На думку старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ЛДПБ, апазіцыйных партый у Беларусі ўвогуле не павінна існаваць. Бо «партыі мусяць выбудоўваць канструктыўны дыялог з уладамі і грамадскімі аб’яднаннямі выразнай патрыятычнай накіраванасці», і тым самым працаваць «на Беларусь, на супакой і мір у нашай краіне». Таму Цеплякоў не сумняецца, што новы закон «паставіць заслон на шляху палітычных махляроў» і «мадэрнізуе палітычную сістэму».
У сутнасці такой «мадэрнізацыі» беларусы ўжо пераканаліся, калі на працягу двух апошніх гадоў была забаронена дзейнасць цэлага шэрагу грамадскіх структур – нават тых, якія не мелі аніякага дачынення да палітычнага жыцця ў Беларусі. А «палітычнымі махлярамі» Ігар Цеплякоў абразліва называе сваіх апанентаў, якія не падзяляюць меркаванне пра тое, што партыі павінны абслугоўваць уладу, бо ствараюцца з іншай мэтай – каб людзі маглі рэалізаваць сваё права на свабоду меркаванняў.
Кропку гледжання віцебскага лідара ЛДПБ на асаблівасці беларускага партыйнага будаўніцтва апублікавала гарадская газета «Витьбичи». Некалькі дзён таму гэтае выданне апублікавала меркаванне на тую ж тэму старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алега Раманава. Гэтая структура плануе трансфармавацца ў «Беларускую партыю «Белая Русь» і стаць самай шматлікай прадзяржаўнай палітычнай партыяй, бо суполкі «Белай Русі» ужо не адзін год цэнтралізавана ствараліся па загадзе кіраўніцтва ва ўсіх рэгіёнах і на ўсіх дзяржаўных прадпрыемствах.
Што да асобы Ігара Цеплякова, то ён ужо даўно вядомы ў Віцебску сваімі адыёзнымі выказваннямі. Прыкладам, ён выступаў за тое, каб суседнія еўрапейскія краіны перадалі ў Віцебск манументальная помнікі савецкага часу, якія там адпраўляюць на знос. І прапаноўваў праводзіць акцыі ў падтрымку пазіцыі Расеі ў вайне супраць Украіны.
Феліцыян Красоўскі