Працягласць спатканняў
Спатканні бываюць кароткатэрміновыя і працяглыя.
Кароткатэрміновыя спатканні могуць быць працягласцю да дзвюх гадзін ва ўмовах СІЗА і да чатырох гадзін — у калоніі. Але як паведамляюць блізкія палітвязняў, напрыклад, у СІЗА-1 працягласць такога спаткання скарачаецца да адной гадзіны.
Працяглыя спатканні дазваляюцца ў калоніях і турме, яны могуць доўжыцца да трох сутак.
Спатканні ў ізалятары часовага ўтрымання
Спатканні ў ІЧУ рэгламентуюцца Правіламі ўнутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання тэрытарыяльных органаў унутраных спраў.
Хоць затрыманы нядоўга знаходзіцца ў ІЧУ — ад 3 да 10 сутак, яму ўсё адно дазваляюцца спатканні з блізкімі сваякамі і чальцамі сям'і на падставе пісьмовага дазволу таго органа, які вядзе крымінальны працэс. Такі дазвол сапраўдны толькі на адно спатканне і дзейнічае на перыяд, пакуль змешчаны пад варту адносіцца да таго органа, які яго выдаў. У дазволе павінна быць пазначана, каму і з кім спатканне дазваляецца. На спатканне з асобай, якая ўтрымліваецца пад вартай у ІЧУ, дапускаецца адначасова адзін наведвальнік, не лічачы дзяцей да шаснаццацігадовага ўзросту.
На падставе пісьмовага дазволу і дакумента, які пацвярджае асобу, начальнік ІЧУ дазваляе спатканне ў парадку агульнай чаргі і аддае пісьмовае распараджэнне дзяжурнаму пра яго правядзенне.
Перад пачаткам спаткання затрыманаму і яго родным тлумачацца правілы паводзінаў падчас спаткання: забаронена перадаваць адно аднаму якія-небудзь прадметы, рэчы, дакументы ці прадукты харчавання, зносіны праходзяць пад візуальным кантролем супрацоўніка ІЧУ і на зразумелай яму мове (пры неабходнасці — можа быць запрошаны перакладчык).
Калі пазначаныя правілы парушаюцца, спатканне можа быць спынена датэрмінова.
Спатканні ў следчым ізалятары
Спатканні ў СІЗА рэгламентуюцца Правіламі ўнутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, а ў СІЗА КДБ — Правілы ўнутранага распарадку ў следчых ізалятарах органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Калі затрыманы па крымінальнай справе знаходзіцца пад вартай у следчым ізалятары ці пад хатнім арыштам, дазвол на спатканне таксама выдае орган, які вядзе крымінальны працэс. Для гэтага блізкім сваякам і чальцам сям'і трэба звярнуцца да яго з заявай. Пісьмовы дазвол сапраўдны толькі на адно спатканне, у ім павінна быць пазначана, каму і з якімі асобамі яно дазваляецца.
На падставе пісьмовага дазволу органа, які вядзе крымінальны працэс, а таксама дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, начальнік СІЗА ці яго намеснік дае пісьмовае ўказанне пра дазвол спаткання, пасля чаго аддае распараджэнне дзяжурнаму памочніку пра яго правядзенне.
Спатканне дазваляецца ў парадку жывой чаргі. Адначасова на спатканне могуць прыйсці не больш за двух паўнагадовыя, якія павінны прад'явіць дакументы, што пацвярджаюць асобу.
У СІЗА таксама перад пачаткам спаткання асобы, якія прыбылі на яго, інфармуюцца пра правілы паводзінаў:
забараняецца перадаваць адно аднаму якія-небудзь прадметы, рэчы, дакументы і прадукты харчавання;
перамовы праводзяцца пад візуальным кантролем супрацоўнікаў СІЗА ў адмыслова абсталяваных дзеля гэтых мэтаў памяшканнях праз раздзяляльную перагародку непасрэдна ці праз перагаворную прыладу;
могуць праслухоўвацца супрацоўнікамі СІЗА;
размова павінна весціся на зразумелай супрацоўніку СІЗА мове, у выпадку неабходнасці запрашаецца перакладчык.
