Як перадае з Барысава праваабаронца Тацяна Равяка, адміністрацыя папраўчай калёніі №14, дзе адбывае пакараньне Міхаіл Жамчужны, не даставіла палітвязьня ў суд, на судовае паседжаньне прадстаўнікі ПК таксама не зьявіліся. Стала вядома, што адміністрацыя калёніі адклікала сваю заяву на турэмны рэжым утрыманьня. Неўзабаве суд прыме рашэньне наконт адкліканьня заявы калёніі.
Судзьдзя Яўген Манышаў задаволіў прадстаўленьне папраўчай калёніі, вытворчасьць па справе аб пераводзе Жамчужнага ў турму спыненая.
Першае судовае паседжаньне па гэтай справе адбылося 2 сакавіка на тэрыторыі папраўчай калёніі №14, дзе палітвязень адбывае пакараньне і, нягледзячы на папярэдне пададзеныя заявы ў суд праваабаронцаў Паўла Сапелкі, Валянціна Стэфановіча, Алега Мацкевіча і Тацяны Равякі аб прысутнасьці іх на адкрытым працэсе, у суд яны не былі дапушчаныя. Судзьдзя Манышаў матываваў адмову неабходнасьцю атрыманьня дазволу на наведваньне тэрыторыі калёніі ў Дэпартаменце выкананьня пакараньняў.
Другое паседжаньне па справе прайшло ў адкрытым рэжыме 23 сакавіка. Пасьля пачатку працэсу зьняволены заявіў шэраг хадайніцтваў, якія былі часткова задаволеныя судзьдзём Яўгенам Манышавым. У тым ліку хадайніцтва аб выкліку і апытаньні ў судзе зьняволеных, якія сьведчылі, што Міхаіл Жамчужны нібыта парушаў нейкія правілы ўнутранага распарадку, у сувязі з чым ён прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасьці, а таксама аб апытаньні ў судзе і супрацоўнікаў калёніі, якія складалі матэрыялы на ўсе гэтыя дысцыплінарныя спагнаньні.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшан” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч. 5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным вязьнем.