“Праваабаронца года-2022” — палітзняволеная Наста Лойка
У Прэміі — тры намінацыі, і шорт-ліст кожнай з іх трапляе па тры намінанты. Сёлета, у намінацыю “Праваабаронца года-2022” увайшлі праваабаронцы: Павел Левінаў, які падаў 161 індывідуальны зварот у КПЧ ААН, а таксама палітзняволены “вясновец” Уладзімір Лабковіч і палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка. Яна і стала пераможцай.
"Журналіст/ка года-2022" — Аксана Колб
Лаўрэата намінацыі "Журналіст/ка года-2022" павінен быў па традыцыі прадстаўляць Дзяніс Івашын як пераможца мінулага году. Але Івашын — таксама палітзняволены, асуджаны да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таму лаўрэата агучыў старшыня “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Бастунец.
Сярод намінантаў былі палітзняволеная галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, а таксама фатограф і стваральнік праекта “Плошча пераменаў” Яўген Атцецкі. А журналісткай года-2022 стала рэактарка “Новага часу” Аксана Колб — былая палітзняволеная, якая змагла пакінуць Беларусь.
"Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2022" — Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі
За перамогу ў гэтай намінацыі змагаліся Майстэрня паштовак салідарнасці, Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі. Апошні і перамог, а прадставіла яго праваабаронца Вікторыя Фёдарава.
Не ўсе лаўрэаты і намінанты змаглі там прысутнічаць праз зняволенне ці вымушаную эміграцыю. “Вясна” распавядае, як праходзіла цырымонія.
Цяперашняя прэмія стала ўжо чатырнаццатай па ліку. У 2008-м годзе яе заснаваў "Праваабарончы альянс", з 2011 года прэмія прадстаўляе інтарэсы і меркаванне ўсёй беларускай праваабарончай супольнасці.
Іван Чайка