Калі зняволены ці яго блізкія сваякі парушаюць правілы, спатканне можа быць датэрмінова спынена.
Па крымінальнай справе, якая паступіла пракурору з пастановай пра перадачу крымінальнай справы для накіравання ў суд, спатканне зняволенаму з блізкімі сваякамі і чальцамі сям'і можа дазволіць пракурор ці яго намеснік.
Як правіла, падчас судовага працэсу спатканні са сваякамі не дазваляюцца. Аднак адразу пасля завяршэння суда можна звярнуцца да судзі з адпаведнай заявай.
Пасля абвяшчэння прысуду старшынствуючы ў судовым пасяджэнні ці старшыня суда па просьбе чальцоў сям'і і блізкіх сваякоў абвінавачванага, які змяшчаецца пад вартай, павінен даць ім магчымасць спаткання з абвінавачваным.
Таксама з заявай аб дазволе спаткання можна звярнуцца да суддзі пасля разгляду скаргі ў апеляцыйным парадку.
Наведванні на "хіміі"
У папраўчай установе адкрытага тыпу, куды накіроўваюць адбываць пакаранне асуджаных да абмежавання волі, наведванні рэгламентуюцца Правіламі ўнутранага распарадку такіх установаў.
Наведвальнікі могуць прыходзіць да асуджаных толькі ў вызначаны распарадкам дня час, пры гэтым наведвальнікі абавязаныя прад'явіць дакументы, якія пацвярджаюць асобу, і паказаць змесціва ручной паклажы.
Месца для зносін асуджанага і наведвальнікаў вызначаецца дзяжурным памочнікам начальніка ўстановы ў межах тэрыторыі ПУАТ.
Не дапускаюцца зносіны асуджаных з наведвальнікамі, якія:
адмовіліся прад’явіць дакументы і рэчы для дагляду;
маюць прыкметы выразнага псіхічнага разладу;
знаходзяцца ў стане алкагольнага, наркатычнага ці іншага ап’янення.
Калі наведвальнікі парушаюць грамадскі парадак ці перадаюць асуджанаму забароненыя прадметы, то сустрэча спыняецца. У будучыні такія наведвальнікі ў ПУАТ, як правіла, не дапускаюцца.
Акрамя таго, у вольны ад працы час або ў выхадны дзень асуджанаму можа быць дазволены выхад за межы ПУАТ працягласцю 4 гадзіны для наведвання жылля блізкіх сваякоў, здольных аказаць на яго станоўчы ўплыў. Пры гэтым асуджаны павінен знаходзіцца ў межах таго населенага пункта, у якім размешчана ўстанова.
Спатканні ў калоніі, турме
Спатканні асуджаных, якія прыбылі ў месца пазбаўлення волі, рэгламентуюцца Крымінальна-выканаўчым кодэксам, Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых установаў, а іх колькасць залежыць ад рэжыму адбывання пакарання.
Непаўнагадовыя асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў выхаваўчых калоніях, маюць права на восем кароткатэрміновых і чатыры працяглыя спатканні цягам года.
Пры прыбыцці ў калонію асуджаны абавязаны падаць звесткі пра блізкіх сваякоў, у тым ліку пра чальцоў сям'і, якія не з'яўляюцца сваякамі. Гэтыя дадзеныя адміністрацыя папраўчай установы уносіць у асабістую справу. Асуджаны мае права на спатканне па прыбыцці ва ўстанову, від якога вызначае ён сам. Наступныя спатканні дазваляюцца па заканчэнні перыяду, роўнага дзелі ад дзялення дванаццаці месяцаў на колькасць спатканняў дадзенага віду, якія належаць асуджанаму на працягу года. Адміністрацыя ўстановы можа скарачаць перыяд часу паміж спатканнямі пры ўмове, што гэта не прывядзе да павелічэння іх колькасці на працягу года.
