Аўторак, 26 Лістапад 2019

Urban Day: Віцебск заняў 5-е месца ў рэйтынгу беларускіх гарадоў, Ворша – 20-е

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Падчас дыскусіі на Urban Day у Віцебску Падчас дыскусіі на Urban Day у Віцебску

Новы «Рэйтынг беларускіх гарадоў» прэзэнтавалі 24 лістапада ў віцебскай арт-прасторы VZAP, дзе прайшла інтэрактыўная дыскусія «Віцебск – горад для жыцьця? Urban Day у Віцебску». Рэйтынг прэзэнтаваў дырэктар «Цэнтру новых ідэй» Антон Раднянкоў. Віцебск апынуўся на пятым месцы, Ворша – на 20-м...

Усяго «Рэйтынг беларускіх гарадоў», створаны «Цэнтрам новых ідэй«, уключае 23 беларускія гарады з насельніцтвам больш за 50 тысяч жыхароў. Наваполацак заняў у ім 7-е месца, Полацак – 14-е, а Ворша – 20-е месца. Пераможцам стаў Менск, за ім разьмясьціліся Горадня і Берасьце. Замыкае рэйтынг Сьветлагорск.

«Мы не імкнемся прысароміць найгоршыя гарады і пахваліць найлепшыя. «Цэнтар новых ідэй« хоча, хутчэй, павялічыць зацікаўленасьць грамадзтва рэгіянальнымі праблемамі і ўзмацніць экспэртную дыскусію», – гаворыцца ў дасьледаваньні.

Стваральнікі рэйтынгу ўлічвалі 20 паказьнікаў у 5-ці тэматычных напрамках: дэмаграфічная ўстойлівасьць, стан эканомікі, якасьць жыцьця, празрыстасьць кіраваньня, турыстычная прывабнасьць.

Усе дадзеныя браліся з афіцыйных крыніц (Белстат, Міністэрства фінансаў), праводзіўся таксама маніторынг сайтаў гарвыканкамаў ды іншых адкрытых крыніц.

Па «якасьці жыцьця» (улічваецца колькасьць дактароў, студэнтаў і ўзровень злачыннасьці) і «празрыстасьці кіраваньня» (бюджэтныя зьвесткі, публікацыі рашэньняў выканкамаў і г.д.) Віцебск заняў высокае 3-е месца. Некаторыя з прысутных на імпрэзе катэгарычна з гэтым не пагадзіліся.

Так, актывістка БХД Тацяна Севярынец распавяла пра недахоп ў нашым горадзе лекараў у гарадзкіх паліклініках, а таксама гісторыю пра тое, як доўга не магла дамагчыся ад мясцовых уладаў, каб ёй адкрылі інфармацыю пра інвэстыцыйны плян гораду.

Антон Раднянкоў паведаміў, што ў Бабруйску, які заняў перадапошняе месца, звольнілі нядаўна двух дыджэяў зь мясцовага радыё – толькі за тое, што яны мелі неасьцярожнасьць азнаёміць слухачоў з гэтым рэйтынгам. Гарадзкім уладам інфармацыя вельмі не спадабалася.

 «Як дапамагчы нашаму гораду»

Другая частка дыскусіі пад назвай «Як дапамагчы нашаму гораду» прайшла ў фармаце так званага «сусьветнага кафэ», калі за асобным сталом зьбіраюцца розныя людзі і абмяркоўваюць нейкую пэўную праблему. За трыма сталамі абмяркоўвалі тэмы «Як разьвіваць гарадзкія прасторы?», «Чаму экалёгія – гэта важна і што мы можам зрабіць?», «Як стаць актывістам і дапамагчы гораду?».

Мадэратарка першай тэмы архітэктар Таня Цярэшчанка прапанавала актывістам падумаць, што можна было б зьмяніць у віцебскім парку Тысячагодзьдзя, які разьмяшчаецца за лядовым палацам. Як зрабіць яго больш утульным і зручным для месьцічаў? Як наагул рацыянальна і крэатыўна выкарыстоўваць такую вялікую прастору?

Хтосьці прапаноўваў панасаджаць дрэваў, хтосьці – зрабіць парк атракцыёнаў, а хтось – пляцоўку для выгулу сабак. Дыскусія разгарэлася і наконт таго, як мясцовым уладам данесьці тую ці іншую ідэю.

Адзін з удзельнікаў выказаў здагадку, што ніякія ідэі ўлада ня будзе ажыцьцяўляць, бо «нашыя гарадзкія ўлады занадта карумпаваныя». «Калі ваш праект ня будзе прадугледжваць шматмільённых адкатаў, то яны і рабіць нічога не будуць», – выказаў меркаваньне ўдзельнік.

Паводле віцябляніна, так званы Палац шлюбаў, які зьбіраюцца будаваць у гістарычным цэнтры гораду, ёсьць не што іншае як карупцыйная схема па асвойваньні бюджэтных сродкаў.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.