У скарзе ўзгадваюцца канкрэтныя службовыя асобы, з боку якіх, паводле перакананьня скаржніка, дапушчаныя парушэньні беларускага заканадаўства. Такімі парушальнікамі спадар Смолікаў лічыць старшыню Віцебскага гарсавету Уладзімера Бялевіча, начальніка аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкаму Андрэя Макеева, дырэктара інстытуту “Віцебскграмадзянпраект” Натальлю Касабуку, дырэктара ДУКП “Упраўленьне капітальнага будаўніцтва гораду Віцебску” Міхаіла Мяшко ды іншых.
Аўтар скаргі цытуе пастанову Міністэрства культуры ад 20 сакавіка бягучага году №18 “Аб зацьвярджэньні праекту зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці – “Гістарычны цэнтар гораду Віцебску”. Пастанова недвухсэнсоўна забараняе на гістрычных тэрыторыях “узьвядзеньне будынкаў і збудаваньняў, акрамя рэканструкцыі паводле гістарыка-будаўнічых матэрыялаў у аб’ёмах страчаных гістарычных будынкаў”.
Абышліся без грамадзкага абмеркаваньня
Смолікаў таксама зьвяртае ўвагу пракурора на тое, што не было праведзена грамадзкага абмеркаваньня плянаў будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў. Адбылася толькі працэдура грамадзкага абмеркаваньня аб ацэнцы ўзьдзеяньня аб’екту на навакольнае асяродзьдзе. У заключнай справаздачы па выніках абмеркаваньня зацікаўлены бок сьцьвярджае, што “праектныя рашэньні ўлічваюць плянаваную структуру, якая склалася гістарычна”. Гэткае сьцьвярджэньне скаржнік лічыць наўпроставым падманам, бо на гэтай гістарычнай тэрыторыі “знаходзяцца падмуркі касьцёлу дамініканцаў (былой архітэктурнай дамінанты старога Віцебску) і трасіроўка старой вуліцы Замкавай, якія ў выніку незаконнага будаўніцтва будуць зьнішчаныя”.
Нягледзячы на відавочныя парушэньні, ў інвэстыцыйнай праграме гораду Віцебску на 2017 год заплянавана выдаткаваць на будаўніцтва Палацу шлюбаў 800 тысяч рублёў.
Паводле вынікаў праверкі інфармацыі, прыведзенай у скарзе, кіраўнік абласной арганізацыі БНФ просіць пракурора Віцебску вынесьці законнае рашэньне.
Нагадаем, што гарадзкія ўлады мяркуюць пачаць будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў ужо сёлета. Паводле праекту, ён мае паўстаць недалёка ад Дабравешчанскай царквы на беразе Дзьвіны.
С. Горкі