Дазвол на спатканне дае начальнік установы, намеснік начальніка па рэжыме і аператыўнай працы ці выканаўцы іх абавязкаў, а пры іх адсутнасці ў выключных выпадках дзяжурны памочнік начальніка ўстановы па заяве асуджанага ці асобы, якая прыбыла на спатканне.
Тыя, хто прыбывае на спатканне, прад'яўляюць дакумент, які пацвярджае асобу, а таксама дакументы, што пацвярджаюць роднасныя адносіны з асуджаным (пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб заключэнні шлюбу і іншыя). Колькасць сваякоў, якія дапускаюцца на спатканне, вызначаецца ў залежнасці ад наяўных магчымасцяў па іх размяшчэнні.
Падчас правядзення спатканняў не дапускаецца перадача асуджаным ці асуджанымі якіх-небудзь дакументаў, запісаў, чарцяжоў і да таго падобнага. Людзі з прыкметамі алкагольнага або наркатычнага ап'янення на працяглае або кароткатэрміновае спатканне не дапускаюцца.
Пры выяўленні парушэння парадку правядзення спаткання яно неадкладна спыняецца, у гэтым выпадку спатканне лічыцца рэалізаваным.
Пры правядзенні супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў, стыхійных бедствах і іншых надзвычайных акалічнасцях, якія перашкаджаюць звычайнай дзейнасці ўстановы, спатканні могуць быць часова спыненыя. Гэты перыяд часу залічваецца ў тэрмін, па заканчэнні якога асуджаным могуць быць дазволеныя спатканні.
Кароткатэрміновыя спатканні са сваякамі ці іншымі асобамі дазваляюцца асуджаным у прысутнасці працаўніка адміністрацыі папраўчай установы. З не сваякамі спатканні дазваляюцца толькі ў тых выпадках, калі, па меркаванні адміністрацыі ўстановы, яны не могуць адмоўна ўплываць на асуджанага.
Працягласць кароткатэрміновага спаткання складае 4 гадзіны.
Размова вядзецца на мове, абранай асобамі, якія прыбылі на спатканне. Калі ніхто з прадстаўнікоў адміністрацыі ўстановы не ведае мовы, на якой вядзецца размова, то для кантролю за зместам размовы можа быць запрошаны перакладчык ці іншая асоба, якая валодае гэтай мовай.
Асобам, якія прыбылі на кароткатэрміновае спатканне з асуджанымі, не дазваляецца заносіць якія-небудзь прадукты харчавання і рэчы ў пакоі, дзе адбываецца спатканне, а ў выхаваўчых калонах — дазваляецца па меркаванні адміністрацыі ПУ.
Дагляд асобаў, якія прыбылі на кароткатэрміновае спатканне, праводзіцца пры наяўнасці дастатковых падставаў меркаваць, што яны маюць намер перадаць забароненыя да выкарыстання прадметы. Калі асоба, якая прыбыла на спатканне, адмовіцца ад дагляду адзення і рэчаў, якія яму належаць, спатканне асуджанаму з гэтай асобай у гэты дзень не даецца.
Працяглыя спатканні даюцца з правам сумеснага пражывання асуджанага з блізкімі сваякамі. Іншым асобам, якія не з'яўляюцца сваякамі асуджанага, працяглыя спатканні дазваляюцца, толькі калі гэтыя асобы прызнаныя ў судовым парадку чальцамі сям'і паводле ч. 2 арт. 59 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, пры наяўнасці дакументаў, якія гэта пацвярджаюць.
Працяглае спатканне можа доўжыцца не меней за 24 гадзіны і не болей за трое сутак — гэта вызначаецца ў кожным выпадку адміністрацыяй установы з улікам паводзінаў асуджанага, яго адносінаў да працы і навучання.
