Панядзелак, 09 Сакавік 2026

“Усё памянялася, няхай прыязжае!” КВІ запрашае прымусова вывезенага ў Літву экс-палітвязня вярнуцца ў Беларусь

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Увечары 8 сакавіка двое міліцыянтаў з крымінальна-выканаўчай інспекцыі прыйшлі  да маці  віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава.  Але прыйшлі не з віншаваннямі. Жанчыну пачалі распытваць, дзе знаходзіцца яе сын,  вызвалены з маглёўскай калоніі 13 верасня  мінулага года  ў ліку 52  вязняў, якіх выпусцілі з-за кратаў  у выніку перамоў урада ЗША з рэжымам Лукашэнкі. Лазарава вывезлі ў Літву, але працягваюць шукаць у Віцебску.

Маці журналіста пачала абурацца, бо яе адзінага сына спачатку вывезлі з краіны, а потым з’яўляюцца з прэтэнзіямі. Міліцыянты ж казалі, што яе сыну няма за што хвалявацца, што “усё памянялася”,  і што ён можа спакойна вярнуцца ў Беларусь. Маўляў,  трэба будзе усяго толькі працаўладкавацца і стаць на ўлік у КВІ.

5 месяцаў таму Вячаслава Лазарава ўжо шукалі прадстаўнікі гэтай структуры. Тады на ягоны хатні адрас даслалі позву з загадам з’явіцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Кастрычніцкага раёна Віцебска. Гэтая абсурдная гісторыя страпіла на старонкі незалежных СМІ, але ніякіх высноў міліцыя, відавочна, не зрабіла.

КВІ прыцягвае адпрацоўваць прапісанае ў службовых інструкцыях: раз чалавек выйшаў з калоніі, то ён павінны стаць на ўлік і быць пад наглядам. Ніякіх распараджэнняў адносна новай сітуацыі, калі зняволеных пачалі вывозіць з краіны адразу па вызваленні, у інспекцыі дагэтуль няма.

Увосень 2023 года Лазарава асудзілі паводле часткі 3 артыкула 361-1 КК РБ за супрацў з тэлеканалам “Белсат”.  Яму належала адбыць за кратамі 5 гадоў. Але  ен апынуўся на волі раней – праўда, далёка ад радзімы, дзе ў яго засталася старэнькая маці.

Юрый Міхальчанка