Панядзелак, 09 Снежань 2019

Міхаіл Мацкевіч: Правы чалавека – гэта абарона грамадзяніна ад рэпрэсій дзяржавы

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Міхаіл Мацкевіч у Віцебску Міхаіл Мацкевіч у Віцебску

Супрацоўнік «Офісу па правах людзей з інваліднасьцю» праваабаронца Міхаіл Мацкевіч расказаў у Віцебску пра правы меншасьцяў і ўладу большасьці. Як з гэтым у Беларусі і ва ўсім сьвеце? І – «што ня так?..» Сустрэча з праваабаронцам адбылася 8 сьнежня ў межах праекту «ОГО».

10 сьнежня 1948 году Генэральная Асамблея ААН абвясьціла і прыняла «Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека». У 1966 годзе прынятыя «Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах» і «Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах«. Гэткім чынам быў зацьверджаны міжнародны стандарт правоў чалавека і грамадзяніна.

Аднак, як адзначыў экспэрт, у любой краіне дзяржава, у той ці іншай ступені, застаецца патэнцыйным парушальнікам правоў чалавека, бо выконвае ня ўсе ўзятыя на сябе абавязкі.

Ці правы чалавека ўнівэрсальныя?

Няма нейкіх асобных нацыянальных правоў чалавека, бо яны ўнівэрсальныя.

«Чалавек мусіць мець магчымасьць карыстацца ўсім наборам правоў, бо ўсе людзі роўныя. Правы чалавека трэба разглядаць як абарону грамадзяніна ад магчымых рэпрэсій з боку дзяржавы…

На шляху рэалізацыі правоў чалавека – шмат перашкодаў. Напрыклад, у Польшчы, калі ты не грамадзянін краіны, нельга атрымаць права на правядзеньне сходаў. У такіх выпадках узьнікае канфлікт паміж правамі чалавека і правамі грамадзяніна», – тлумачыў Міхаіл Мацкевіч.

Падчас лекцыі

Існуе канфлікт і паміж правамі чалавека і традыцыйнымі каштоўнасьцямі. У Судане, прыкладам, да сёньня існуе практыка жаночага абразаньня – насуперак рэкамэндацыям Камітэту ААН.

Правы меншасьцяў і «ўлада большасьці»

У гульнявой форме Міхаіл Мацкевіч паспрабаваў праілюстраваць абарону правоў меншасьці ад улады большасьці. Удзельнікі, пачуўшы агучаны вядоўцам тэзіс, мусілі зрабіць выбар і, у залежнасьці ад сваіх перакананьняў, стаць альбо «большасьцю», альбо «меншасьцю». Пасьля трэба было патлумачыць сваю пазыцыю, не камэнтуючы супрацьлеглую.

Гульня таксама дала магчымасьць зразумець розьніцу паміж правамі і інтарэсамі. Справа ў тым, што правы нельга абмяжоўваць, а інтарэсы ў дэмакратычным грамадзтве трэба абавязкова ўлічваць.

Правы чалавека і праблема ЛГБТ

Правы чалавека нічога ня кажуць пра легалізацыю аднаполых шлюбаў. Кожная краіна падыходзіць да гэтай тэмы па-свойму.

Мацкевіч прыгадаў выпадак з грамадзянкай Францыі. Жанчына разам са сваёй партнэркай усынавіла дзіця, але праз паўгода служба апекі яго забрала, спаслаўшыся на «лад жыцьця». Эўрапейскі суд па правах чалавека стаў на бок жанчыны і прызнаў парушэньне правоў чалавека з боку дзяржавы. Але ён не прызнаў права на аднаполыя шлюбы і права ўсынаўленьня для аднаполых пар. Суд спаслаўся на права ў францускім заканадаўстве, якое дае кожнаму чалавеку станавіцца прыёмнымі маці ці бацькам.

Гэта ёсьць прыкладам абароны інтарэсаў меншасьці, але без прызнаньня яе правоў.

У Беларусі парушаецца права на жыцьцё

Права на жыцьцё ў Беларусі парушаецца дзяржавай ужо таму, што ў нас дагэтуль прымяняецца сьмяротнае пакараньне. За гады незалежнасьці ў Беларусі расстраляныя ўжо больш за 350 грамадзянаў.

«Ты не катуй мяне!..»

У беларускім заканадаўстве адсутнічае вызначэньне паняцьця «катаваньне». Такая акалічнасьць не дазваляе адсочваць выпадкі катаваньняў. Адбываецца блытаніна паміж «катаваньнем» і «перавышэньнем службовых паўнамоцтваў». Разам з тым Беларусь падпісала некалькі канвэнцый супраць катаваньняў. Але, як мяркуюць праваабаронцы, у краіне адсутнічае інстытут незалежных грамадзкіх камісій, якія б маглі адсочваць выпадкі катаваньняў у месцах пазбаўленьня волі.

Свабода ад адвольнага затрыманьня

Як патлумачыў Мацкевіч, без выстаўленьня абвінавачваньня грамадзяніна могуць затрымаць толькі на 72 гадзіны. Для затрыманьня на большы тэрмін неабходна рашэньне суду.

Праўда, у Беларусі існуе заганная практыка затрыманьня па рашэньні пракурора. Праблему дасудовай меры ўтрыманьня магла б вырашыць сыстэма адміністрацыйных судоў.

Свабода сходаў

Закон аб масавых мерапрыемствах у Беларусі – адзін з найгоршых. Ён прадугледжвае дазвольны, а не паведамляльны прынцып, як у дэмакратычных краінах. Пры гэтым арганізатары мусяць сплаціць вялікія сумы за ахову і дзяжурства мэдыкаў.

Права на стварэньне арганізацыі

І з гэтым ня ўсё так проста. «Калі твая арганізацыя праваабарончая, ці, барані бог, ты вырашыў зарэгістраваць партыю, то зь верагоднасьцю 99,9% зрабіць табе гэтага не дазволяць», – сьцьвярджае Міхаіл Мацкевіч.

Права на справядлівы суд

Справядлівы суд той, які вытрымлівае працэдуру судовага разбору публічна і галосна, з правам на абскарджаньне…

«Правы чалавека – гэта не ўсё добрае супраць усяго дрэннага. І калі мне адціснулі нагу ў тралейбусе, гэта ня значыць, што мае правы парушылі. Нават калі недзе ў сьвеце адбываецца нейкая несправядлівасьць, ня факт, што гэта пра правы чалавека. Правы чалавека – гэта канкрэтны сьпіс канкрэтных рэчаў», – падкрэсьліў, падсумоўваючы, Міхаіл Мацкевіч.

Міхаіл Мацкевіч

Як экспэрт у сфэры грамадзка-палітычных правоў Міхаіл Мацкевіч не разглядаў правы сацыяльна-эканамічныя і культурныя.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.