Субота, 20 Верасень 2025

Павел Нікіценка: “Нас там не лічылі за людзей”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Праграміст Павел Нікіценка з Віцебска — адзін з тых вязняў, каго вызвалілі 11 верасня і прымусова вывезлі ў Літву. На той момант  яму заставалася адбыць у зняволенні ўсяго кала 3-х месяцаў. І пра выезд з краіны ён не думаў - збіраўся застацца  на радзіме са сваёй сям’ёй. Былы палітвязень распавёў "Вясне" пра тое, як яго вывозілі на мяжу наўпрост з бабруйскай калоніі, збіццё пры затрыманні і ў віцебскім СІЗА, а таксама пра ціск на палітвязняў за кратамі.

У жніўні 2022 года Віцебскі абласны суд  асудзіў  тады яшчэ   35-гадовага супрацоўніка разліковага цэнтру Паўла Нікіценку  да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізнага штрафу.  У закрытым працэсе суддзя Яўген Буруноў разбіраў справу, распачатую супраць яго  адразу па 6-ці артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- ч. 3 арт. 203-1 (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў),

- ч. 3 арт. 293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках),арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак),

-ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем),

-арт. 368 (абраза прэзідэнта РБ) ,

 -арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Пакаранне Павел адбываў у  бабруйскай калоніі № 2, і вызваленне стала яго поўнай нечаканасцю, як ён распавёў сайту “Вясны”:

- 11 верасня роўна пасля пад'ёму прыйшоў рэжымны супрацоўнік і паклікаў мяне. Ён сказаў: "Нікіценка, збірайся, пойдзем". Я не разумеў, куды ісці і што здарылася. Але замест гэтага ён сказаў: "Давай хутчэй, мне няма калі з табой тут сюсюкацца! Хутка апрануў чаравікі і пайшлі!" Я накінуў кліфт [заўв. — кашулю] і чаравікі, і мы пайшлі. Па дарозе я яшчэ раз спытаў, куды мы ідзем. Але ён толькі сказаў, што мы ідзем на кантрольны пункт-2. Гэта тое месца, дзе нас "хрысцяць" — вырашаюць наш лёс: пазбаўляюць пасылак ці яшчэ чаго-небудзь, альбо садзяць у штрафны ізалятар. Я падумаў, што мяне садзяць у ШІЗА і спытаў, якая нагода. Але супрацоўнік сказаў, што нічога не ведае, і яму сказалі толькі мяне прывесці сюды. Потым яшчэ прывялі аднаго асуджанага паводле палітычных матываў. Тут стала ўжо цікава. І калі прыйшоў трэці — Паша Мажэйка — я зразумеў, што адбываецца нешта нестандартнае. Нас пасадзілі ў "стакан", а ў гэты час нашы рэчы прынеслі днявальныя. І калі я спытаў у апошніх, што адбываецца, то тыя сказалі: "Усё, Паша, цябе вызваляюць!"

 У дворыку калоніі нас чакалі "таварышы" ў балаклавах і мікрааўтобус. Нам сказалі, што калі мы будзем сядзець ціха, ні з кім не размаўляць, то паедзем спакойна. Калі ім нешта не спадабаецца, то яны надзенуць на нас кайданкі і чорны мяшок на галаву. На астатнія пытанні яны не адказвалі. Натуральна, нам не сказалі, куды мы едзем і для чаго. Я думаў, што нас вязуць у Мінск для допыту або вярбоўкі. Але, як апынулася, нас везлі на мяжу. Адразу нас прывезлі на нейкую пустку, а потым перасадзілі ў аўтобусы. Мы чакалі іншых палітвязняў і разумелі ўжо, што нас вывозяць у Літву.

Павел распавядае, што яму выдалі пашпарт, але даведкі аб вызваленні або іншых дакументаў ён не атрымаў. Таксама невядома дзе засталіся ягоныя дакументы аб адукацыі, якія перадалі яму сваякі, каб працягваў навучанне ў калоніі, і якія захоўваліся ў асабістай справе. Сваё затрыманне, якое адбылося 4 гады таму, ён узгадвае так:

- Гляджу, каля дзіцячага садка ( Павел адводзіў у садок свайго сына) стаяць два нейкія бугаі ў цывільным адзенні. Я ўзяў тэлефон і набраў жонцы. Але тут адзін з іх выкідае цыгарэту, падыходзіць да мяне і дэманстратыўна б'е мяне ў твар. Я сумеўся. Былі яшчэ ўдары, але я не памятаю... Другі ў гэты час выкручваў мне руку і забіраў тэлефон. Ён яго паставіў на рэжым "палёту", каб ніхто нічога не мог выдалена пачысціць. Адразу я думаў, што гэта проста нейкі бандыцкі налёт. Я зразумеў, што гэта сілавікі толькі тады, калі яны кайданкі дасталі. Мяне пасадзілі ў машыну і павезлі ў ГУБАЗіК. У легкавіку мяне так скруцілі, што я ехаў на падлозе. Па дарозе абражалі і прыніжалі.

