялікую памылку, нацэльваючы сваю працу збольшага на цьвёрдых прыхільнікаў апазыцыі. Наша мэтавая група - «новая большасьць», або «незадаволеная большасьць», як яна названая ў сьнежаньскім сацыялягічным апытаньні НІСЭПД. Праз ідэі Грамадзянскай дамовы, які мае на ўвазе сумесную працу кампаніі «Гавары праўду» і «новай большасьці», мы павінны абудзіць актыўнасьць гэтых людзей, уцягнуць іх у грамадзка-палітычную дзейнасьць. Ключавое зьвяно гэтай працы - рэгіянальныя офісы дэпутатаў Грамадзянскай дамовы, якія павінны стаць эфэктыўнымі грамадзка-палітычнымі структурамі, здольнымі вырашаць тыя праблемы, якія не вырашаюцца ворганамі ўлады. Выдатны мэханізм палітызацыі «новай большасьці» - прыцягненьне новых людзей да ўдзелу ў мясцовых выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты. У ранейшыя выбарчыя кампаніі мы казалі людзям: зьбірай подпісы або станавіся ў пікет за Іванова, Пятрова, Сідарава… Зараз мы кажам ім: стань кандыдатам у дэпутаты сам. Кампанія «Гавары праўду» цябе падтрымае, калі ты гатовы не апасродкавана, праз кагосьци, а непасрэдна ўдзельнічаць у вырашэньні праблем, якія стаяць перад тваёй сям’ёй, домам, вуліцай, мікрараёнам, горадам, краінай. Толькі праз уцягваньне новых людзей у актыўную дзейнасьць мы зможам дамагчыся ў Беларусі рэальных пераменаў”.
Абласным каардынатарам кампаніі «Гавары праўду» па Віцебскай вобласьці ўдзельнікі сходу аднагалосна абралі Лідзію Сагідуліну, у адрас якой было выказана шмат добрых слоў.
Крыніца: "Гавары праўду"