Падчас дыскусіі абмяркоўваліся бягучыя справы ў прафсаюзе, якія апошнім часам ідуць ня надта добра: улады пастаянна ціснуць на прафсаюз і яго чальцоў. Шмат хто зь іх быў дапытаны ў межах так званай справы прафсаюзу.
Крымінальная справа ў дачыненьні да старшыні прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара Ігара Комліка была распачатая ў жніўні 2017 году. Кіраўнікоў прафсаюзу абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры). Ім пагражае зьняволеньне на тэрмін да 7 гадоў. 18 чэрвеня крымінальная справа перададзеная ў суд Савецкага раёну Менску.
Сябры віцебскай філіі выказалі салідарнасьць з абвінавачанымі і заявілі пра іх падтрымку. Яны ўпэўненыя: крымінальная справа зьяўляецца чыста палітычнай і сфальшаванай праз актыўнае змаганьне прафсаюзу за правы працоўных.
«Уся гэтая справа змайстраваная зь нічога, – заявіў Георгі Разумаў. – Але што скажа наш самы "справядлівы" суд – невядома».
Абмеркавалі актывісты і абноўлены дэкрэт аб так званых «дармаедах». У адпаведнасьці з гэтым актам, у рэгіёнах ствараюцца адмысловыя камісіі, якія будуць складаць сьпісы «дармаедаў» і затым вызначаць, каго зь іх ліку вызваліць ад аплаты ЖКГ па падвышаным тарыфе, каго накіраваць у ЛПП, а каму, наадварот, даць магчымую працу.
Актывісты вырашалі, якім чынам можна дапамагчы людзям, якія трапяць пад дзеяньне дэкрэту. Так, праваабаронца Павал Левінаў выказаў прапанову, што калі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў ня ўключаць у камісіі, то трэба дзяжурыць каля дзьвярэй гэтых камісіяў і аказваць усялякую дапамогу людзям, што выходзяць зь іх. І дадаў: «Той дэкрэт, супраць якога тут усе пратэставалі і хадзілі па горадзе і па ўсёй краіне, выявіўся нашмат мякчэйшым за той, што выдумалі зараз. Таму што цяпер без суду і сьледзтва цябе могуць і ў ЛПП заперці, і прымусіць плаціць падвышаную камуналку».
Уладзімер Бяляўскі