Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёна Менскай вобласці, Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1990 годзе, малады мастак прыехаў працаваць у Віцебск – яго прывабіў горад Шагала, Малевіча і іншых мэтраў жывапісу. У 1993 годзе ён адкрыў першую ў горадзе і ці не першую ў Беларусі прыватную мастацкую галерэю “У Пушкіна”. У Віцебску Алесь Пушкін быў адным з ініцыятараў правядзення з’езду беларускіх нацыяналістаў, які прайшоў у 1994 годзе, ладзіў першыя ў Беларусі перфомансы, супрацоўнічаў з тэатрам імя Якуба Коласа: займаўся мастацкім афармленнем спектакляў “Кароль Лір” У. Шэкспіра (рэжысёр В. Маслюк, 1994), «Фрокен Юлія» Ю. А. Стрындберга (рэжысёр А. Грышкевіч, 1997). Ужо пасьля ад’езду з Віцебска ён рабіў сцэнаграфію яшчэ да адной пастаноўкі коласаўцаў — «Палкоўніку ніхто не піша» Г. Г. Маркеса (2001).
Мастацкі талент Алеся Пушкіна быў вельмі рознабаковы: ён распісаў фрэскамі некалькі беларускіх храмаў розных канфесій, займаўся рэстаўрацыяй гістарычных палацаў, прыклаў шмат высілкаў для ўшанавання памяці герояў знакамітай сярэднявечнай бітвы пад Оршай. Менавіта тут, падчас фэста беларускай бардаўскай песні і паэзіі , пазней забароненага ўладамі, ён быў некалькі разоў затрыманы разам з іншымі гледачамі і ўдзельнікамі, якія сабраліся ўшанаваць слаўную дату ў беларускай гісторыі.
У 1999 годзе мастака асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падарунак прэзідэнту», якую правёў 21 ліпеня 1999 года ля прэзідэнцкай адміністрацыі ў цэнтры Мінску.
Падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе яго моцна збілі і кінулі на некалькі сутак на Акрэсціна.
Другі раз паводле крымінальнага абвінавачання Алеся Пушкіна асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 30 сакавіка 2022 года суд прызнаў яго вінаватым у рэабілітацыі нацызму (артыкул 130-1 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370 КК). Прычынай пераследу стала карціна – партрэт удзельніка антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара.
На той час, калі супраць Пушкіна распачыналі крымінальную справу, ён знаходзіўся ва Украіне, і мог бы пазбегнуць арышту. Аднак мастак свядома вярнуўся ў Беларусь, дзе быў асуджаны і накіравны адбываць пакаранне у папраўчую калонію № 22 ў Івацэвічах. У жніўні 2022 года стала вядома, што адміністрацыя папраўчай установы змясціла палітзняволенага мастака на 5 месяцаў у памяшканне камернага тыпу. Неззабаве адміністрацыя калоніі звярнулася ў суд, каб перавесці Алеся Пушкіна на турэмны рэжым. Пажаданне кіраўніцтва ПК №22 было задаволена: палітвязня этапавалі ў гарадзенскую турму № 1, дзе ен мусіў бы правесці паўтара гады. Каб не смерць, якая вызваліла Алеся Пушкіна назаўсёды. Зрэшты, вольным ён быў заўжды: у сваіх творах і ў сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Станіслаў Іваноўскі