Чацвер, 24 Ліпень 2014

Пікет доктара Пaстнoва да дня народзінаў Лукашэнкі – пад пытаньнем

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Гэтае пытаньне паставіла перад арганізатарам адміністрацыя Кастрычніцкага раёну, запатрабаваўшы дамовы на абслугоўваньне акцыі са службай ЖКГ. Незразумела чаму, але дамоваў зь міліцыяй і мэдыкамі, неабходных паводле закону аб масавых мерапрыемствах і ў адпаведнасьці з адмысловым рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму, чыноўнікі не патрабуюць.

Ігар Пастноў падаваў заяўку на пікет да 60-годзьдзя Аляксандра Лукашэнкі, плануючы 30 жніўня або ў найбліжэйшы пасьля гэтай даты выходны дзень выйсьці з плякатам “Дзякуй Бацьку за наша шчасьлівае жыцьцё!” Апрача гэтага, на плякаце ён гатовы разьмясьціць фотаздымак свайго разьліковага квітка з сумай заробку, а таксама фотаздымкі палатаў у віцебскіх шпіталях.

Віцебскі лекар хоча правесьці пікет у афіцыйна вызначаным месцы – Парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі. З адміністрацыі Кастрычніцкага раёну, да якога тэрытарыяльна належыць парк, Ігар Пастноў атрымаў даволі нечаканы адказ. Яму параілі зьвярнуцца ў гарадзкую службу ЖКХ па дамову на прыборку месца пікету, спаслаўшыся на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881 “Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску”.

Дзівіцца такому адказу ёсьць некалькі прычын. Першая – тая, што прадпрыемства “Віцебская гарадзкая камунальная гаспадарка” не займаецца прыборкай гораду. Гэта ўжо неаднойчы было высьветлена падчас судовых працэсаў, ініцыяваных віцебскімі актывістамі, зь якімі падобныя дамовы служба ЖКГ заключаць адмаўлялася – якраз таму, што гэта абавязкі іншай структуры. Тым ня менш у згаданым рашэньні гарвыканкаму пазначанае менавіта гэтае прадпрыемства.

Як, дарэчы, і віцебская гарадзкая паліклініка – туды чыноўнікі патрабуюць зьвяртацца па дамовы на мэдычнае абслугоўваньне акцыяў. Але – і гэта другая падстава зьдзівіцца – згэтай установы Ігару Пастнову напісалі, што паліклініка “не займаецца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў”, і што зьвяртацца арганізатарам трэба ў мясцовую раённую адміністрацыю…

Раней арганізатары акцыяў атрымлівалі з гэтай мэдычнай установы ня менш дзіўныя адказы: прыкладам, што дзяжурства на нейкай акцыі нельга наладзіць таму, што чакаецца ўспышка захворваньняў, і таму няма вольных мэдработнікаў. Але каб паліклініка адмовілася абслугоўваць акцыю, бо яна яе не арганізуе – такога яшчэ не было.

У адказе Ігару Пастнову з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі пра неабходнасьць заключыць дамовы з мэдыкамі і супрацоўнікамі міліцыі не згадваецца наогул. Чаму чыноўнікі пра гэта “забыліся” і “накіравалі” арганізатара толькі ў службу ЖКГ – таксама загадка. Але цягам мінулых 5 гадоў ані гэтая раённая адміністрацыя, ані дзьве іншыя не далі віцебскім актывістам ніводнага дазволу на масавыя акцыі. Апелявалі да таго самага рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881 “Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску”, якое немагчыма выканаць. Хаця б таму, што ані паліклініка, ані міліцыя не займаюцца паслугамі на замову прыватных грамадзян, і заключыць дамовы гэтыя ўстановы не пагаджаюцца. У тым ліку і з іншых, надуманых прычын.

Ігар Пастноў кажа, што нават калі не атрымае дазволу на пікет да ўгодкаў Аляксандра Лукашэнкі, то ўсё адно правядзе акцыю – у нейкім малалюдным месцы, а потым абавязкова выкладзе ў інтэрнэт фотаздымкі.

spring96.org