Так, вынікам крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Беларусі на 1 студзеня 2024 года 1 452 палітзняволеных, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю; з іх 168 — жанчыны; 535 палітвязняў — маладзёны. Яшчэ 1 413 чалавек, з іх 339 жанчын, пасля пазбаўлення волі паводле палітычных матываў вызвалены ў сувязі з адбыццём пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, пасля знаходжання пад вартай, вызваленнем у парадку памілавання.
На канец 2023 года было вядома пра 4 248 асуджаных да розных відаў пакарання паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, 910 з гэтай колькасці — жанчыны.
Судамі вынесена не менш за 4 466 адміністрацыйных пастаноў, з іх у 1 822 выпадках накладзены штраф і ў 2 005 выпадках ужыты адміністрацыйны арышт, 38 спраў спынена, вынікі разгляду астатніх спраў невядомыя.
Пры захаванні высокага узроўню крымінальных рэпрэсій стала значна больш спраў паводле абвінавачвання ў стварэнні, кіраўніцтве і ўдзеле ў экстрэмісцкіх фармаваннях, садзейнічанні і фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці. Захавалася вялікая колькасць крымінальных спраў за ўдзел у вулічных пратэстах і выказванні ў сетцы Інтэрнэт.
Палітычных зняволеных утрымоўвалі ў асабліва жорсткіх умовах, пад надзвычай строгім кантролем, на іх накладвалі не прадугледжаныя законам абмежаванні і ў выніку шматлікія палітвязні ў дысцыплінарным парадку былі пазбаўленыя вызначаных згодна з законам пасылак, перадач, у тым ліку лекавых, спатканняў з роднымі, жонкамі і мужамі, адвакатамі; ліставанне палітвязняў адвольна абмежаванае. Палітзняволеных накіроўвалі на прымусовую малааплатную працу.
Асаблівасцю 2023 года стала змяшчэнне некаторых палітвязняў у поўную ізаляцыю — у становішча інкамунікада. Не менш як 29 палітвязням, шасцярым (у тым ліку дзвюм жанчынам) з іх двойчы, працягвалі тэрміны пазбаўлення волі.
Вельмі цяжка пераносілі пазбаўленне волі людзі з інваліднасцю, хранічнымі захворваннямі, пажылыя людзі, часкова ім стваралі невыносныя ўмовы без уліку іх уразлівага становішча.
Пасля выхаду на волю па адбыцці пакарання палітзняволеныя траплялі пад строгі кантроль, які выходзіў за межы звычайнага нагляду за вызваленымі асуджанымі; правы асуджаных дадаткова абмяжоўваюцца наступствамі ўключэння ў пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Суды працягвалі функцыянаваць у якасці інструмента рэпрэсій у дачыненні да фігурантаў палітычна матываваных адміністрацыйных, крымінальных і грамадзянскіх спраў. Грамадска-палітычны сектар скарачаўся ў выніку ліквідацыі арганізацый ці прымусу да самаліквідацыі, а таксама з-за іншых рэпрэсіўных мер.
Працягваўся пераслед за мірнае выказванне меркаванняў, пераслед пад выглядам барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам. З пераследам сутыкнуліся журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры.
Катаванні і забароненае абыходжанне заставаліся для карных органаў інструментам ціску і запалохвання. Не было выпадкаў расследавання і прыцягнення да адказнасці асобаў, вінаватых у шырокамаштабных катаваннях і іншых грубых парушэннях правоў чалавека ў жніўні 2020 года і ў наступных гадах, на нацыянальным узроўні.
Улады парушалі права на жыццё: палітзняволеныя Алесь Пушкін і Мікалай Клімовіч памёрлі ў няволі ў выніку неаказання медыцынскай дапамогі.
Заканадаўча пашыралася сфера ўжывання смяротнага пакарання і быў вынесены новы смяротны прысуд.
Рыгор Суліма