Серада, 27 Лістапад 2024

У дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча ў Віцебску пастанавілі стварыць Цэнтр рускай мовы і культуры

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пагадненне пра стварэнне Цэнтра рускай мовы і культуры на базе абласной бібліятэкі 26 лістапада падпісалі дырэктарка ўстановы культуры Таццяна Адамян і кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва Юрый Макушын. Апрача стварэння цэнтра, бакі дамовіліся пра «сістэмную працу, якая будзе напоўнена акцыямі і мерапрыемствамі». Асацыяцыя саюзаў пісьменнікаў і выдаўцоў Расіі ўжо перадала бібліятэцы 300 выданняў рускай класічнай і сучаснай літаратуры.

У дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры, ураджэнца Віцебшчыны Уладзіміра Караткевіча, у абласным цэнтры правялі круглы стол пад назвай «литературные мосты», у якім узялі ўдзел прадстаўнікі Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі. Падчас імпрэзы яны «обсудили идеи и перспективы реализации совместных конференций, семинаров, выставок, презентаций в сфере культуры, а также молодежных проектов в Витебске и в других городах Беларуси и России в 2025 году», паведаміла абласная газета «Витебские вести».

Перад пачаткам імпрэзы і падпісаннем пагаднення з Рассупрацоўніцтвам работнікі віцебскіх бібліятэк і літаратары дзвюх краін усклалі кветкі да помніка Ўладзіміру Караткевічу. Такім чынам у Віцебску былі адзначаны 94-я ўгодкі пісьменніка, чыя творчасць прасякнута любоўю да Беларусі. Анонсаў пра мерапрыемствы з гэтай нагоды ў віцебскіх СМІ не было – шэраговых жыхароў горада не запрасілі далучыцца нават да ўскладання кветак на знак памяці і падзякі пісьменніку-земляку.

Тым не менш, гараджане падтрымліваюць гэтую традыцыю, і 26 лістапада да помніка былі ўскладзены кветкі не толькі ад афіцыйных дэлегацый, але і ад простых віцяблянаў.

На малой радзіме Уладзіміра Караткевіча, у Оршы, мясцовыя жыхары таксама прыходзілі з кветкамі да помніка пісьменніку ў гарадскім парку. Літаратурныя чытанні, якія штогод праходзяць 26 лістапада, арганізаваў Аршанскі гарадскі музей Уладзіміра Караткевіча. Але мясцовая газета таксама не размяшчала папярэдніх запрашэнняў і нават не палічыла вартым распавесці чытачам пра тое, што такая імпрэза ўвогуле была.

94-я ўгодкі – не «круглая дата», але ў Оршы, дзе ў 1930-м годзе нарадзіўся Уладзімір Караткевіч, яго дзень народзінаў на афіцыйным ўзроўні адзначалі штогод – і за савецкім часам, і падчас кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Сёлетняе ігнараванне выразна дэманструе абсалютна іншыя прыярытэты ў сферы культуры.

Максім Патапаў