Калі прывезлі мяне ў ГУБАЗіК, то там таксама збівалі. Таму што я раскрыў асабістыя даныя супрацоўнікаў. Мяне асабіста збіваў супрацоўнік ГУБАЗіК, даныя якога я разгаласіў. Мяне білі рукамі і кулакамі, а я па падлозе ў іх валяўся ў кайданках. Я думаў, што яны будуць неяк хаваць, каб пабояў не было, але ім было пляваць. Калі я адмовіўся даць ім пароль ад тэлефона, мяне пачалі катаваць. Рабілі нейкія задушлівыя прыёмы, выкручвалі і заломвалі пальцы, каб разблакаваць тэлефон адбіткам пальца. Мне казалі, што калі яны не атрымаюць доступ да тэлефона, то што-небудзь падкінуць у кішэні і тады я паеду паводле іншых артыкулаў. У нейкі момант я сказаў, што сам уключу тэлефон, каб яны толькі адчапіліся ад мяне.

Усё, што яны знайшлі тады ў тэлефоне, усе прышылі да матэрыялаў крымінальнай справы. У нейкі момант мяне вывелі ў прыбіральню і сказалі памыцца, бо цяпер будзем здымаць відэа. Яны сказалі, што мне трэба сказаць і ўсё, гэта значыць у мяне нават не пыталіся, ці згодны я здымацца.

У ГУБАЗіКу мне сказалі паўсюль адказваць на пытанне, чаму ў мяне разбіты твар, што я сам упаў, інакш у мяне будуць праблемы. Але ведаеце, боль фізічная не такая страшная, як эмацыйная. Яны пагражалі маёй сям'і.

У ізалятары мяне закінулі ў камеру да так званай "качкі" — чалавека, які супрацоўнічае з міліцыяй, і спрабуе нейкім чынам выманіць у цябе інфармацыю. Ён мне адразу пачаў крычаць: "Я таксама БЧБ, давай усё раскажам, давай рэжым хістаць!" Але я быў у шокавым стане і не хацеў ні з кім мець зносіны, што мне дапамагло тады...

Падчас пераводу ( у СІЗА з ІЧУ) мне зноў давялося хлусіць наконт збіцця, казаць, што я сам падаў. Але ў выніку мяне прынялі і адразу адвялі да аператыўных супрацоўнікаў, якія мяне збілі адразу ж. Яны спрабавалі засунуць мяне тварам у сметніцу, галосячы, маўляў куды мы лезем, што мы самыя разумныя ці што — і ўсё ў такім кірунку. На наступны дзень да мяне прыйшоў адзін з гэтых аператыўнікаў і сказаў, што гэта мне навука. Ён сказаў, што калі каму раскажу, то ў мяне будуць вялікія праблемы ў СІЗА — "я табе асабіста іх зладжу, і "нізкім статусам" усё не скончыцца.

У СІЗА палітвязня ўтрымлівалі каля года, а пасля суду накіравалі адбываць тэрмін у бабруйскую калонію, дзе яму выдалі "жоўтую бірку экстрэміста" і адразу прысвоілі статус "злоснага парушальніка рэжыму".

"Гэты 10-ы прафілактычны ўлік стварае шмат складанасцяў. Ты не адчуваеш сябе раўнапраўным у калоніі. Нас там не лічаць за людзей — калі мы звернемся з якой-небудзь просьбай, то ў 99% нам будзе адмоўлена. Калі на нейкія правіннасці звычайных зняволеных заплюшчваюцца вочы, то на нас яны ўжо адыгрываюцца. Вельмі шмат розных уціскаў: адсутнасць працяглых спатканняў, пазбаўленне перадач, сон толькі на другім ярусе, забарона на наведванне розных секцый, першы час была забарона выхаду на прамзону ды многае іншае. Лісты прыходзяць толькі ад блізкіх сваякоў, але трэба было яшчэ даказаць, што гэта блізкія сваякі. Часта думаў, што сядзець звычайным зняволеным нашмат прасцей было б. Мне неяк адзін з начальнікаў атрада сказаў, што заахвочванняў мы ніякіх ніколі не атрымаем, але калі нас не пасадзілі ў ШІЗА, то мы гэта можам лічыць заахвочваннем. 

Мяне, у адрозненні ад хлопцаў, у ШІЗА адпраўлялі толькі два разы. Але гэта было абсалютна па надуманых прычынах: нібыта я не павітаўся і нібыта на рэзцы гумы я сядзеў на стале. У ШІЗА холадна, мокра і бегаюць мышкі. Ізалятары знаходзяцца ў падвале і на першым паверсе. Мяне садзілі ў падвальнае памяшканне ў "адзіночку". На падлозе там ляжыць плітка, ад якой яшчэ больш цягне холадам. У ШІЗА я размаўляў з мышкай і павучком — так і жыў там.

У бабруйскай калоніі няма фізічнага гвалту (я не чуў), але псіхалагічна там ціснуць дастаткова моцна. Цябе максімальна імкнуцца зняважыць. Усім непалітычным забаронена з намі мець зносіны пад пагрозай ШІЗА”,- распавёў Павел.