Яўген Парчынскі ня дужа ахвотна гаворыць пра падзеі, што здарыліся тры дні таму: “Не хацеў расказваць нікому. Але праз знаёмых усё ўжо трапіла ў інтэрнэт. Толькі я па-ранейшаму нічога не магу сказаць пра тое, што гэта былі за людзі, і што яны хацелі. У чым прычына, што мяне чакалі каля пад’езду, я ня ведаю. Аднак жа і высьветляць не хацелася: сядзеш з такімі ў машыну, а потым апынесься зьвязаным у лесе. Яны мне нічога не казалі, пра што будзем гаварыць. Толькі цягнулі. Потым нехта з траіх ударыў пад вока, нехта – па рэбрах. Назаўтра я пайшоў у паліклініку, урачы сказалі, што ў мяне садны мяккіх тканак. Нічога больш сур’ёзнага няма. Ня ведаю, ці будуць урачы паведамляць у міліцыю. Я, прынамсі, зьвяртацца туды не зьбіраўся. Бо каго яны там знойдуць?”
Паводле словаў Яўгена Парчынскага, яму дапамаглі адбіцца ад невядомых з “Фальксвагену” суседзі па пад’езьдзе. З часу здарэньня прайшло 3 дні, і больш яго ніхто не турбаваў.
Сябры Парчынскага, заснавальніка мясцовага незалежнага сайту “Свабодны рэгіён”, выказваюць свае вэрсіі падзеяў. Яны гавораць пра імавернасьць таго, што інцыдэнт можа быць зьвязаны з акцыяй у падтрымку палітвязьняў, заплянаванай якраз на 12 жніўня. Гэта быў дзень народзінаў Мікалая Статкевіча, і ў Наваполацку зьбіраліся вывесіць расьцяжку з патрабаваньнем вызваліць яго ды іншых палітзьняволеных. Акцыя не адбылася. Спадар Парчынскі па-ранейшаму не зьбіраецца зьвяртацца ў міліцыю. Кажа, што адчувае сябе ўжо няблага.