У краязнаўчым музэі правялі бясплатную экскурсію і гістарычную лекцыю. Прысутныя азнаёміліся з экспазыцыямі аб старажытным Віцебску і скарбах, што былі знойдзеныя ў горадзе. Загадчык катэдры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Дулаў і галоўны спэцыяліст упраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Дзяніс Юрчак прачыталі лекцыю, прысьвечаную Магдэбурскаму праву і беларускім гарадам часоў Сярэднявечча. Музэйныя мерапрыемствы наведалі некалькі дзясяткаў чалавек.
А найбольшую колькасць удзельнікаў сабрала пешаходная экскурсія, якую праводзіў кандыдат гістарычных навук і вядомы краязнаўца Мікалай Півавар. Больш за 100 чалавек прайшлі разам зь ім па віцебскіх мясьцінах, гістарычна зьвязаных з Магдэбурскім правам. Не спалохала ўдзельнікаў нават халоднае надвор’е і дождж.
Сымбалічна, што экскурсія пачалася ля гарадзкой ратушы, у будынку якой цяпер разьмяшчаецца краязнаўчы музэй. Як вядома, ратуша – сымбаль гарадзкога самакіраваньня. Але, безумоўна, гэта ня тая ратуша, якую пабудавалі пасьля таго, як Віцебск атрымаў Магдэбурскае права.
Наступным пунктам экскурсіі стала Ўсьпенская горка, назву якой дала царква Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, разьмешчаная на высокім узгорку над Дзьвіной. За савецкім часам храм быў узарваны, адноўлены ён толькі нядаўна. Гэтая мясьціна таксама мае дачыненьне да гісторыі Магдэбурскага права. У 1623 годзе ў Віцебску выбухнула паўстаньне. Праваслаўныя месьцічы забілі полацкага ўніяцкага архіяпіскапа Язафата Кунцэвіча, а цела яго скінулі ў Дзьвіну менавіта ў гэтым месцы. Каралеўскія войскі здушылі паўстаньне, але за ўдзел у ім жыхароў гораду Віцебск быў пазбаўлены Магдэбурскага права. Прайшло больш за 20 гадоў, перш чым горад зноў атрымаў яго. Адбылося гэта ў 1644 годзе пры каралю Ўладзіславу IV. Гарадзкая ратуша, якую разабралі пасьля пазбаўленьня Віцебску Магдэбурскага права, была адбудаваная.
Закончылася экскурсія ля помніка вялікаму князю літоўскаму Альгерду, які пэўны час быў і віцебскім князем. За часамі Альгерда Віцебск стаў фарпостам на ўсходніх рубяжох Вялікага Княства Літоўскага. Горад абнеслі мураванымі ўмацаваньнямі, што адпавядала найноўшым тэндэнцыям тагачаснай Эўропы. У Верхнім замку быў пабудаваны княжацкі палац, а сам Верхні замак, а таксама і Ніжні, былі ўмацаваныя мураванымі сьценамі з абарончымі вежамі.
Экскурсавод Мікалай Півавар ня раз адзначаў, што Магдэбурскае права не гарантавала росквіту гораду і пасьпяховасьці гараджан, але стварала ўмовы “для разьвіцьця самакіраваньня, росту ўласнай годнасьці”.
У межах сьвяткаваньня гістарычнай даты ў Віцебску адбылася прэзэнтацыя праекту “Віцебская харугва”, а таксама сярэднявечная дыскатэка з удзелам гурту “Стары Ольса”.
Адзін з арганізатараў сёлетніх мерапрыемстваў, супрацоўнік музэю Ўладзімер Булаўскі адзначыў, што сьвяткаваньне гадавіны наданьня Віцебску Магдэбурскага права адбылося з ініцыятывы мясцовых жыхароў. Ініцыятыва атрымала шырокі розгалас, была асьветленая ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку дзяржаўных. Таму ёсьць надзея, што ў наступным годзе сьвяткаваньне 420-годзьдзя з дня атрыманьня Віцебскам Магдэбурскага права будзе праведзенае ўжо на афіцыйным узроўні.