Алеся Папковіча разам з малодшым братам Янам затрымалі 2 верасня мінулага года ў Менску. Вядома, што браты планавалі з’ехаць у Польшчу, аднак за дзень да адʼезду былі затрыманыя сілавікамі, якія прыйшлі з ператрусам па месцы жыхарства Яна Папковіча. Падчас затрымання Яна моцна збілі, а Алесь быў затрыманы, бо на той момант зайшоў да брата ў кватэру.
Абодвух братоў абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага Кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), Яна Папковіча – яшчэ й паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу («Удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы»).
Доказам супраць Алеся Папковіча сталі фотаздымкі з пратэстаў, знойдзеныя ў тэлефоне, дзе ён з братам і ягонай жонкай стаяць на праезнай частцы. Ян Папковіч пакуль не асуджаны, яго ўтрымліваюць у менскім СІЗА №1.
Таццяна Віктарава