Серада, 21 Красавік 2021

Праваабаронца Левінаў «выправіў» памылку пракурора Віцебску Шклярэўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Пракурор Віцебску Андрэй Шклярэўскі Пракурор Віцебску Андрэй Шклярэўскі

Пасля скаргі праваабаронцы Паўла Левінава на дзеянні пракурора Віцебску Андрэя Шклярэўскага пракуратура Віцебскай вобласці прызнала памылку з боку падначаленага ёй пракурора і паабяцала, што яна будзе ўлічаная і не паўторыцца ў далейшай працы.

Гісторыя памылкі пачалася з таго, што палітвязню Уладзіславу Макавецкаму на хатні адрас паступіла позва за подпісам пракурора гораду Віцебску Андрэя Шклярэўскага аб неабходнасці з'явіцца ў пракуратуру гораду. У выпадку ўхілення ад яўкі, пракурор папярэджваў Макавецкага, што будзе дастаўлены пад прымусам супрацоўнікамі міліцыі.

Тым не менш, сваё папярэджанне пракурор Шклярэўскі не выканаў, а толькі накіраваў Макавецкаму на хатні адрас афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Але закавыка была ў тым, што Уладзіслаў Макавецкі на той момант быў ужо за кратамі. Паводле рашэння суду Кастрычніцкага раёну Віцебску ён быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі і яшчэ да вынясення афіцыйнага пракурорскага папярэджання быў этапаваны ў Берасцейскую вобласць у ПК №22 для адбыцця пакарання.

Праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў Віцебскую абласную пракуратуру, каб яна дала прававую ацэнку дзеянням пракурора гораду з нагоды выкліку грамадзяніна, які знаходзіцца пад вартай, у пракуратуру і накіравання афіцыйнага папярэджання не па месцы ягонага знаходжання.

Намеснік пракурора Віцебскай вобласці Рыгор Каранько паведаміў, што зварот па пытаннях нязгоды з дзеяннямі пракурора Віцебску ў дачыненні да Макавецкага пакінула без разгляду па сутнасці, бо Левінаў не пацвердзіў сваіх паўнамоцтваў прадстаўляць інтарэсы Макавецкага ў дзяржаўных органах.

«З такім рашэннем я не пагадзіўся, бо мэтай майго звароту ў абласную пракуратуру было выправіць памылку кіраўніка ніжэй стаячай пракуратуры, вярнуць гарадскога пракурора ў прававое поле. Бо пракуроры таксама людзі, і ім часам уласціва памыляцца», – патлумачыў сваю пазіцыю Павел Левінаў.

Выправіць памылку Левінаву ўдалося праз кіраўніка абласной пракуратуры. Той у сваім адказе на скаргу праваабаронцы паведаміў пра тое, «што сітуацыя, на якую акцэнтаваная ўвага, прынятая да ведама і ўлічаная ў працы».

Міхась Пісараў