«Мы з мужам заўсёды хацелі траіх дзяцей, – пачынае свой аповед 33-гадовая Марына Джуглій. – Старэйшаму сыну Камілу 12 гадоў, малодшаму Мацьвею ў сакавіку споўніцца тры гады. Калі даведаліся, што трэцяе дзіця таксама хлопчык, я нават жартам сказала мужу, што прыйдзецца яшчэ раз схадзіць у радзільню – па дзяўчынку».
Цяжарнасьць, паводле слоў Марыны, праходзіла спакойна.
«На раньнім тэрміне ў мяне быў таксыкоз, але я нармальна справілася, на захаваньні не ляжала, – кажа яна. – На першым УГД паставілі рызыку разьвіцьця генэтычнай паталёгіі. Я, вядома, спалохалася спачатку. Але мяне супакоілі, накіравалі на абсьледаваньне ў Віцебск. Празь месяц прыйшлі вынікі, што дзіця абсалютна здаровае. Мы, дарэчы, з мужам адразу вырашылі – нават калі ў дзіцяці будуць асаблівасьці, усё адно будзем нараджаць».
18 сьнежня Марына плянава прыехала нараджаць у Наваполацак.
«І першае, і другое дзіця я нараджала ў Полацку, але ў 2013 годзе нашу радзільню зачынілі. З тых часоў усе нараджаюць у Наваполацку. Можаце ўявіць, што там дзеецца: два вялікія гарады плюс ўсе вёскі ў акрузе. Проста канвэер, іншым словам я гэта назваць не магу», – кажа Марына.
Былы будынак, у якім разьмяшчалася акушэрскае аддзяленьне ў Полацку, перадалі пад турыстычныя аб'екты. Новую радзільню ў Полацку пачыналі будаваць. На выезьдзе з гораду дагэтуль бачныя забітыя палі. У 2012 годзе ўзьвялі падмурак і пачалі мантаж каркасу. Зь бюджэту асвоілі каля 2 мільярдаў рублёў. Губэрнатар вобласьці Аляксандар Косінец (цяпер – кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта) асабіста абяцаў знайсьці фінансаваньне. Але потым мясцовыя ўлады палічылі, што будаўніцтва радзільнага дому ў Полацку немэтазгоднае.
Мясцовыя жыхары пісалі звароты, што радзільня ў Наваполацку не зможа прыняць пацыентак з усяго Полацкага раёну, Полацка і Наваполацка. Але чыноўнікі палічылі па-іншаму. У цяперашні час у Наваполацкам радзільным доме 165 ложкаў.
«Аддзяленьне было перапоўненае. На калідоры ніхто не ляжаў, але палаты былі поўныя, – працягвае Марына. – Мне прапанавалі месца ў платнай палаце, я пагадзілася. Памятаю яшчэ, супакойвала сваю суседку, у яе былі першыя роды. Хоць у мяне самой быў вельмі трывожны настрой. Паступіла я пятніцу. Баялася, што нараджаць прыйдзецца на выходных. Ці яшчэ горш – уначы ў суботу або нядзелю. Праўда, лекар, якая мяне аглядала, сказала, што чакаюць роды ў панядзелак».
У абед пятніцы ёй зрабілі УГД. Абсьледаваньне праводзіла намесьнік загадчыцы радзільні Людміла Суднік.
«Памятаю, яна сказала медсястры запісаць: «Буйны плод пад пытаньнем. Аднаразовае абвіцьце пупавіны, – кажа Марына Джуглій. – Сэрцабіцьцё плоду было ў норме. Мне выпісалі но-шпу па таблетцы тры разы на дзень».
Аднак у ноч зь пятніцы на суботу Марына адчула боль унізе жывата. «Потым адышлі воды, – успамінае Марына. – Я пайшла на пост. Памятаю, прасіла прабачэньня і ў мэдсёстраў, і ў лекараў, што ўсе ўначы адбылося, ды яшчэ ў суботу. Доктар Алена Юркіна і інтэрн мяне агледзелі, накіравалі ў перадродавую палату».
Пасьля гэтага, паводле слоў Марыны Джуглій, лекара Юркіну яна больш ня бачыла. Роды ў яе прымала іншая лекарка, Яўгенія Княжышча.