На перыяд працяглага спаткання асуджаныя вызваляюцца ад працы з наступнай ці папярэдняй адпрацоўкай. Яны могуць карыстацца адзеннем, бялізнай і абуткам, прынесенымі сваякамі. З сабой на працяглае спатканне асуджаным дазваляецца праносіць курыльныя прылады і прадметы асабістай гігіены.
У памяшканні для працяглых спатканняў дазваляецца праносіць прадукты харчавання (за выключэннем алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва). Пры гэтым усе рэчы, прадметы, прадукты харчавання і адзенне асобаў, якія прыбылі на працяглае спатканне, праходзяць праз абавязковы дагляд.
Па завяршэнні працяглага спаткання начальнік установы можа дазволіць сваякам перадаваць асуджаным прадукты харчавання, якія засталіся, вагой не больш за прадугледжаную для пасылкі.
Працягласць спаткання можа быць скарочана адміністрацыяй установы па просьбе асобаў, якія знаходзяцца на спатканні. Аб'яднанне спатканняў або раз'яднанне аднаго спаткання на некалькі не дапускаецца.
Таксама працяглае спатканне можа быць заменена кароткатэрміновым па просьбе асуджанага.
Дадатковае спатканне для маладажонаў
Асуджаным, якія адбываюць зняволенне ў папраўчых і выхаваўчых калоніях, а таксама пакінутым у следчых ізалятарах і турмах для выканання прац па гаспадарчым абслугоўванні, пры заключэнні шлюбу ў перыяд адбывання пакарання даецца працяглае спатканне да трох сутак, якое не ўваходзіць у лік належных і спатканняў, што даюцца ў парадку заахвочвання.
Калі рэгістрацыя шлюбу адбывалася ў СІЗА да таго, як прысуд уступіў у моц, дадатковае спатканне не даецца.
Пазбаўленне спатканняў як спосаб ціску на зняволенага
За парушэнне вызначанага парадку адбывання пакарання асуджаны да зняволення можа быць пазбаўлены чарговага працяглага ці кароткатэрміновага спаткання. Пры гэтым від спаткання, якога будзе пазбаўлены асуджаны, вызначаецца тым супрацоўнікам установы, які накладае такое спагнанне. Таксама асуджаны можа быць пазбаўлены бліжэйшага спаткання, на якое ён мае права на момант накладання спагнання.
Асуджаным да пазбаўлення волі, змешчаным у штрафны ізалятар, забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні.
Праваабаронцам вядомы выпадкі, калі да палітычных зняволеных супрацоўнікі калоніі ставяцца перадузята, выносяць неабгрунтаваныя спагнанні і - як вынік - пазбаўляюць спатканняў з роднымі. Такое абыходжанне расцэньваецца як дадатковы ціск на асуджаных.
Парадак абскарджвання адмовы ў спатканні
Дзеянні і рашэнні органа, які вядзе крымінальны працэс, могуць быць абскарджаны ў вызначаным КПК парадку ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, а таксама іншымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, калі працэсуальныя дзеянні, якія праводзяцца, і рашэнні закранаюць іх інтарэсы. Скаргі на дзеянні і рашэнні органа дазнання, асобы, якая праводзіць дазнанне, і следчага падаюцца пракурору, які здзяйсняе нагляд за выкананнем законаў пры вытворчасці папярэдняга расследавання, а скаргі на дзеянні і рашэнні следчага могуць падавацца таксама начальніку следчага падраздзялення. Скаргі на дзеянні і рашэнні пракурора падаюцца вышэйстаячаму пракурору, на дзеянні і рашэнні начальніка следчага падраздзялення — вышэйстаячаму начальніку следчага падраздзялення.
Заўвага: у парадку заахвочвання асуджаным на працягу года можа быць прадстаўлена дадаткова да чатырох спатканняў. Таксама іх могуць пераводзіць на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дзе колькасць спатканняў на год павялічваецца. Аднак гэта не тычыцца палітычных зняволеных, якіх па змоўчанні адразу ставяць на "прафілактычныя ўлікі".
Падрыхтаваў Віталь Кажух