Паводле Леаніда Сьвеціка, зьяўленьне іншаземцаў ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі ёсьць нэгатыўным бокам абвешчанай урадам палітыкі максымальнай адкрытасьці нашай краіны перад зьнешнім сьветам. У выніку гэтай палітыкі тысячы замежных грамадзян прыяжджаюць у Беларусь. Некаторыя зь іх зьдзяйсьняюць супрацьпраўныя ўчынкі і трапляюць за краты.
«Выхаваныя ў іншых культурных і прававых традыцыях, якія карэнным чынам адрозьніваюцца ад беларускіх, замежныя грамадзяне цяжка пераносяць знаходжаньне ў пэнітэнцыярных установах нашай краіны», – напісаў праваабаронца ў Чырвоны Крыж, абгрунтоўваючы праблему.
Асабліва цяжка, як адзначае спадар Сьвецік, прыходзіцца тым вязьням-замежнікам, якія не атрымліваюць дыпляматычную дапамогу праз адсутнасьць дыпляматычных місіяў іх краін у Рэспубліцы Беларусь. У пацьверджаньне сваіх словаў ён цытуе апублікаваны ў сацсетках зварот да грамадзкасьці сядзельца папраўчай калёніі №3 (пас. Віцьба, Віцебскі раён) калюмбійца Хедыланэ Хіральда, які апошняму ўдалося перадаць на волю:
«Пішу гэты ліст з просьбай аб дапамозе, малю Бога, каб ён дайшоў да Вас. Сёньня, 24-га лютага 2018 году, спаўняецца 18 месяцаў з дня майго зьняволеньня. Амбасада ні разу не наведвала мяне дагэтуль. Я напісаў і даслаў зь дзясятак лістоў у амбасаду Рэспублікі Калюмбія, што знаходзіцца ў Маскве (Расейская Фэдэрацыя), але дасюль не атрымаў ніякага адказу. Дапускаю, што, мабыць, турэмная адміністрацыя не дасылае мае лісты. Магчыма, амбасада не валодае інфармацыяй пра маю сытуацыю з гэтай прычыны. У Рэспубліцы Беларусь няма амбасады Рэспублікі Калюмбія, а палітычнасьць сытуацыя ў краіне досыць «нерэгулярная», так бы мовіць. Мае ўмовы ў гэтым месцы вельмі цяжкія, а знайсьці дапамогу – амаль немагчыма. Усе баяцца. Тут знаходзяцца яшчэ ангельскі і японскі грамадзяне, якія, як і я, патрапілі ў гэтую чорную дзірку. Усе разам спрабуем атрымаць любую дапамогу. Прашу, каму гэта па сілах, кантактуйце зь любой з амбасадаў Рэспублікі Калюмбія, няхай яны мяне падтрымаюць і дапамогуць мне».
На думку праваабаронцы, замежнікаў, якія адбываюць пакараньне за крымінальныя злачынствы ў Беларусі, можна ўважаць за людзей, якія трапілі ў крызысную сытуацыю, зазнаюць маральныя і фізычныя пакуты ды маюць патрэбу ў спагадзе. Таму ён і вырашыў прыцягнуць увагу Чырвонага Крыжа на праблему і прапанаваў арганізацыі, якая «ўжо даказала сваё імкненьне працаваць так, каб у нашай краіне ніхто не заставаўся сам-насам зь бядою», узяць на сябе забавязаньне аказваць гуманітарную дапамогу вязьням-іншаземцам.
Тлумачыць Леанід Сьвецік: «Я зьвярнуўся да кіраўніцтва Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа праявіць гуманнасьць да зьняволеных іншаземцаў, прынамсі да тых зь іх, чые амбасады не прысутнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Спадзяваўся, што дапамога будзе ня разавай, а пастаяннай, аж пакуль вязьні ня вызваляцца альбо не пачнуць атрымліваць падтрымку ад сваіх урадаў. Бо ж для больш-менш годнага пражываньня ў калёніях неабходна мець туалетную паперу, мыла, зубную пасту і шчотку, прылады для галеньня. Нейкія лекі, вітаміны, якія адсутнічаюць у турэмных лекараў. Я не кажу ўжо пра магчымасьць мець дадатковае харчаваньне. Арганізаваць такую дапамогу Чырвоны Крыж мог бы без асаблівых праблем. Паколькі зьняволеных замежных грамадзян у Беларусі адзінкі, выдаткі былі б мізэрныя».
Адказ на прапанову ад намесьніцы генэральнага сакратара Чырвонага Крыжа уяўляе сабой узор канцылярскай мовы: «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа разгледзела Ваш пісьмовы зварот наконт пытаньняў аказаньня гуманітарнай дапамогі іншаземным грамадзянам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі ў Рэспубліцы Беларусь, і паведамляе наступнае. Дзейнасьць Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ажыцьцяўляецца ў межах патрабаваньняў Закону Рэспублікі Беларусь «Аб Беларускім Таварыстве Чырвонага Крыжа» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з прынцыпу роўнага стаўленьня да ўсіх людзей безь якога-небудзь адрозьненьня па прыкметах полу, расы, мовы, грамадзянства, нацыянальнасьці, веравызнаньня, прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы, палітычных і іншых перакананьняў».
Далей функцыянэрка арганізацыі, чыя місія – дапамога людзям, дзеля чагосьці тлумачыць, што ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта паўнамоцтвы ажыцьцяўляць функцыі ў сфэры выкананьня і адбыцьця пакараньняў належаць Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) МУС, і што менавіта ў кампэтэнцыі апошняга знаходзіцца вырашэньне ўсіх пытаньняў у асобаў, зьмешчаных пад варту. І завяршае свой ліст праваабаронцу наступным чынам:
«Улічваючы вышэйпададзенае, Беларускае таварыства чырвонага Крыжа выконвае свае функцыі ва ўзаемадзеяньні з Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь».
Навошта ўсё гэта панапісвана, калі не пра тое быў запыт, і які ўсё ж адказ на канкрэтную прапанову праваабаронцы датычна дапамогі вязьням-іншаземцам: так ці не, – засталося нявысьветленым.
Кастусь Дзьвінскі