У сваёй заяве праваабаронца просіць начальніка дарожнай аўтаінспэкцыі распачаць адміністрацыйны працэс у дачыненьні да Ірыны Смаляковай за парушэньне ёй правілаў дарожнага руху. На думку Левінава, адной з задачаў адміністрацыйнага працэсу зьяўляецца, каб кожны, хто зьдзейсьніў правапарушэньне, незалежна ад свайго рангу і пасады, быў падвергнуты справядліваму спагнаньню.
«Палажэньні артыкулу 24.4 “Заведама непраўдзівыя тлумачэньне або заява” Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях мне вядомыя і зразумелыя», – зрабіў прыпіску Павал Левінаў пры канцы сваёй заявы да начальніка ДАІ. Мабыць, пішучы гэта, ён успомніў, як зусім нядаўна віцябчук Пётар Іваноў таксама прасіў пакараць за парушэньне правілаў дарожнага руху прадстаўнікоў улады. Але тады ў выніку былі пакараныя не міліцыянты, якія на думку Іванова зьдзейсьнілі правапарушэньне, а сам Іваноў – ён нібыта абгаварыў супрацоўнікаў міліцыі, чым парушыў згаданы артыкул 24.4.
Справа магла б падацца малазначнай, каб пра яе згадваць у навінах, але яна можа стацца своеасаблівым тэстам на тое, ці зьяўляецца Беларусь прававой дзяржавай. Апошнім часам у дні меркаваных акцыяў апазыцыі супраць актывістаў кідаюць узмоцненыя сілы супрацоўнікаў ДАІ. Пастаянна дзяжураць яны і ля судоў, калі там адбываюцца гучныя працэсы, якія прыцягваюць увагу грамадзкасьці.
Палююць даішнікі ня толькі на кіроўцаў машын, якіх спыняюць і затрымліваюць часьцяком па надуманых прычынах, але і на актывістаў-пешаходаў: крый Божа, калі хтосьці зь іх пяройдзе дарогу на адлегласьці ў адзін мэтар ад «зэбры», – штрафу, а то і затрыманьня не пазьбегнуць. Ці пакараюць цяпер судзьдзю згодна з артыкулам КаАП, паводле якога нярэдка караюць апазыцыянэраў і грамадзкіх актывістаў? Начальнік УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму, калі будзе разьбірацца з заявай Паўла Левінава, мае цудоўную магчымасьць прадэманстраваць, што ў нашай краіне перад законам усе роўныя.