«Паколькі я нараджала трэці раз, досьвед у мяне ўжо быў, я паводзілася стрымана, не крычала. Нават калі боль быў вельмі моцны, кусала сябе за палец, – кажа Марына. – Я пачала нараджаць, але галава дзіцяці не прасоўвалася. Гадзіны тры гэта працягвалася. Я казала лекару, што губляю сілы. Але яна сказала так: «Ты ў мяне не нараджала. Ніякіх скаргаў і канцэртаў. Раджаем!»
У радзільную залю пацыентку, паводле яе слоў, ужо вялі пад рукі.
«У мяне зусім не было сіл пяцца. Я нават на крэсла зь першага разу забрацца не магла, – кажа яна. – Потым мне пачалі ціснуць на жывот, задзіраць ногі. Адначасова вымяралі сэрцабіцьцё дзіцяці, яно стала падаць. Памятаю, яны казалі: 80, 70, 60, 50... Мяне ўразіла, што ніхто ня выклікаў рэаніматоляга, каб рыхтаваць прэпараты. Яна прыйшла ў радзільную залю празь некалькі хвілін. Але ж у такіх сытуацыях кожная сэкунда на рахунку. Лекар быў на дзяжурстве ў гэты час, і я не разумею, чаму яна не прыйшла да нас. Дзіця выштурхнулі, але ўжо было спыненьне сэрца. Каля 20 хвілін на маіх вачох яго спрабавалі выратаваць, але быў страчаны час».
Мэдычная дапамога была патрэбна і самой парадзісе. «Швы накладвала ўжо лекар Юркевіч. Доктар, якая прымала роды, кудысьці сышла», – успамінае Марына.
Раніцай у суботу лекары канстатавалі сьмерць дзіцяці. Акушэрка і рэаніматоляг адразу падышлі да пацыенткі, сказалі, што зрабілі ўсё, што маглі, і папрасілі прабачэньня. Зь лекарам, якая прымала роды, Марына так і н бачылася.
«Я бачыла ў інтэрнэце, што Яўгенія Мікалаеўна напісала верш, дзе спачувае мне, – кажа Марына Джуглій. – Яна мяне гэтым не кранула. У мяне па-ранейшаму засталося шмат пытаньняў. Я не разумею, чаму яна ў такой складанай сытуацыі не зьвярнулася да больш дасьведчаных калегаў. Як пазьней сказала загадчыца, паводле ейных слоў, яна разьлічвала, што дасьць рады сама. Мне таксама незразумела, дзе быў рэаніматоляг, чаму ён не прыйшоў своечасова».
Нягледзячы на тое, што трагедыя адбылася ў суботу раніцай, кіраўніцтва лякарні сустрэлася з Марынай толькі ў панядзелак.
«Я так разумею, для іх сьмерць дзіцяці – гэта звычайны выпадак. Не адмяняць жа праз гэта выходныя! – кажа жанчына. – Я спытала ў загадчыцы радзільні Маргарыты Разінай, ці можна было выратаваць маё дзіця. «Я мяркую, можна, – адказала яна і дадала. – Вы ж разумееце, кожны лекар мае свае могілкі». Гэтая фраза мяне забіла канчаткова. Я сама ўсё жыцьцё прапрацавала ў мэдыцыне. І ведаю выпадкі, калі лекары ратавалі пацыентаў, у якіх былі траўмы, не сумяшчальныя з жыцьцём. А я прыехала нараджаць здаровым чалавекам, і дзіця маё было здаровае. Мама павінна выходзіць з радзільні зь дзіцем і кветкамі, а я выйшла з труной».
Паводле слоў Марыны, папярэднія вынікі ўскрыцьця паказалі, што дзіця быў здаровае і памерла ў выніку ўдушша ў працэсе родаў. Афіцыйная фармулёўка – унутрычэраўная гіпаксія, упершыню выяўленая падчас родаў і распрастраньня, заўчаснае адслаеньне пляцэнты неўдакладненыя.
Пакуль Марына ляжала ў шпіталі, яе муж напісаў заяву ў Сьледчы камітэт. На цяперашні момант па факце трагедыі ідзе праверка.
