Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года
Большасць матэрыялаў крымінальнай справы па справе "Вясны" складаюць дадзеныя пра праваабарончую дзейнасць арганізацыі, размешчаныя ў адкрытым доступе на сайце і сацсетках "Вясны" і незалежных медыя.
У прыватнасці, акрамя дадзеных пра працу мінскага офіса "Вясны", у матэрыялах справы маюцца падрабязныя дадзеныя пра дзейнасць рэгіянальных філій: гомельскай, брэсцкай і магілёўскай.
"Аператыўная распрацоўка" брэсцкага праваабаронцы з 2020 года
З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна — на судзе агучылі зместы гэтых размоваў. Таксама ГУБАЗіК устанавіў назіранне за брэсцкім праваабаронцам, а ў офісе — відэакамеру. На працэсе дзяржаўны абвінаваўца апісвае відэа з офіса і агучвае зместы размоваў адтуль жа.
На працэсе агучылі запыт Следчага камітэта ад 1 кастрычніка 2021 года ў Брэсцкую абласную калегію аб заключэнні дамоваў адвакатамі на аказанне юрыдычнай дапамогі па 146 крымінальных і адміністрацыйных справах з 1 студзеня 2018 года па дату запыту. Падкрэслім, што паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса праваабаронцам ставіцца ў віну перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года, але ў матэрыялах справы маецца шмат дакументаў, якія не адносяцца да перыяду, які ім інкрымінуюць.
Праслухоўка гомельскага праваабаронцы ў СІЗА
На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы. Падчас спаткання Леанід цікавіўся ў жонкі, ці быў хтосьці затрыманы пасля масавых ператрусаў у прадстаўнікоў грамадскай супольнасці 16 лютага 2021 года, на што жонка адказала, што толькі Дзмітрыя Салаўёва (якога цяпер судзяць завочна) і Андрэя Комліка-Ямаціна. Жонка распавяла мужу, што ёй тэлефанаваў Алесь Бяляцкі і прапаноўваў сваю дапамогу. Пракурор акцэнтуе ўвагу, што Леанід прасіў жонку збіраць чэкі на адваката, лекі, вітаміны, якія яна набывае яму.
У матэрыялах справы ўтрымліваецца шмат пратаколаў агляду гомельскага сайту "Вясны", а таксама профіль палітзняволенага Леаніда Судаленкі на сайце prisoners.spring96.org — на пасяджэнні пракурор зачытаў яго. Таксама стала вядома, што следства назірала за публікацыямі на сайце "Вясны" пра затрыманне Леаніда Судаленкі і нават зафіксавалі, калі гэтая навіна была галоўнай на сайце.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру мае ў СІЗА вымову
Таксама на судзе стала вядома, што на прафілактычных уліках у СІЗА Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч не стаяць. Старшыня "Вясны" мае адно спагнанне ў выглядзе вымовы. Згодна характарыстыцы з СІЗА №1 "над Алесем Бяляцкім трэба кантроль супрацоўнікаў".
Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць!
Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу.