Нягледзячы на запрашэньні пагарэльцаў, зьмешчаныя ў сацыяльных сетках, шырокай праявы сацыяльнай салідарнасьці гэтым разам не атрымалася. Дапамагчы ў разборцы каркасу згарэлага дому прыехалі ўсяго толькі два валянтэры зь Віцебску.
Уладзімер Рамановіч зьяўляецца ўладальнікам інтэрнэт-крамы Belarusam.by. Як паведамляецца на сайце крамы, тут можна набыць «тавары на беларускай мове»: сувэніры, вязанае адзеньне зь беларускім арнамэнтам, шапкі ды шалікі. У асартымэнце ёсьць таксама капэрты зь беларускімі арнамэнтамі і тавары для дзяцей – сшыткі, альбомы для маляваньня, магніты «Альфабэт» зь беларускімі літарамі.
Вестка пра начны пажар прыйшла да гаспадароў раніцай 19 лістапада. Званок зь міліцыі паведамляў пра тое, што дом “падгарэў”. Рэальнасьць, праўда, аказалася куды больш трагічнай, чым карэктнае паведамленьне: ад дому застаўся толькі абгарэлы каркас. Полымя і вымушаныя захады пажарных панішчылі плён пяцігадовай працы. Агонь не крануў толькі мэталёвы падмурак. Будаўніцтва дому нанова трэба пачынаць практычна з нуля. Гаспадар кажа, што на гэты раз плошчу дому давядзецца значна скараціць: дом цяпер будзе аднапавярховым. Да канца году ён мяркуе канчаткова расчысьціць пляцоўку, а да верасьня наступнага ўзьвесьці сьцены і дах. Не зьбіраюцца Рамановічы адмаўляцца і ад ідэі пабудовы экалягічнага дому.
Як кажа Уладзімер Рамановіч, праблема згарэлага дому ня ў тым, што ён быў пабудаваны з саломы, а ў тым, што падпал быў зьдзейсьнены наўмысна. І ў тым, што знутры сьцены не былі атынкаваныя. Што тычыцца бясьпекі, то яна нічым ня горшая за дамы, пабудаваныя зь іншых матэрыялаў. Так, напрыклад, зьнешняя тынкоўка зусім не пацярпела ад агню, а была зьнішчаная выключна вадой з пажарных брандспойтаў. Нават салома, бліжэйшая да тынковачнага слою, засталася непашкоджанай.
Даведка, атрыманая ад пажарных, утрымлівае дзьве вэрсіі здарэньня: або падпал, або неасьцярожнае абыходжаньне з агнём, то бок прычынай пажару стала крыніца, занесеная звонку.
«У гэткіх умовах мы будзем удзячныя любой людзкой дапамозе, бо калі я буду рабіць адзін, то гэта зойме значна больш часу. Найперш трэба расчысьціць пляцоўку ад рэшткаў згарэлага дому.
Калі ж нехта пагодзіцца ўзяць удзел у пабудове дому, то я мяркую, што гэта будзе карысным ня толькі для мяне, але і для тых, хто ў будучым захоча пабудаваць падобны экалягічны дом з саломы для сябе. Людзі апрабуюць тэхналёгію пабудовы, і для іх наступнае будаўніцтва ўжо ня будзе гэткім складаным. Пабудова дому з саломы – гэта найтаньнейшы варыянт з усіх магчымых для Беларусі, дзе людзі ў асноўнай сваёй масе ня маюць сродкаў, неабходных для будаўніцтва», – кажа Ўладзімер Рамановіч.
Узяць удзел у нядзельнай талацэ актыўна заклікала грамадзкая актывістка зь Віцебску Тацяна Севярынец. На яе заклікі адгукнуліся некалькі гараджанаў, але, на жаль, даехаць да Бешанковічаў здолеў, апроч спадарыні Тацяны, толькі віцябчук Алесь Марыч. Ён кажа, што з задавальненьнем скарыстаўся з магчымасьці дапамагчы «добраму чалавеку».
Нягледзячы на тое, што нядзельная талака была нешматлікай, зрабіць удалося нямала. За некалькі гадзінаў працы ад наступстваў пажару расчысьцілі амаль усю плошчу па пэрымэтры вакол дому і часткова знутры.
https://vitebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2579-beshankovichy-talaka-na-papyalishchy-magla-b-sabrats-bolsh-lyudzej#sigProId26815e4bee
С. Горкі