Працэс у Мінскім гарадскім судзе праходзіў у закрытым рэжыме, працэс вяла суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінаваўцам выступаў пракурор Раман Бізюк. Выраку прафсаюзным актывістам грамадскасць чакала 27 снежня, аднак суддзя заявіла, што па наноў адкрытых абставінах суд над актывістамі пераносіцца. Што гэта былі за абставіны, і якую ролю яны адыгралі ў вынясенні прысуду, застаецца не зразумелым.
Усе трое асуджаных былі затрыманы 19 красавіка 2022 года і змешчаны ў СІЗА КДБ. Пазней зняволеных перавялі ў СІЗА-1. Беларускія абаронцы абвясцілі іх палітвязнямі.
22 студзеня Васілю Берасневу мае споўніцца 73 гады. За кратамі ў яго істотна пагоршылася здароўе – актывіст скардзіўся на болі ў адзінай нырцы (другая была выдалена з прычыны анкалагічнага захворвання ) і на высокі ціск.
Гэта чалавек, якога вельмі добра ведаюць на Аршаншчыне. У 1980-я гады ён быў дырэктарам сельскагаспадарчай вучэльні ў Высокім (мястэчка пад Воршай) і нават кіраўніком Аршанскага райсавету. Аднак пасля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, Бераснеў пакінуў дзяржаўныя пасады і прыйшоў у дэмакратычны рух. З 2016-га году ён кіраваў аршанскай прафсаюзнай суполкай РЭП, якая дзейнічала на тэрыторыі Дубровенскага, Талачынскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Юрыдычная служба прафсаюзу дапамагала ў вырашэнні праблем з працаўладкаваннем, незаконнымі звальненнямі, нявыплатамі заробкаў, іншымі працоўнымі спрэчкамі. Апрача працы ў прафсаюзе, Васіль Бераснеў займаўся праваабарончай дзейнасцю. У Аршанскім рэгіёне ён быў прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага абʼяднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», якое, па рашэнні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, было ліквідаванае 30 верасня 2021 году.
Юрка Жмых