«Пытанні былі звязаныя з Левінавым, BY HELP і «Вясной». Падчас ператрусу ў Паўла Левінава забралі камп'ютар, і як мне сказалі, на носьбітах інфармацыі былі квітанцыі за аплату штрафаў. Я казала, што штрафы мы аплачвалі самі, а потым і квітанцыі, і пратаколы – увесь пакет дакументаў, аддавалі Левінаву, і ён рыхтаваў судовыя скаргі. Гэта ўсё бясплатна», – расказала Таццяна Севярынец.
Таксама следчыя распытвалі, ці абяцалі ўдзельнікам пратэстаў аплаціць іхныя штрафы і ці даваў ім праваабаронца грошы. На такія пытанні былі вымушаныя адказваць дзясяткі жыхароў Віцебску, пакараныя за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Кагосьці выклікалі ў Следчы камітэт, а да некаторых следчыя прыходзілі проста дахаты.
Што да праваабаронцы Паўла Левінава, то ён не атрымліваў са Следчага камітэту аніякіх афіцыйных звестак пра крымінальную справу, у межах якой праводзяцца допыты віцяблян.
«Я звярнуўся ў цэнтральны апарат Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь. Запытаўся, ці распачатыя нейкія крымінальныя справы, па якіх артыкулах, які ў мяне статус – ці я падазраваны, ці я абвінавачаны, ці была абраная нейкая мера стрымання. І прасіў патлумачыць лёс забраных у мяне рэчаў і грашовых сродкаў», – патлумачыў Павел Левінаў.
Ператрус у Паўла Левінава быў праведзены 16-га лютага. Праваабаронца цвердзіць, што не рабіў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Але яму дагэтуль не вярнулі аргтэхніку і дакументы, якія цяпер вывучае Следчы камітэт.