Мяне цягнула да кніг як да наркотыкаў…
Уладзімер Антонавіч прыехаў у “Эўраклюб” ня толькі са сваім паэтычным зборнікам, але з цэлым стосам кніг іншых аўтараў у падарунак чытачам (Чаропка, Кіпель, Дайнека, Аколава ды іншыя). Прызнаўся, што пачаў раздаваць у добрыя рукі сваю ўласную бібліятэку, бо шмат чытаць самому ўжо не дазваляе зрок.
Паэт Уладзімер Папковіч прынёс у падарунак шмат кніжак
“Мяне цягнула да кніг як да наркотыкаў. Купляў і купляў. А так і не перачытаў усё. Складана стала з чытаньнем. Ну, можа, я не чытаю, таму што зрок ужо ня той, але ж моладзь зусім нічога не чытае – толькі ў цацкі свае гуляецца”, – зазначыў паэт, па-добраму ўсьміхаючыся.
“Вельмі не хапае размоваў зь Сімановічам”
Сёлета Уладзімеру Папковічу споўнілася 82 гады. Але сваёй энэргетыкай, пачуцьцём гумару і стаўленьнем да жыцьця паэт можа даць фору многім прадстаўнікам так званага пакаленьня-Z (асноўная прыкмета: у вушах навушнікі). Прызнаецца, што апошнім часам новымі (і ня толькі новымі) вершамі заўсёды дзеліцца са сваімі чытачамі ў Фэйсбуку.
Падчас прэзэнтацыі ў "Эўрапейскім клюбе"
“Галоўнае – першы радок напісаць. А потым ужо нешта пішацца. Атрымаеш, бывае, 10, 20, 30 “лайкаў” за верш – і ты ўжо задаволены, што цябе чытаюць”, – кажа пісьменьнік.
Падчас сустрэчы паэт чаргаваў чытаньне вершаў розных гадоў з расповедамі пра славутых сучасьнікаў, зь якімі яго зьвёў лёс, перамяжоўваў успамінамі пра сям’ю і шчырымі прызнаньнямі.
Расказаў, як хлопец з Дварца (вёска “паміж Вілейкай і Лагойскам”, дзе нарадзіўся паэт) патрапіў у Віцебск. Распавёў, якую ролю ў ягоным творчым лёсе адыгралі такія асобы, як Рыгор Барадулін (быў рэдактарам першай кнігі вершаў “На досьвітку”), перакладчык Васіль Сёмуха, паэт Анатоль Вярцінскі ды многія іншыя. Прызнаўся, што вельмі не хапае яму зараз шчырых размоваў з паэтам Давідам Сімановічам.
“Неяк жылі дружна раней, а зараз мы ўсе разваліліся. Можа, у мяне які дрэнны характар, але я адчуваю сябе адзінокім. Як памёр Давід, больш няма з кім пагаварыць шчыра ды паскардзіцца на жыцьцё... Я вельмі паважаў Сімановіча. А ён моцна мяне падтрымліваў”, – успамінае паэт.
“Мае колішнія вучні – ужо бабулі і дзядулі”
Уладзімер Папковіч чытаў вершы пра сваіх любімых дачок і пра маці. З асаблівай цеплынёй расказваў пра сваіх студэнтаў, якіх шмат разоў вазіў у Нямеччыну (“А яшчэ часьцей – на бульбу”, – жартаваў).
Зазначыў што яму прыемна, што ў Віцебску яго часьцей пазнаюць як выкладчыка і былога настаўніка, чым паэта.
“Ідзеш па горадзе, і з табой вітаюцца. А ты ня ведаеш, хто гэта. Неяк і няёмка. Але прыемна. Ну нехта ж ведае цябе… Я ж калі прыехаў у Віцебск у 1966 годзе, мне было крыху болей за 30 гадоў і я працаваў у СШ № 20. Дык мае колішнія вучні – цяпер ужо бабулі і дзядулі”, – распавядае пісьменьнік.
“Але страх гэты жыве ў душы…”
Што да назвы новага паэтычнага зборніка “На шалях лёсу”, то гэта цытата зь вершу: “На шалях лёсу – шлях і страх… Ня ведаю, што пераможа…” Чаму і адкуль гэты страх, які напрыканцы верша застаецца “на шалях” адзін, бо “згубіўся шлях за паваротам”?
Уладзімер Папковіч тлумачыць, што гэтая тэма для яго вельмі балючая. Расказвае, што ягоны бацька Антось, які за палякамі выконваў абавязкі мясцовага солтыса, быў пасьля вайны рэпрэсаваны і памёр у цягніку падчас этапаваньня.
“І мы дагэтуль ня ведаем ні дзе ён, ні што. Потым нам даслалі даведку, што рэабілітаваны… І вось тут хтось у мяне пра страх пытаўся. Вось гэты страх, што я сын арыштаванага солтыса, ён усё жыцьцё жыве ў мяне… Здавалася б, што цяпер ужо баяцца? Але страх гэты жыве ў душы…” – гаворыць Уладзімер Папковіч.
“Я нікога не вінавачу: быў такі лёс…”
“Я ведаю, тут была калісьці Тацяна Кляшторная, дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага. Яна такая ж была, зусім баялася слова прамовіць… Ну во так мы і жывем са страхам, ня ведаючы, чаго мы баімся. Гэты страх невылечны. Пісаць праўду? Думаеце, гэта проста?..” – кажа паэт.
“Але я нікога ня буду зараз вінаваціць. Ёсьць лёс. Быў такі лёс, значыцца”, – дадае Уладзімер Антонавіч.
Кожны ўдзельнік творчай сустрэчы атрымаў зборнік "На шалях лёсу" з аўтографам паэта
Падаецца ўсё ж, што новая кніга Уладзімера Папковіча якраз і ёсьць перамога над страхам. Бо ў ёй шмат сьвятла, надзеі і сілы. Чытаеш – і хочацца жыць. Дзякуем паэту!
Зьміцер Міраш, фота аўтара