Актывістка была затрымана 1 лістапада 2021 года ў Санкт-Пецярбургу па запыце беларускіх сілавікоў. А 3 лістапада мясцовы раённы суд абраў для яе меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, якая потым была працягнутая. На радзіме за адміністраванне тэлеграм-каналу «Віцебск 97%» супраць яе былі выстаўлены абвінавачанні адразу па 5 крымінальных артыкулах, сярод якіх распальванне нацыянальнай варожасці (ч. 3 артыкула 130), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (ч. 3 артыкула 361), паклёп (артыкул 188) і іншыя.
Расейскія ўлады прынялі рашэнне экстрадаваць віцебскую актывістку ў Беларусь. Дзяўчына была вымушана звярнуцца з просьбай аб атрыманні часовага прытулку. Паводле інфармацыі аб'яднанай прэс-службы судоў Санкт-Пецярбургу «Пінчук прасіла суд прызнаць незаконным і неабгрунтаваным рашэнне аб адмове ў прадастаўленні часовага прытулку на тэрыторыі РФ, абавязаць адказчыка даць прытулак, запатрабаваць у істца рашэнне».
У іскавай заяве Пінчук указала, што «пражывае ў РФ з 2018 года, не хавалася, а вяла лад жыцця свабоднага чалавека». І лічыць узбуджаныя супраць яе справы «палітычна матываванымі», а таксама паведаміла, што «пераследуецца за дапамогу затрыманым за мірныя пратэсты». Звяртае ўвагу на сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.
За час знаходжання за кратамі Яна паспела выйсці замуж, як яна паведаміла «хоць і ў СІЗА але ўсё роўна па каханні». А вядомы расейскі праваабарончы цэнтр, пазбаўлены рэгістрацыі, «Мемарыял» прызнаў яе палітвязнем. На думку расейскіх праваабаронцаў крымінальны пераслед актывісткі палітычна матываваны. І патрабавалі ад уладаў даць ёй прытулак.
Антось Воўк