15 студзеня карэспандэнт Naviny.by пабывала ў Наваполацкім шпіталі, аднак ані галоўнага лекара, ані кіраўніцтва радзільнага аддзяленьня на працоўным месцы не аказалася. Намесьнік галоўнага лекара па мэдычнай частцы Юры Аляшкевіч адмовіўся пракамэнтаваць сытуацыю.
Тым часам мэдпэрсанал ў кулюарах абмяркоўвае, што лекара, які прымаў роды ў Марыны Джуглій, могуць звольніць. Аднак да заканчэньня праверкі рабіць высновы заўчасна. Пакуль са спэцыялістам працуе псыхоляг.
«Я прынцыпова не называла імя доктара, пакуль ідзе праверка, – кажа Марына. – Але Яўгенія Мікалаеўна сама апублікавала ў інтэрнэце свой верш, пасьля чаго ўсе даведаліся яе дадзеныя».
Вядома, што лекар Яўгенія Княжышча скончыла мэдычны ўнівэрсытэт у Віцебску. Раней працавала акушэрам-гінеколягам ў Мар'інай Горцы, дзе за год прымала каля 500 малых.
«Калі я ляжала ў перадродавай залі, яна пыталася, ці ёсьць у мяне яшчэ дзеці. Казала, што яны з мужам таксама мараць пра трох малянят, – успамінае Марына Джуглій. – У мяне няма пачуцьця помсты. Я не хачу, каб яе адправілі ў турму. Але калі будзе даказаная яе віна, лічу, што варта пазбавіць яе права на мэдычную дзейнасьць. Непрафэсіяналы не павінны працаваць у мэдыцыне. Я не хачу, каб нехта яшчэ з радзільні вярнуўся дадому з труной».
З гэтай прычыны Марына і яе блізкія вырашылі зьвярнуцца ў сьледчыя органы, а таксама распавесьці пра тое, што здарылася, прэсе.
«Калі я выпісвалася, да мяне падышоў супрацоўнік радзільні, сказаў, каб я не пісала заяву, бо гэта будзе пляма на рэпутацыі шпіталя, – кажа яна. – Цяпер я ведаю, колькі ў іх гэтых «плямаў». Пасьля таго, як я апублікавала ў сацыяльнай сетцы верш пра сваю бяду, мне прыйшло вельмі шмат камэнтароў і асабістых паведамленьняў, дзе людзі пішуць, што сутыкаліся акурат з такімі самымі праблемамі. Проста мала хто мае сілы пасьля такой трагедыі змагацца, шукаць праўду».
Марына кажа, што ў яе назапасіліся пытаньні ня толькі да лекара, якая прымала роды, але таксама да адміністрацыі шпіталя. Чаму ў тую зьмену працавалм толькі два лекары? Чаму не было нікога з адміністрацыі на дзяжурстве? Чаму не працавалі відэакамэры ў радзільнай залі, запісы якіх маглі б паказаць, што адбывалася насамрэч? Чаму кіраўніцтва прыйшло да яе ў палату на трэці дзень пасьля трагедыі?
«Амаль месяц мінуў з таго страшнага дня, але ў мяне пастаянна ў галаве пракручваюцца тыя падзеі. Уначы я практычна ня сплю, хоць прымаю снатворнае. Ня ведаю, ці змагу я калі-небудзь зьмірыцца з гэтым горам», – кажа Марына.
У гэты час малодшы сын залазіць да яе на рукі і кажа, што трэба зьбірацца на шпацыр.
«Дзякуй Богу, што ў мяне ёсьць муж і дзеці. Мне ёсьць, для каго жыць», – кажа яна.
Карыстальнікі сацсетак пакінулі каля 2 тысяч камэнтароў на старонцы Марыны. Яны выказваюць словы падтрымкі сям'і Джуглій і спадзяюцца, што мясцовыя ўлады і праваахоўныя органы разьбяруцца ў сытуацыі, каб такія трагічныя выпадкі не паўтараліся.
Адар'я Гуштын, http://naviny.by/
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/125-u-smertsi-dzitsyatsi-u-navapolatskaj-radzilni-vinavatyya-lekary-i-chynouniki#sigProId83198f4aab