Пятніца, 28 Май 2021

Прадпрымальнікі: новыя прапановы ўраду для дробнага бізнесу невыканальныя

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Напярэдадні Дня прадпрымальніка прадстаўнікі дробнага бізнесу чатырох віцебскіх рынкаў – «Мега», «Паўднёвы» «Цэнтральны», «Эвіком» – абмеркавалі новыя нарматывы пастановы Савету міністраў і Нацыянальнага банку. Ад 9 ліпеня індывідуальным прадпрымальнікам забароняць набываць тавары за мяжой за наяўныя грошы. Раней дазволеная сума ўгоды ў замежнай валюце складала для ІП 100 базавых велічынь.

Як паведаміла кіраўніца Цэнтру падтрымкі прадпрымальніцтва Ірына Яскевіч, віцебскія іпэшнікі перакананыя, што новыя прапановы для дробнага бізнесу невыканальныя. Калі голас прадпрымальнікаў не будзе пачуты, калі будуць праігнараваныя іхныя прапановы, то дзеля захавання працоўных месцаў неабходна будзе выводзіць ІП са статусу «бізнес». У іншым выпадку іпэшнікі вымушаныя будуць альбо зачыніцца, альбо падаваць нулявыя дэкларацыі.

Вельмі клапоціць прадпрымальнікаў праблема маркіроўкі тавару, развязаць якую не ўяўляецца магчымым, бо расейскія контрагенты не выдаюць беларусам маркіраваны тавар, і ў бліжэйшы час не збіраюцца. Каменем спатыкнення застаецца і неабходнасць касавага апарату, СКНО і тэрміналу на адкрытых рынках, бо для бальшыні іпэшнікаў набыццё апаратаў не па кішэні. Асабліва ў рэгіёнах, дзе людзі гандлююць толькі ў выходныя, дзе часам выручкі не хапае нават на выплату абавязковых плацяжоў.

Ірына Яскевіч мяркуе, што ў выніку прыняцця новых правілаў гульні пацярпіць бюджэт краіны, які недаатрымае падаткі ад прадпрымальнікаў. Бачыць праблему яна і ў тым, што буйныя бізнесоўцы ўмеюць паказваць свае выдаткі ў выгадным для іх святле, зводзіць прыбытак да нулю і вельмі ласыя да танных крэдытаў ад дзяржавы. Яна перакананая, што ў дадзенай сітуацыі лабіруюцца інтарэсы буйных гульцоў, бо пакупнікоў больш не становіцца. Лабісты прадбачаць цяжкасці з рэалізацыяй тавару і разлічваюць, што людзі, якія раней набывалі тавар на рынках, проста пяройдуць да іх

«Мы, як жыхары Віцебскай вобласці, хочам выплачваць разумныя падаткі, клапоцячыся не толькі пра сябе, але і пра папаўненне бюджэту. Сёння спаўняецца 30 гадоў, як быў падпісаны закон аб індывідуальным прадпрымальніцтве. Такое ўражанне, што адмыслова ў юбілейны год ствараюцца такія ўмовы, што без тэрміновага карэктавання гэтых заканадаўчых актаў дробнага раздробу проста не будзе», – кажа Ірына Яскевіч.

Ян Ластаўка